САРМ’Е́НТА ((Sarmiento) Дамінга Фаўсціна) (14.2.1811, г. Сан-Хуан, Аргенціна — 11.9.1888),
аргенцінскі дзярж. і грамадскі дзеяч, пісьменнік і гісторык. Прытрымліваўся поглядаў унітарыяў (прыхільнікаў унітарнай дзяржавы), змагаўся ў 1820—30-я г. на іх баку супраць федэралістаў. Праціўнік дыктатуры Х.М.Росаса, у 1840 эмігрыраваў у Чылі, дзе набыў шырокую вядомасць сваёй грамадска-публіцыст. дзейнасцю. У 1852 удзельнік паўстання, якое скінула Росаса. Прэзідэнт Аргенціны ў 1868—74, ажыццявіў шэраг рэформ, якія спрыялі развіццю эканомікі, сельскай гаспадаркі, культуры; пры ім будаваліся чыгункі, школы, бальніцы, бібліятэкі, створана АН. Аўтар гісторыка-філас.прац. Выступаў супраць дыктатуры, лічыў, што роўнасці класаў і грамадскай гармоніі можна дасягнуць шляхам усеагульнай асветы; у апошнія гады жыцця зведаў уплыў сацыял-дарвінізму.
Тв.:
Рус.пер. — Цивилизация и варварство. Жизнеописание Хуана Факундо Кироги, а также физический облик, обычаи и нравы Аргентинской Республики. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЬВІНІ́Т,
саляная асадкавая горная парода, якая ўяўляе сабой шчыльную агрэгатную сумесь крышталяў сільвіну (15—60%) і галіту (25—85%), а таксама растваральных карналіту (5—10% і болей), лангбейніту, кізерыту і інш. і нерастваральных — гліны, карбанатаў, ангідрыту і інш. прымесей. Афарбоўка чырвоная і стракатая. Чырванаколерныя С. маюць мікра-, дробна- і сярэднезярністую структуру, слаістую тэкстуру; страката-колерныя С. — сярэдне- і буйназярністую структуру, плямістую і масіўную тэкстуру і характэрныя для іх сінія крышталі галіту. Утвараецца пераважна хемагенным шляхам у выніку выпадзення хларыду калію (КСІ) і хларыду натрыю (NaCl) у асадак у басейнах павышанай салёнасці (прыбярэжнамарскога і лагуннага тыпу) ва ўмовах арыднага клімату пры выпарэнні або ахаладжэнні рапы. Радовішчы ў Канадзе, Расіі, Германіі, Казахстане, ЗША, на Украіне і інш. На Беларусі паклады С. ў Прыпяцкім саляносным басейне. Распрацоўваецца Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей, разведана Петрыкаўскае радовішча калійных солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЧО́Ку філасофіі,
працэс змены ўнутранай сутнасці з’явы або прадмета; якаснае пераўтварэнне ў выніку колькасных змен. Характарызуецца карэнным пераломам ва ўзаемадзеянні неперарыўнасці і перарыўнасці з перавагай апошняй. Выступае ў якасці перадумовы карэнных якасных пераўтварэнняў, станаўлення якасна новых аб’ектаў, пастаяннага руху і развіцця свету. На стадыі С. вырашаюцца ўласцівыя прыродным і грамадскім з’явам унутр. супярэчнасці. Паводле спосабу здзяйснення адрозніваюць рэзкія і паступовыя С. Пры рэзкіх С. ранейшая якасць змяняецца новай хуткімі тэмпамі (пераўтварэнне элементарных частак у лабараторных умовах, напр., распад урану на свінец і галій), у грамадскім жыцці — сац. рэвалюцыі. Большасць пераходаў ад старой якасці да новай у прыродзе і грамадстве ажыццяўляецца шляхампаступовых С. Узнікненне зорак і планет, антрапагенез, кліматычныя змены на Зямлі адбываліся паступова і паволі. У працэсе развіцця грамадства вызначаецца тэндэнцыя да паскарэння скачковых пераўтварэнняў сац. ладу. Гл. таксама Пераход колькасных змяненняў у якасныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕРГЕ́НЦЫІ ТЭО́РЫЯ,
