НАСО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (7.10.1788, в. Гразівец Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 6.8.1877),
бел. мовазнавец-лексікограф, фалькларыст, этнограф. Скончыў магілёўскія гімназію і духоўную семінарыю (1812). З 1812 выкладчык, інспектар Аршанскага, рэктар Мсціслаўскага духоўных вучылішчаў, з 1822 заг., наглядчык, выкладчык Дынабургскай гімназіі, Маладзечанскага, Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў. З 1843 у адстаўцы, жыў і займаўся навук. працай у г. Мсціслаў. Шмат падарожнічаў па Беларусі. Супрацоўнічаў з Аддзяленнем рус. мовы і славеснасці Пецярбургскай АН, Археаграфічнай камісіяй, Аддзяленнем этнаграфіі Рус.геагр.т-ва. Па іх прапанове склаў першы гіст. слоўнік бел. мовы «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі», дзе растлумачыў каля 13 тыс. слоў і паняццяў (Увараўская прэмія 1865; рукапіс завершаны ў 1867, захоўваецца ў Нац. б-цы ў Пецярбургу). Асн. месца ў яго навук. спадчыне займае тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы» (1870, Дзямідаўская прэмія 1865), у які ўключана больш за 30 тыс. слоў запісаных у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губ., выбраных з вуснай нар. творчасці, старабел. пісьмовых крыніц. У 1881 выдадзены «Дадатак да беларускага слоўніка І.І.Насовіча» (каля 1 тыс. новых слоў). Аўтар фалькл.-этнагр. прац: «Зборнік беларускіх прыказак» (1867, залаты медаль Рус.геагр.т-ва), у які ўключыў і растлумачыў эквівалентамі з інш. моў, пракаменціраваў каля 3500 прыказак, прымавак, прыгаворак і інш. блізкіх да іх паняццяў, «Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1852), «Беларускія прыказкі і загадкі» (1868), «Беларускія песні» (1873, больш за 350 тэкстаў), зборнік «Легенды, паданні, быліны, байкі, анекдоты» (рукапіс не выяўлены) і інш. У гіст.-лінгвістычным даследаванні «Аб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю» даводзіў, што назва плямён «дрыгавічы», «радзімічы», «крывічы» і інш. паходзяць ад бел.нар. слоў. Аўтар гісторыка-мемуарнай працы «Успаміны майго жыцця» (рукапіс у б-цы Рас.АН у Пецярбургу), артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў. Пераклаў з лац. мовы 3-томную працу А.Тэйнера «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя зямель Беларусі з 1217 да 1696.
Тв.:
Слоўнік беларускай мовы. Мн., 1983 (Факс. выд.).
Літ.:
Гуліцкі М.Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі (XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1978.