НАЦЫЯЛЕ́КТ [ад нацыя + (дыя)лект],
сукупнасць фармальных і семантычных уласцівасцей пэўнай нацыянальнай мовы, калі яна шырока выкарыстоўваецца іншым этнасам у якасці сваёй другой мовы або мовы міжнац. зносін. Напр., рус. мова (нацыялект) армян, літоўцаў, таджыкаў, украінцаў і г.д. У шырокім сэнсе Н. — рэалізацыя пэўнай мовы ў маўленчай практыцы іншага этнасу. Н. — адзін з відаў суцэльнага вар’іравання мовы (параўн.: дыялект — вар’іраванне тэрытарыяльнае, сацыялект — вар’іраванне сацыяльнае, ідыялект — вар’іраванне індывідуальнае, хроналект — вар’іраванне ў часе, Н. — вар’іраванне іншанацыянальнае, іншаэтнічнае). Н. ўласцівы пэўныя ўстойлівыя рысы, што ўзнікаюць у мове пад уплывам іншай ці роднай мовы. Напр., рус. Н. беларусаў уласцівы ўстойлівыя інтэрферэнцыйныя рысы: цвёрдае «р» (гаварыт — «гаворыць», румка — «келішак»), фрыкатыўнае «γ» (ноγи — «ноги», γолос — «голас»), сібілянты «с’» і «з’» (з’има, с’ерый), пропуск «й» (полны — «поўны», велики — «вялікі»), канструкцыі «мой собачка» (рус. «моя собачка»), «более-менее» (рус. «более или менее», бел. «больш-менш»), «жениться с кем» (рус. «жениться на ком», бел. «ажаніцца з кім»), адсутнасць моцнай колькаснай рэдукцыі галосных ([малако], рус. [мьлʌ-ко]) і інш.
Літ.:
Михневич А.Е. О языковом и лингвистическом статусе «нациолекта» // Вариативность как свойство языковой системы: Тез. докл. М., 1982. Ч. 1.
А.Я.Міхневіч.
т. 11, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА (лац. norma правіла, узор),
межы, у якіх прадметы, з’явы, прыродныя і грамадскія сістэмы, віды чалавечай дзейнасці і зносін захоўваюць свае якасці, функцыі, формы ўзнаўлення. Адлюстроўвае тое, што існуе або павінна існаваць. Канкрэтызуецца ў правілах, узорах, загадах: устаноўленая мера чаго-н. (нормы працы, норма промыслу і інш.) або сярэдняя велічыня сукупнасці выпадковых падзей, з’яў (норма рэакцыі, Н. прыбытку і інш.); загад, устаноўлены парадак, прынцып, агульнае правіла, узор (нормы сацыяльныя, Н. літ. мовы і інш.); форма рэгуляцыі паводзін у сац. (норма права, нормы маральныя), біял., тэхн. і інш. сістэмах. Вылучаюць неразвітыя Н. (імператыў не вызначаны), «мёртванароджаныя» (імператывы не маюць дастатковых сац., культурных і інш. падстаў), Н.-фікцыі (умоў для дзеяння Н. ўжо няма, аднак яна яшчэ нясе знакавыя нагрузкі), Н.-фантомы (забаронена, аднак яшчэ дзейнічае) і інш. З развіццём грамадства праблематыка Н. мяняецца. У індустр. і постіндустр. грамадствах ускладняюцца Н., якія рэгулююць прыродныя і тэхн. сістэмы. Н. сацыяльныя ўсё больш становяцца прынцыпам арганізацыі ўзаемаадносін паміж людзьмі і менш за ўсё ўзорам, формай. У сучасным грамадстве Н. — сацыякультурныя праграмы, якія павінны адпавядаць узроўню развіцця тэхнікі, тэхналогій, а таксама стану прыроды.