1) тэорыі аб паступовым збліжэнні розных сац.-паліт. сістэм на аснове паглыблення ўзаемасувязі, узаемадзеяння і ўзаемаўплыву паміж імі. Бярэ пачатак у канцэпцыі «стадый эканамічнага росту» амер. сацыёлага У.Ростаў, паводле якой капіталізм і сацыялізм — гэта толькі розныя варыянты «адзінага індустрыяльнага грамадства», а яго структура не залежыць ад характару форм уласнасці і грамадскіх адносін. Розныя аспекты К.т. распрацоўвалі Дж.Голбрэйт, П.Сарокін (ЗША), Р.Арон, Ж.Фурасцье, Ф.Перу (Францыя), Я.Тынберген (Нідэрланды), Х.Шэльскі, О.Флехтхейм (ФРГ), А.Дз.Сахараў (СССР) і інш. Яны зыходзілі з таго, што аб’ектыўныя працэсы развіцця НТР і інтэрнацыяналізацыіэканам., паліт. і культ. дзейнасці, неабходнасць сумеснага вырашэння глабальных праблем чалавецтва непазбежна прывядуць да ўзнікнення новага змешанага грамадства, якое будзе спалучаць рысы і ўласцівасці капіталізму і сацыялізму. Паводле К.т., сустрэчнае збліжэнне гэтых дзвюх сусв. сістэм, прызнанне прыярытэту агульначалавечых каштоўнасцей і інтарэсаў з’яўляюцца адзіным шляхам спынення тэрмаядзернай і экалагічнай гібелі чалавецтва, пераадолення голаду, галечы і беднасці ў розных рэгіёнах Зямлі. У 1970-я г. ў рамках К.т. распрацавана канцэпцыя «асіміляцыі» капіталізмам сацыяліст. ладу шляхам яго лібералізацыі, плюралізму і г.д. (З.Бжэзінскі, Р.Хантынгтан, К.Менерт, Э.Гелнер). Атрымала пашырэнне таксама канцэпцыя т.зв. «негатыўнай канвергенцыі», у адпаведнасці з якой процілеглыя сац.-паліт. сістэмы засвойваюць адна ў адной больш адмоўнага, чым станоўчага, што вядзе да крызісу сучаснай цывілізацыі як цэлага (Р.Хейлбранер, Г.Маркузе, Ю.Хабермас і інш.). Ідэя канвергенцыі застаецца актуальнай і ў канцы 20 ст.. калі размежаванне паміж краінамі капіталізму і постсацыялізму праходзіць не па лініі паліт. ўладкавання, а па лініі ўзроўню развіцця. Асн. элементамі сучаснай канвергенцыі прынята лічыць станаўленне рыначнай эканомікі, прававой дзяржавы, развіццё грамадзянскай супольнасці, міждзяржаўнай інтэграцыі і супрацоўніцтва, прызнанне суверэннага права народаў самім вызначаць свой лёс.
2) Тэорыя псіхал. развіцця дзіцяці, распрацаваная ў пач. 20 ст.ням. псіхолагам В.Штэрнам. Засноўвалася на тым, што псіхал. развіццё дзіцяці вызначаецца канвергенцыяй унутраных (фактар спадчыннасці) і знешніх (навакольнае асяроддзе) умоў пры дамінуючай ролі фактару спадчыннасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫ́КА ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,
пасіўная форма дзяржаўнага крэдыту, калі дзяржава выступае ў якасці пазычальніка і прыцягвае часова свабодныя грашовыя сродкі суб’ектаў гаспадарання для фінансавання агульнадзярж. патрэб шляхам выпуску і рэалізацыі аблігацый, казначэйскіх абавязацельстваў, вэксаляў і інш.дзяржаўных каштоўных папер. Паводле права эмісіі П.дз. падзяляецца на пазыкі, якія выпускаюцца ўрадам і мясц. органамі ўлады (муніцыпальныя пазыкі); па катэгорыі трымальнікаў дзяржаўных абавязацельстваў — на пазыкі, якія рэалізуюцца сярод насельніцтва; пазыкі, якія распаўсюджваюцца сярод прадпрыемстваў і ўстаноў; універсальныя пазыкі для іх размяшчэння сярод юрыд. і фіз. асоб; па тэрмінах пагашэння — на кароткатэрміновыя (тэрмін пагашэння 1 год), сярэднетэрміновыя (да 5 гадоў), доўгатэрміновыя (звыш 5 гадоў); па метадах размяшчэння — на добраахвотныя (размяшчаюцца па падпісцы) і прымусовыя. П.дз. могуць быць аблігацыйныя (прадугледжваюць эмісію каштоўных папер дзяржавы) і безаблігацыйныя (казначэйскія абавязацельствы, вэксалі, крэдытаванне цэнтр. банкам дзярж. бюджэту, якія афармляюцца шляхам запісаў у даўгавых кнігах, дагавораў, пагадненняў і выкарыстоўваюцца на міждзярж. узроўні. У залежнасці ад формы выплаты даходаў адрозніваюць П.дз.: працэнтныя (уладальнік штогод атрымлівае цвёрды даход па ўстаноўленай працэнтнай стаўцы), выйгрышныя (трымальнікі пазыкі атрымліваюць даход у форме выйгрышаў у момант пагашэння аблігацыі), працэнтна-выйгрышныя (выплата часткі даходу па купонах, а часткі ў выглядзе выйгрышаў), бяспройгрышныя (гарантуюць, што выйгрыш прыпадае на кожную аблігацыю), беспрацэнтныя (трымальнікам аблігацый гарантуецца атрыманне адпаведнага тавару, попыт на які поўнасцю не задавальняецца). Спецыфічнай формай дзярж. крэдыту з’яўляецца ператварэнне часткі ашчадных укладаў насельніцтва ў П.