П’Е́ТРА ДА КАРТО́НА [Pietro da Cortona; сапр.Берэціні (Berrettini) П’етра; 1.11.1596, г. Картона, Італія — 16.5.1669],
італьянскі жывапісец і архітэктар эпохі барока. Зазнаў уплывы Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа. Вучыўся ў Картоне (1609—12) і Рыме (з 1612) у А.Камодзі. Працаваў пераважна ў Рыме, у 1637—47 у Фларэнцыі. У 1634—38 узначальваў акадэмію св. Лукі ў Рыме. У жывапісе шырока выкарыстоўваў ілюзіянізм перспектыўных пабудоў, святлопаветраную насычанасць каларыту. Сярод твораў фрэскі на віле Арыгоні ў Фраскаці (цяпер Муці; каля 1616), у царкве Сан-Бібіяна (1624—26), Палацца Матэі (да 1625), Палацца Барберыні (1636—39), Палацца Памфілі (1651—54, усе ў Рыме), у Палацца Піці ў Фларэнцыі (1637—47) і інш.Аўтар карцін «Трыумф Бахуса» (1624), «Св. Бернард» (1626), «Мадонна і чацвёра святых» (1628), «Выкраданне сабінянак» (1629) і інш. Пабудовы вызначаюцца тэатралізаваным дынамізмам, майстэрскім выкарыстаннем эфектаў натуральнага асвятлення: цэрквы Санты-Лука э Марціна (перабудова; 1635), Санта-Марыя ін Вія Лата (каля 1658), фасад царквы Санта-Марыя дэла Пачэ (1656—57) і 5-гранная плошча перад ёй у Рыме і інш.
П’етра да Картона. Фрэска «Залаты век» у Палацца Піці ў Фларэнцыі. 1637—47.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЬНЯ́К (сапр.Вогаў) Барыс Андрэевіч
(11.10.1894, г. Мажайск Маскоўскай вобл., Расія —21.4.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1920). Друкаваўся з 1915. У рамане «Голы год» (1921), аповесцях «Іван-ды-Мар’я» (1922), «Чырвонае дрэва» (апубл. за мяжой 1929, у Расіі 1989), зб. апавяданняў «Расплюханы час» (1927) і інш. паказ, часам натуралістычны, побыту рэв. эпохі. Алюзія на таемныя абставіны гібелі М.В.Фрунзе ў псіхал. «Аповесці непагашанай поўні» (апубл. за мяжой 1926, у Расіі 1987, экранізавана). Роздум пра лёс Расіі, яе гіст. шлях у «Аповесці пецярбургскай» (1922), аповесці «Маці-мачаха» («Трэцяя сталіца», 1923). Аўтар «вытворчага» рамана «Волга ўпадае ў Каспійскае мора» (1930), рамана «Саляны свіран» (нап. 1937, апубл. 1964), «Аповесці пра чорны хлеб» (1923), «Кітайскай аповесці» (1927), кніг нарысаў «Карані японскага сонца» (1927), «О’кэй» (1933) і інш. Проза П. адметная пошукамі новых форм: арнаментальны стыль, фрагментарна-мазаічная кампазіцыя, рытмічныя і сінтакс. паўторы і інш. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна. На бел. мову яго апавяданне «Наследнікі» пераклаў Я.Скрыган.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ЛЕ́ТАПІС,
адзін з першых гісторыка-літаратурных твораў, напісаных на бел. землях. Не збярогся, таму час узнікнення, аўтар, змест і характар дакладна не высветлены. Вядомы паводле нешматлікіх прамых і ўскосных звестак у розных пісьмовых крыніцах. На думку С.М.Салаўёва, У.Ц.Пашуты, Л.В.Аляксеева і інш. вучоных, асобныя ўрыўкі П.л. ёсць у Кіеўскім летапісе, які збярогся ў складзе Іпацьеўскага летапісу (звесткі пра полацкія падзеі 2-й пал. 12 ст.). Найб. значны і цікавы з іх — апавяданне, датаванае 1159 (фактычна 1158), пра вяртанне ў Полацк выгнанага палачанамі кн. Рагвалода Барысавіча, напісанае рукой відавочцы падзей жыва, з яркімі дэталямі, з выкарыстаннем простай мовы. Як сведчыць рас. гісторык В.М.Тацішчаў, у П.л., адным са спісаў якога ён карыстаўся пры напісанні «Гісторыі Расійскай», расказвалася пра полацкіх, віцебскіх, мінскіх і інш.