т. 11, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА МО́ЎНАЯ,
сукупнасць варыянтаў моўных адзінак, якія прызнаюцца грамадствам найлепшымі для здзяйснення маўленчай камунікацыі. Выяўляецца на ўсіх узроўнях і ва ўсіх аспектах функцыянавання моўнай сістэмы: у фанетыцы (вымаўленне, інтанацыя), марфалогіі (словаўтварэнне і словазмяненне), лексіцы і фразеалогіі (выбар і ўжыванне слоў і іх эквівалентаў), сінтаксісе (спалучэнне слоў, пабудова сказа, парадак слоў), стылістыцы, арфаграфіі (пісьмо). Н.м. — вядучая адметная рыса літаратурнай мовы як сістэмы уніфікаваных і стабільных моўных сродкаў і правіл іх ужывання. Адначасова яна з’яўляецца сістэмна-структурнай і сацыялінгвістычнай катэгорыяй. Яе захаванне або парушэнне добра ўсведамляецца большасцю адукаваных людзей і адлюстроўваецца ў метамоўных ацэнках накшталт «правільна — няправільна», «дарэчна — недарэчна», «прыгожа — непрыгожа» і г.д. Н.м. кадыфікуюцца ў граматыках і слоўніках. Мае гістарычна зменлівы характар. Выступае істотным паказчыкам культуры мовы асобы і культуры грамадства ў цэлым. Унармаванне нацыянальнай мовы — адна з гал. задач мовазнаўства, моўнай педагогікі, творчай дзейнасці пісьменнікаў, журналістаў, прамоўцаў і інш.
Літ.:
Семенюк Н.Н. Норма // Общее языкознание. М., 1970;
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987;
Лепешаў І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн.. 1989.
А.Я.Міхневіч.
т. 11, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1820—23,
нацыянальна-вызв. (супраць акупацыі краіны англ. войскамі) і антыабсалютысцкая рэвалюцыя ў Партугаліі. Пачалася пад уплывам Ісп. рэвалюцыі 1820—23 з паўстання артыл. палка ў г.Порту 24.8.1820 пад заклікам увядзення канстытуцыйнага ладу. Пасля падтрымкі паўстання гарнізонам Лісабона 15.9.1820 скінуты ўрад, 27 вер. створана жунта (часовы ўрад). Яна забараніла галоўнакамандуючаму англ. акупацыйнымі войскамі У.Берэсфарду (прыбыў з англ. эскадрай з Бразіліі, дзе атрымаў паўнамоцтвы ад партуг. караля Жуана VI) высадзіцца ў Партугаліі і запатрабавала, каб кароль вярнуўся ў Лісабон. У студз. 1821 скліканыя жунтай агульнапартуг. картэсы прынялі праект ліберальнай канстытуцыі (набыла сілу 23.9.1822), якая абвясціла Партугалію канстытуцыйнай манархіяй, абвясціла свабоду ўсіх партугальцаў і іх роўнасць перад законам, ідэю суверэннасці партуг. нацыі, скасаванне інквізіцыі і інш. Канстытуцыю прызнаў Жуан VI, які ў ліп. 1821 вярнуўся ў Партугалію. У пач. 1823 незадаволеныя «прыгнётам лібералізму» абсалютысты на чале з сынам караля Мігелам развязалі Мігелісцкія войны 1823—34. У гэтых умовах Жуан VI адмяніў канстытуцыю, а картэсы 30.5.1823 самараспусціліся. П.р. 1820—23 паклала пачатак перыяду працяглай барацьбы за ліберальныя рэформы ў краіне.