дз., пры якой размяшчэнне грашовых сродкаў насельніцтва ў дзярж. каштоўныя паперы ажыццяўляецца з дапамогай ашчаднага банка. Знешнія П.дз. характарызуюцца тым, што дзяржава выступае на сусв. рынку як пазычальнік. Яны прадастаўляюцца ў грашовай або таварнай формах і з’яўляюцца крыніцамі паскоранага сац.-эканам. развіцця і ўмацавання фін. становішча дзяржавы-атрымальніка сродкаў, інвесціравання новых тэхналогій і садзейнічаюць умацаванню міжнар. супрацоўніцтва. Найчасцей знешнія П.дз. выступаюць у форме інвестыцыйных крэдытаў, якія выкарыстоўваюцца на капітальныя ўкладанні. Могуць выдзяляцца непасрэдна ўраду на падтрымку эканам. рэформ, рэфармаванне і ўмацаванне дзярж. кіравання, памяншэння бюджэтнага дэфіцыту. Пагашэнне пазык па ўзгадненні бакоў ажыццяўляецца таварнымі пастаўкамі або валютай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САНА́ЦЫЯ,
неафіцыйная назва групы бел. дзеячаў у Зах. Беларусі. Створана ў сярэдзіне 1929. Лідэры А.Луцкевіч, Р.Астроўскі, Я.Станкевіч, Ф.Акінчыц. Друкаваны орган — газ. «Наперад». Была выразнікам той часткі крыла нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, што ва ўмовах узмацнення рэпрэсій польскіх улад, а таксама рэпрэсіўнай палітыкі бальшавікоў у БССР адзіна магчымым шляхамкульт.-нац. развіцця лічыла пошук кампрамісаў з «санацыйным» урадам Ю.Пілсудскага, не выключаючы парламенцкіх сродкаў барацьбы. За гэта сярод бел. грамадскасці, што арыентавалася на КПЗБ і Камінтэрн, група атрымала назву «санацыя» (лац. sanatio аздараўленне). Пад арганізац. кіраўніцтвам групы знаходзіліся Т-вабел. асветы, Бел.навук.т-ва, Бел. дабрачыннае т-ва, Бел. студэнцкі саюз, інш.культ.-асв. і дабрачынныя арг-цыі і суполкі. Адсутнасць адзінства і рознагалоссі сярод лідэраў групы, а таксама імкненні польскіх улад унесці разлад у яе дзейнасць прывялі да канчатковага расколу Беларускай санацыі ў 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВА́ЖНЫ (Вінцук) (сапр.Германовіч Язэп Станіслававіч; 4.3.1890, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 26.12.1978),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1913). Служыў ксяндзом. За казанні на бел. мове зазнаў ганенні польскіх улад. У 1924 у Друі ўступіў у ордэн марыянаў. У 1932 выехаў у Харбін (Кітай), у 1936 вярнуўся ў Вільню, адтуль выселены ў Польшчу, потым зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кіт. ўладамі і перададзены ў СССР, дзе беспадстаўна асуджаны на 25 гадоў. Вызвалены ў 1955, выехаў у Польшчу, потым у Італію, Англію, дзе рэдагаваў час. «Божым шляхам». Друкаваўся з 1917. Празаічная гутарка «Як Казюк сабраўся да споведзі» (1928) пра маральнае самаўдасканаленне зах.-бел. моладзі. Самадурства чыноўнікаў выкрыў у вершаваным апавяданні «Як Гануля збіралася ў Аргентыну» (1930). Аўтар зб-каў вершаў «Беларускія цымбалы» (Вільня, 1933), «Байкі і іншыя вершы» (Лондан, 1973) і інш., аповесці «Хлопец» (Вільня, 1935), успамінаў «Кітай—Сібір—Масква» (Мюнхен, 1962).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Phaeophyta),
аддзел водарасцей. 2 класы — феазааспоравыя (Phaeozoosporophyceae) і цыкласпоравыя (Cyclosporophyceae), каля 250 родаў (3 роды прэснаводныя, астатнія — марскія) і 1500 відаў (найб. вядомыя — ламінарыя цукрыстая, фукус пухіраваты, саргасум змешаны і інш.). Пашыраны ва ўсіх морах, у халодных водах утвараюць значныя зараснікі.