зах.-рус. князёў. Відаць, летапіс быў прысвечаны гісторыі Полацкай зямлі 10—13 ст. Паводле меркаванняў некат. гісторыкаў (А.П.Сапуноў, М.М.Ціхаміраў), сапраўдным урыўкам з П.л. з’яўляецца і т.зв. аповесць пра Святохну, змешчаная пад 1216 у «Гісторыі Расійскай» Тацішчава (т. 3), хаця большасць даследчыкаў прызнае яе літаратурным творам 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАСЕ́НЯ (Віктар Сазонавіч) ( 14.8.1925, в. Пагост Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 3.6.2001),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). У 1960—69 гал. рэдактар маст.-экспертнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі, у 1973—77 старшыня праўлення Бел. саюза мастакоў і сакратар Саюза мастакоў СССР. Сярод твораў галерэя партрэтаў вядомых людзей Беларусі: Герояў Сац. Працы М.К.Макарэвіч (1960), А.М.Громава (1980), Герояў Сав. Саюза В.З.Харужай (1965), М.П.Шмырова (1978), Р.Н.Мачульскага (1979), М.А.Кедышкі (1984), В.А.Тумара (1985), доктара мед. навук Л.С.Вялічкі (1983), нар. мастакоў Беларусі С.І.Селіханава (1982), П.В.Масленікава (1988), Я.А.Зайцава (1994), В.А.Грамыкі (1995); групавы партрэт «Ветэраны» (1985), серыя з 39 партрэтаў «Знатныя людзі Рагачоўскага раёна» (1992), «Памяць сэрца. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны С.А.Кунцэвіч» (2000). Аўтар тэматычных кампазіцый «Віхуры варожыя» (1979), «Калгасныя даяркі» (1982), «Ліквідатары Чарнобыльскай аварыі» (1996); пейзажаў «Нёман» (1962), «Чэрвеньскія навальніцы» (1983), «Бярэзіна» (1984), «Над возерам» (1985), «Лясныя далі» (1992), «Перад навальніцай» (1998) і інш. Творы вылучаюцца дакладнасцю характарыстык, псіхал. напоўненасцю, духоўнай змястоўнасцю вобразаў, жывапісна-пластычнай гарманічнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Мікалай Васілевіч) (3.7.1890, г. Екацярынбург, Расія — 29.9.1964),
расійскі рэжысёр, педагог. Нар.арт. Расіі (1945). Д-р мастацтвазнаўства. Вучыўся ў рэжысёрскім класе Маскоўскага маст.т-ра (1908—10, кіраўнік У.Неміровіч-Данчанка). Працаваў у Александрыйскім т-ры (з 1920 Петраградскі т-р драмы, з 1928 яго дырэктар і маст. кіраўнік), з 1933 маст. кіраўнік Харкаўскага т-рарус. драмы. З 1939 у Маскве, гал. рэжысёр т-ра транспарту, з 1948 рэжысёр т-ра сатыры (да 1953 гал. рэжысёр), з 1956 т-ра імя А.Пушкіна. Адначасова з 1910 выкладчык, у т. л. ва Усесаюзным ін-це тэатр. мастацтва (з 1946 праф.). Сярод лепшых пастановак: «Штыль» У.Біль-Белацаркоўскага (1927), «Лютасць» Ю.Яноўскага (1930), «Страх» (1931) і «Машачка» (1941) А.Афінагенава, «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1934), «З кожным можа здарыцца» (1940) і «Вялікая сіла» (1948) Б.Рамашова (апошні з К.Зубавым, Малы т-р), «Хаціна дзядзькі Тома» паводле Г.Бічэр-Стоу (1948), «Лазня» У.Маякоўскага (1953, з В.Плучакам і С.Юткевічам), «Гулец» паводле Ф.Дастаеўскага (1956) і інш.Аўтар кніг па рэжысуры, у т. л. «Рэжысёр у тэатры» (1961), «Шляхі да творчасці» (1963). Дзярж. прэмія СССР 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКІ (Ян) (н. 20.1.1905, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел.рэліг. дзеяч, выдавец, літаратар, мовазнавец. Скончыў гімназію ў Вільні, служыў у польскім войску. Скончыў Тэалагічную школу метадыстаў у Клярысаве (1930). Быў пастарам у Варшаве, у Дзярэчыне (цяпер Зэльвенскі р-н). З 1936 пастар у Варшаве, адначасова сакратар Польскай гадавой канферэнцыі метадыстаў. З сак. 1941 пастар у Германіі, дзе быў арыштаваны гестапа. Прапаведнік метадысцкай царквы з 1945 у Аўстрыі, з 1953 у ЗША. У 1962—66 выдаваў рэліг.