БЕНЯКО́НІ,

вёска ў Беларусі, у Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 12 км на Пн ад г.п. Воранава, 145 км ад Гродна, чыг. ст. на лініі Ліда—Вільнюс. 1511 ж., 569 двароў (1995).

У 1-й пал. 17 ст. належалі Я.Чаплінскаму, які ў 1634 заснаваў тут касцёл Яна Хрысціцеля. З 1795 у Рас. імперыі. У 1880-я г. 63 ж. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Лідскага пав. У 1910 каля Беняконяў створана доследная с.-г. станцыя (дзейнічала да 1959). У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Воранаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі. У 1970 у Беняконях 1726 ж., 502 двары. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, 2 бальніцы, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл Іаана Хрысціцеля (1900—02).

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)