т. 12, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФІ́РЫЙ (Porphyrios; каля 233—304),
грэчаскі філосаф, прадстаўнік неаплатанізму. Кіраваў філас. школай у Рыме. Вучань і аўтар жыццяпісу Плаціна, выдавец яго твораў, складальнік каментарыяў да многіх твораў Платона і Арыстоцеля. Аўтар прац у галіне рыторыкі, граматыкі, астраноміі, матэматыкі, логікі. Яго твор «Супраць хрысціян» — адзін з ранніх прыкладаў біблейскай крытыкі. Уласныя філас. погляды выклаў у кн. «Подступы да спасціжэння розумам», у трактаце «Устрыманне ад жывёльнай ежы». Іх аснову складаюць разважанні наконт ратавання і ачышчэння душы, вяртання да розуму (нусу) і прыпадабнення да бажаства праз «гносіс» — веды. Лічыў, што пазнанне Бога азначае самапазнанне. Раскрыццё чалавекам уласнай сутнасці, узыходжанне да ведаў аб сваёй асобе пачынаецца ад любові да самога сябе. Стваральнай, творчай функцыяй ён надзяляў душу, а не розум. Лічыў, што душа ў структуры чалавечага быцця займае месца паміж Богам і целам, яна характарызуецца свабодай і выбарам шляху, а таксама пэўнай няўстойлівасцю, таму што душа цягнецца да вышэйшага, але можа апускацца і да ніжэйшага. Філас. погляды П. паўплывалі на развіццё пазнейшага неаплатанізму, а працы сталі адной з крыніц ведаў аб філасофіі антычнасці.
В.І.Боўш.
т. 12, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІЯНА́РНАСЦЬ (ад грэч. passio пачуццё, пакута),
неадольная цяга людзей да ажыццяўлення сваіх ідэалаў. З’ява П. ўведзена Л.М.Гумілёвым. Паводле Гумілёва, П. ляжыць у аснове ўсякіх дзеянняў, якія пакідаюць след у гісторыі. Яна фарміруецца ў выніку моцных усплёскаў біяхім. энергіі космасу, адкрытай і апісанай У.І.Вярнадскім, і канцэнтруецца ў параўнальна невялікіх абласцях зямной паверхні. На падставе гэтай ідэі Гумілёў стварыў пасіянарную тэорыю этнагенезу, у цэнтры якой уяўленне пра этнас як біясферны, несац. феномен чалавечых паводзін. Пасіянарныя «штуршкі» нараджаюць павышаную сац. актыўнасць, якая ў пэўных гісторыка-геагр. умовах садзейнічае ўтварэнню новых этнасаў і этнічных сістэм (суперэтнасаў). Энергія П. забяспечвае стварэнне і існаванне ў біясферы Зямлі ўсёй разнастайнасці этнічных сістэм — прыродных калектываў людзей з агульнымі стэрэатыпамі паводзін, на які накладвае адбітак геагр. асяроддзе, культ. традыцыя і этнічнае акружэнне.
Літ.:
Гумилев Л.Н. Этногенез и биосфера Земли. 2 изд. Л., 1989;
Яго ж. География этноса в исторический период. Л., 1990;
Яго ж. От Руси к России: Очерки этнич. истории. М., 1992;
Яго ж. Из истории Евразии. М., 1993;
Чижевский АЛ. Земное эхо солнечных бурь. 2 изд. М., 1976.
т. 12, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТАМО́ЎЕ,
1) вусна-размоўныя словы, выразы, іх варыянты і формы, якія выкарыстоўваюцца ў літаратурнай мове як стылістычны сродак зніжанай, грубаватай характарыстыкі прадметаў, вобразаў, з’яў. Напр., «абармот», «выскаляцца», «перціся на ражон», «раней яна прыгажэй была» і інш. 2) Разнавіднасць нацыянальнай мовы, якой уласцівы вусна-размоўныя словы, выразы, формы і якой карыстаюцца як сродкам непасрэдных вусных моўных зносін.