час. «Сьветач хрыстовае навукі». Выдаў у перакладзе на бел. мову 6 кніг дыялогаў стараж.-грэч. філосафа Платона (1966—81), кнігу ням. філосафа В.Гумбальта «Унутраная форма мовы» (1989). Складальнік і выдавец «Класічнага грэцка-беларускага слоўніка» (кн. 1—2, 1983—85), а таксама англа-бел. і бел.-англ. слоўнікаў (1993), якія ўключаюць больш за 10 тыс. слоў. У 1977 стварыў у ЗША Бел. харытатыўна-адукац. фонд з мэтай спрыяння развіццю бел. мовы і культуры і пашырэння ў краінах Захаду ведаў пра Беларусь. Аўтар успамінаў (т. 1—3, 1988—97), якія з’яўляюцца важнай крыніцай па гісторыі Зах. Беларусі і бел. дыяспары.
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы. Мартыралогія. Успаміны. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ВІЧ (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 28.3.1938, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.хар. дырыжор, фалькларыст, педагог. Скончыў Бел. кансерваторыю (1964). З 1964 дырыжор-хормайстар, з 1970 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы. З 1982 выкладаў у Мінскім пед. ін-це, у 1988—92 — Пінскім пед. вучылішчы. У 1987—88 і 1992—98 працаваў у н.-д. лабараторыі бел. фальклору і дыялекталогіі БДУ. Стваральнік і кіраўнік прафес. мужчынскага вак. актэта (з 1998), самадз.хар. калектываў, у т. л.Нар.хар. капэлы і хору хлопчыкаў Мінскага трактарнага з-да, Нар.хар. капэлы БДУ. З 1957 збірае бел.нар. песні (больш за 3 тыс.). Аўтар Боскай літургіі св. Іаана Златавуста для салістаў і мяшанага хору, больш за 200 апрацовак і пералажэнняў нар. і аўтарскіх твораў для аднароднага і мяшанага хароў; зборнікаў бел. песеннага фальклору, у т. л. «Беларускія абрадавыя песні» (1985), «Вянок беларускіх народных песень» (1988), укладальнік муз. часткі зб. «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры: Гомел. вобл.» (1989).
Тв.:
Песні і строі Піншчыны. Мн., 1994 (разам з В.Ліцвінкам, М.Гаманюком;
Песенны фальклор Палесся: У 3 т. Т. 1. Песні святочнага календара. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЕ́УСКІ (Уладзімір Федасеевіч) (8.4.1795, с. Хварасцянка Чарамісінаўскага р-на Курскай вобл., Расія — 20.7.1872),
рускі паэт, публіцыст; дзекабрыст. Адукацыю атрымаў у Маскоўскім універсітэцкім пансіёне, у 2-м кадэцкім корпусе ў Пецярбургу. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў рус. арміі. Чл. «Саюза дабрабыту», кіраўнік яго кішынёўскай групы. У 1822 арыштаваны, зняволены ў Ціраспальскай крэпасці. З 1827 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Першыя вершы напісаў у гады вайны 1812. Значнае месца ў творах займае грамадз. тэма (пасланні «Голас праўды», 1814?; «Шлях да шчасця», 1819; «Пасланне Г.С.Баценькаву», сатыры «Смяюся і плачу», «Сатыра на норавы», усе 1816—22; «Элегія I», «Элегія II», 2-я пал. 1810-х г.). Пісаў артыкулы-адозвы, у якіх асуджаў прыгоннае права («Пра рабства сялян...», 1820; «Пра салдата», 1822). У зняволенні напісаў вершы «Спявак ў цямніцы» і «Да сяброў у Кішынёў» (абодва 1822, распаўсюджваліся ў спісах), у якіх звяртаўся да А.Пушкіна (пасябраваў з ім у Кішынёве). Пушкін адрасаваў некалькі пасланняў Р. Аўтар успамінаў.
