СМО́ЛІЧ Аркадзь Антонавіч (17.9.1891, в. Бацэвічы Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 17.6.1938),
дзеяч бел. нац.-дзярж. адраджэння, вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, картаграфіі, геаграфіі. Праф. (1927). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1905), Новаалександрыйскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах (Польшча, 1916), вучыўся ў Кіеўскім політэхн. ін-це. З 1910 чл. Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Актыўны ўдзельнік клуба «Беларуская хатка» ў Мінску. На канферэнцыі БСГ у чэрв. 1917 увайшоў у склад яе часовага ЦК, быў рэдактарам газ. «Грамада». Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), нар. сакратар асветы ў 1-м яе ўрадзе. Пасля распаду БСГ разам з інш.бел. дзеячамі ў крас. 1918 арганізаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, аўтар праекта яе праграмы, адзін з тэарэтыкаў бел. сацыял-дэмакратыі. У час паўторнага наступлення палякаў на Беларусь (вер. 1920) пераехаў у Вільню, удзельнічаў у стварэнні Таварыства беларускай школы і быў яго першым старшынёй. У жн. 1922 урад Сав. Беларусі дазволіў С. вярнуцца ў Мінск і прызначыў яго заг. планава-эканам. аддзела Наркамата земляробства БССР. Адначасова з 1923 дацэнт, праф. і заг. кафедры ў БДУ і Інбелкульце (з 1925 нам. яго старшыні, кіраўнік с.-г. секцыі і камісіі па раянаванні БССР). У 1924 пад яго кіраўніцтвам створаны час. «Плуг» і Цэнтр. бюро краязнаўства. У 1928 абраны правадз. членам Рус.геагр.т-ва, узнагароджаны (1930) яго Малым залатым медалём за навук. працы «Размяшчэнне насельніцтва па тэрыторыі БССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг.: Папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі» (абедзве 1929). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Геаграфія Беларусі» (1919; 4-е выд., 1993), які адкрываўся эпіграфам «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў». С. зрабіў уклад у пераўтварэнне Інбелкульта ў Акадэмію навук Беларусі, быў адным з аўтараў яе першага статута. 26.6.1930 арыштаваны ДПУ па справе т.зв. Саюза вызвалення Беларусі. Паводле пастановы калегіі АДПУСССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Аса Пермскай, потым — у г. Ішым Цюменскай абл. (Расія). У жн. 1935 вызвалены, але 17.6.1937 зноў арыштаваны і 10.6.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы Вярх. судом БССР 10.6.1988, па 2-м прэзідыумам Цюменскага абл. суда 9.2.1957.