Для П. характэрны: неафіцыйнасць моўных зносін, экспромтнасць, адсутнасць папярэдняга абдумвання тэмы размовы і адбору адпаведных моўных сродкаў, першаснасць вуснай формы рэалізацыі мовы. П. ў якасці стыліст. сродкаў жартаўлівага, гумарыст., іранічнага, сатыр. адлюстравання рэчаіснасці ўваходзіць у склад літ. мовы, можа выкарыстоўвацца пры пэўных абставінах усімі яе носьбітамі і ўтварае разрад літ. П. (напр., «абібок», «канючыць»). Словы і выразы, што адрозніваюцца ад літ. адпаведнікаў націскам, асобнымі гукамі, форма- і словаўтваральнымі сродкамі, як ненарматыўны моўны элемент служаць сродкам стварэння эфекту зніжанасці маўлення, стылізацыі і ўтвараюць разрад пазаліт. П. (напр., «магазін», «іграць на піяніне»).
Літ.:
Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;
Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983.
В.П.Красней.
т. 13, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Альбрыхт Станіслаў) (1.7.1593, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 12.11.1656),
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік, гісторык. У 1598—1605 вучыўся ў Віленскай акадэміі, пасля ў Вюрцбургу, з 1609 у Лёвене. Да 1616 падарожнічаў (Нідэрланды, Францыя, Італія, Швейцарыя). Пасол на соймы 1613 і 1619, дзе прызначаны падканцлерам ВКЛ, на сойме 1623 — канцлерам ВКЛ. Староста віленскі, пінскі, аканом кобрынскі. Заснаваў Пінскі езуіцкі калегіум. Аўтар і перакладчык каталіцкіх рэліг. твораў. На лац. мове напісаў «Кароткі выклад падзей у Польскім каралеўстве ў час панавання Жыгімонта III, Уладзіслава IV і Яна Казіміра» (часткова апублікаваны ў польскім перакладзе Э.Катлубаем у 1848) і падрабязны «Дзённік» за 1632—56 — каштоўную крыніцу па ўнутр. і знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай (апублікаваны ў польскім перакладзе Э.Рачынскім у 1839). На бел. мову фрагменты з яго «Дыярыуша» пераклаў У.Свяжынскі.
Тв.:
Memoriale rerum gestarum in Polonia, 1632—1656. T. 1—5. Wrocław etc., 1968—75;
Пол. пер. — Pamiętnik o dziejach w Polsce. T. 1—3. Warszawa, 1980;
Бел. пер. — Дыярыюш аб падзеях у Польшчы // Спадчына. 1995. № 6;
1996. № 1—3.
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА ТВО́РЧАСЦІ,
неад’емнае права чалавека і грамадзяніна на навуковую, тэхнічную, літаратурна-мастацкую і інш. віды творчасці, а таксама свабоду выкладання. Пачала замацоўвацца ў канстытуцыях розных краін адносна нядаўна. У Рэспубліцы Беларусь гарантуецца п. 2 арт. 51 Канстытуцыі. С.т. азначае магчымасць свабодна займацца рознымі відамі творчасці, выяўляць і рэалізоўваць свае здольнасці і веды, а таксама вольна прымаць рашэнні пра абнародаванне, укараненне і выкарыстанне вынікаў творчай дзейнасці. Канстытуцыйныя гарантыі рэалізацыі С.т. прадугледжваюць не толькі прадастаўленне свабоды займацца пэўным відам творчасці (магчымасць праводзіць навук. даследаванні, рабіць адкрыцці і вынаходствы, ствараць духоўныя каштоўнасці), але і абавязваюць дзяржаву забяспечваць яе рэалізацыю: устанаўленне прававых асноў ажыццяўлення творчай дзейнасці, стварэнне ўмоў для назапашвання ведаў і іх пашырэння, ахова інтэлектуальнай і маст. уласнасці, матэрыяльная падтрымка творчых грамадскіх аб’яднанняў, суд. абарона права на С.т. С.т. мае ўсеагульны характар: яна належыць не толькі асобам творчых прафесій, але і ўсім грамадзянам. Паводле гэтага права грамадзяне могуць патрабаваць ад дзяржавы і грамадскіх арг-цый устаранення любых перашкод, якія замінаюць іх творчай працы. Важнай гарантыяй С.т. з’яўляецца абарона дзяржавай правоў аўтараў, вынаходнікаў і рацыяналізатараў (гл. Аўтарскае права, Вынаходніцкае права).