Тв.:
Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1967.
Літ.:
Колесников А.Г. В.Ф.Раевский: полит. и лит. деятельность. Ростов н/Д, 1977;
В.Ф.Раевский: Материалы о жизни и рев. деятельности. Т. 1—2. Иркутск, 1980—83.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ (Роберт Іванавіч) (20.6.1932, с. Касіха Троіцкага р-на Алтайскага краю, Расія — 20.8.1994),
рускі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1956). Друкаваўся з 1950. Першая кніга — «Сцягі вясны» (1955). У паэт. зб-ках «Выпрабаванне» (1956), «Равесніку» (1962), «Радыус дзеяння» (1965), «Сын Веры» (1966), «Усур’ёз» (1970), «Радар сэрца» (1971), «Голас горада» (1977), «Гэты час» (1983), «Узрост» (1988) і інш. тэма вернасці загінуўшым у Вял.Айч. вайну, роздум над сэнсам жыцця, лірыка кахання. Паэма «Рэквіем» (1961, музыка Дз.Кабалеўскага) прысвечана памяці тых, хто загінуў у Вял.Айч. вайну. «Ліст у трыццатае стагоддзе» (1963) — своеасаблівая размова з нашчадкамі. Аўтар «Паэмы пра розныя пункты погляду» (1967), паэмы «Чаканне» (1982), кн. падарожных публіцыст. нарысаў «І не заканчваецца зямля...» (1971) і інш. За кнігу «Голас горада» і паэму «210 крокаў» (1978). Дзярж. прэмія СССР 1979. Многія яго вершы пакладзены на музыку. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі Г.Бураўкін, І.Калеснік, В.Макарэвіч, М.Танк, В.Шыханцоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАІ́НЧЫК (Васіль Пятровіч) (н. 7.3.1950, в. Чарапы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. кампазітар, піяніст. Засл. арт. Беларусі (1982). Нар.арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. кансерваторыю па кл.фп. (1974, кл. В.Шацкага) і кампазіцыі (1981, кл. Я.Глебава). З 2000 праф.Бел. ун-та культуры. З 1974 маст. кіраўнік вак.-інстр. ансамбля «Верасы», адначасова з 1998 маст. кіраўнік дзіцячага ансамбля «Верасяты»; з 1997 муз., з 2000 маст. кіраўнік маладзёжнага т-ра эстрады пры Бел. ун-це культуры. Выканаўца і аўтар шматлікіх твораў на фп., электронных муз. інструментах. Стварыў шэраг стылявых інтэрпрэтацый, аранжыровак, электронных кампазіцый, якія вызначаюцца яркім меладыйным малюнкам, свежымі тэмбравымі фарбамі, неардынарнасцю структуры. Піша музыку для сімф. аркестра, эстрады, камерна-інстр. творы, песні. Сярод твораў: балет «Крылы над Расіяй» (паст. 1987); араторыя «Хлапчыш-Кібальчыш» (сл. У.Някляева, 1984); арк. музыка — для сімф.арк. «Сімфанічныя варыяцыі» (1980), для эстр.арк. «Варыяцыі», «Балеро», «Карнавал» (усе 1984); п’есы для электронных інструментаў «Назад да зорак» (1985), «Жыццё артыста» (1986); музыка да спектакля «Голы кароль» (1993); песні, у т. л. «Зорка кахання», «Горад юнацтва», «Так не бывае». Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.