БІ́ЗІО (Bisio) Стэфан Ларэнца (1720, паводле інш. звестак 14.2.1724, Венецыя, Італія — 1787),
урач, адзін з заснавальнікаў мед. калегіума Гал. школы Вял. кн. Літ. (1781). Д-р філасофіі і медыцыны (1746). З 1748 выкладаў ва Урачэбным калегіуме г. Турын, займаўся ўрачэбнай практыкай у Венецыі. У 1763—68 па запрашэнні княгіні Ганны Ябланоўскай працаваў яе прыдворным лекарам у маёнтку Сямяцічы пад Драгічынам, дзе яна стварыла прыродазнаўчы музей, сабрала багатую бібліятэку і арганізавала школу акушэрак. З 1768 прыдворны лекар князя Караля Радзівіла ў Нясвіжы. З 1772 у Вільні, дзе ўпершыню правёў анатаміраванне і апублікаваў яго вынікі. У 1773 у Вільні на лац. мове выдадзена кніга Б. «Пісьмо аб метадзе, які выкарыстоўваюць для лячэння злаякаснай ліхаманкі». З 1781 узначальваў мед. калегіум Гал. школы Вял. кн. Літ. (Віленскай акадэміі). У 1787 выехаў у Італію.
А.Г.Эльяшэвіч.
т. 18, кн. 1, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)