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫ́НЫ,
княжацкі род герба «Агінец» у ВКЛ, Польшчы, Рас. імперыі. Паходзяць ад Рурыкавічаў, з 16 ст. выводзілі сябе ад чарнігаўскіх князёў, уладальнікаў Казельска каля Калугі, аднак дакументальна гэта не пацвярджаецца. Родапачынальнік Васіль Глушонак выслужыў у вял. князя ВКЛ Казіміра землі на Смаленшчыне, у пач. 1480-х г. перайшоў да вял. князя маскоўскага Івана III. Яго нашчадкі засталіся ў ВКЛ. Найб. вядомыя: Алехна Васілевіч (мянушка Глазына; ?—1500?). У 1450-х г. вызначыўся ў вайне з чэшскім правіцелем Іржы Подзебрадам. Акольнічы смаленскі ў 1486—1500, намеснік лучынскі ў 1494—1500. Іван Васілевіч (мянушкі Глазыніч, Пузынін). У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—94 перайшоў да Івана III. Яго сыны Міхаіл, Дзмітрый, Іван, Леў, Андрэй, Юрый засталіся ў ВКЛ. Дзмітрый Іванавіч (мянушка Глушонак; ?—1510?). Ад яго сына Багдана пайшоў род Агінскіх. Багдан Цімафеевіч (?—1571), унук Івана Іванавіча. Маршалак гаспадарскі з 1567. Аляксандр (у манастве Афанасій; ?—1650), сын Юрыя. Паборца валынскі ў 1613, пасол на сеймы 1616, 1618, 1632. Змагаўся супраць увядзення уніяцтва. У 1632 абраны праваслаўным епіскапам луцкім і астрожскім, з 1633 архімандрыт жыдычаўскі. Геранім (?—1657), сын Яна. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на сеймы. У 1640—50-я г. адзін з найб. актыўных абаронцаў кальвінізму ў ВКЛ. Андрэй (?—1701), сын Гераніма. Староста упіцкі, кашталян мінскі з 1697. Міхал (?—1723), сын Андрэя. Рэгент меншай канцылярыі ў ВКЛ у 1699—1717, харунжы надворны ў 1712—17, пісар вялікі ВКЛ з 1717. Пасол на сейм 1697. У 1712 і 1720 пасол да цара Пятра I. Крыштоф Дамінік (1—2.11.1731), сын Андрэя. Падстолі упіцкі ў 1695 і староста ў 1696—1720, мсціслаўскі кашталян з 1720 (або 1722) і ваявода з 1730. Пасол на сеймы 1696, 1697, 1712—13, 1718, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1727. Стафан Міхаіл (21.12.1667, г. Упіта — 5.3.1738), сын Андрэя. Д-р філасофіі (1705), тэалогіі (1734). З 1685 езуіт. Пётр (21.7.1664—1.3.1717), сын Яна Казіміра. З 1677 езуіт. У 1709—13 рэктар Нясвіжскага калегіума. Антоні Міхал (?—24.3.1752). Харунжы упіцкі з 1717 і староста ў 1724—32, харунжы надворны з 1728, кашталян мсціслаўскі з 1746. Юзаф Эдвард (24.9.1878—20.1.1949). З 1919 працаваў у мін-ве замежных спраў Польшчы. Аўтар лірычных і сатыр. вершаў (зб. «Даўней», 1905), патрыят. паэм, гімнаў, паэт. драм (зб. «Па дарозе», 1922), аповесцей. Вывучаў праблемы паходжання княжацкіх родаў ВКЛ, іх паліт. ролю ў жыцці дзяржавы. Аўтар працы «Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга» (часткова апублікавана ў 1937).
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)