Шматклетачныя, пераважна макраскапічныя водарасці даўж. да 60 м. Слаявішча жаўтавата-бурае з-за прысутнасці жоўтых і бурых пігментаў (фукаксанціну і інш.), мае хларафілы a і c. Размнажаюцца лалавым і бясполым шляхам, радзей вегетатыўна. Палавы працэс — ізагамія, анізагамія і аагамія. Цыкл развіцця ізаморфны (больш старажытны) і гетэраморфны. Адметныя рысы бурых водарасцей: шматклетачныя валаскі з базальнай зонай росту; шматгнездавыя ўмяшчальні, што функцыянуюць як гаметангіі або спарангіі; зааспоры і гаметы з 2 жгуцікамі. Шырока выкарыстоўваюцца як харч. і кармавыя расліны, у медыцыне і прам-сці для атрымання алігінтаў, манітолу, кармавой мукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАК, волакі,
старажытнаруская назва месца найб. збліжэння 2 суседніх суднаходных рэк, дзе карацейшым шляхам перацягвалі (валаклі) па сушы судны і грузы з аднаго воднага басейна ў другі. Па пісьмовых крыніцах («Аповесць мінулых гадоў», Дагавор 1229 і інш.) вядомы волак паміж верхнім Дняпром і левымі прытокамі Зах. Дзвіны, яе правымі прытокамі і Ловаццю, што злучалі адрэзкі шляху з «варагаў у грэкі». Адлегласць паміж канцавымі пунктамі волака звычайна не перавышала 20—30 км. На тэр. Беларусі адзначана каля 20 сярэдневяковых волакаў, якія злучалі таксама левыя прытокі Прыпяці і правыя Дняпра з прытокамі Зах. Буга і Нёмана. Дадатковыя звесткі пра існаванне волакаў даюць археал. і нумізматычныя матэрыялы (рэшткі стараж. паселішчаў і курганныя могільнікі, грашова-рэчавыя скарбы). На месцах волакаў узнікалі вёскі (напр., Волак, Завалочча, Пярэвалачня на Беларусі), гарады (Валакаламск, Вышні Валачок у Расіі) і інш. Волакі выкарыстоўваліся таксама княжацкімі дружынамі ў час паходаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДА́ТКІ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
сукупныя затраты жывой і арэчаўленай працы на вытворчасць прадукту. Ва ўмовах таварна-грашовых адносін выступаюць у вартаснай (грашовай) форме. Адрозніваюць грамадскія выдаткі вытворчасці (уключаюць перанесеную вартасць выкарыстаных сродкаў вытв-сці і ўсю зноў створаную вартасць, раўняюцца кошту тавару і служаць аб’ектыўнай асновай планавых цэн) і грашовыя затраты прадпрыемстваў на вытворчасць тавараў (яны меншыя за іх вартасць, выступаюць у форме сабекошту прадукцыі, які ўключае выдаткі на спажытыя матэрыяльныя рэсурсы, аплату працы работнікаў, расходы па збыце і рэалізацыі прадукцыі). Велічыня грамадскіх выдаткаў вытворчасці залежыць ад эфектыўнасці сродкаў працы і ад прадукцыйнасці працы. Чым вышэйшая эфектыўнасць сродкаў працы і яе прадукцыйнасць, тым меншыя выдаткі грамадства на выраб прадукту. Зніжэнне выдаткаў прадпрыемства дасягаецца шляхам павышэння прадукцыйнасці працы, лепшага выкарыстання сыравіны, матэрыялаў і асн.вытв. фондаў, паглыблення спецыялізацыі і кааперавання, развіцця камбінавання. Важнейшымі фактарамі зніжэння выдаткаў вытворчасці прадпрыемства з’яўляюцца ўдасканаленне гасп. механізма, пераход да эканам. метадаў кіравання, ліквідацыя безгаспадарчасці.