ПРЫЗЫ́Ў на ваенную ці альтэрнатыўную службу, прыцягненне грамадзян да выканання воінскага абавязку (павіннасці) або інш. службовых абавязкаў у адпаведнасці з законам. У Рэспубліцы Беларусь паводле закону «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (1992) існуюць наступныя віды П.: на тэрміновую ваен. службу (праводзіцца 2 разы ў год) паводле Указа Прэзідэнта; на ваен. службу па мабілізацыі і ў ваен. час (праводзяцца пры абвяшчэнні ў краіне поўнай або частковай мабілізацыі); на ваен. службу ў мірны час афіцэраў запасу, якія не прайшлі тэрміновую ваен. службу і не дасягнулі 27 гадоў (праводзіцца паводле рашэння Савета Міністраў). У шэрагу краін, у т. л. СНД (Украіна і інш.), існуюць законы (у Рэспубліцы Беларусь праект закона) аб альтэрнатыўнай службе. Гл. таксама Абавязак воінскі, Воінская павіннасць.

В.​М.​Качура.

т. 13, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСЯ́ГА ВАЕ́ННАЯ,

урачыстае абяцанне (клятва), якое дае кожны вайсковец (грамадзянін) у час уступлення ў рады ўзбр. сіл; прыняцце П.в. важны прававы акт. Змест П.в. і рытуалы яе прыняцця адлюстроўваюць гіст. і нац. традыцыі народа, дзяржавы і арміі. П.в. воіна Узбр. Сіл Беларусі адпавядае патрабаванням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законам і ваен. статутам, вызначае абавязкі па абароне Айчыны. Яе тэкст зацверджаны ў 1992, палажэнне аб парадку прыняцця — у 1997. Кожны вайсковец, які прымае П.в., замацоўвае гэты акт уласнаручным подпісам (з аб’яўленнем мабілізацыі прысягаюць усе ваеннаабавязаныя, якія не прымалі прысягу ў мірны час). П.в. прымаюць пры Дзярж. сцягу Рэспублікі Беларусь і Баявым сцягу часці на тэр. вайск. часцей, ці ў месцах баявой і працоўнай славы. Дзень прыняцця П.в. абвяшчаецца для ўсяго асабовага складу часці святочным.

т. 13, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛО́Ў (Слава Макаравіч) (н. 21.2.1937, Ерэван),

бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967), у 1968—79 выкладаў у ім. Працуе ў мазаіцы, габелене, маст. афармленні інтэр’ераў. Сярод лепшых работ: мазаікі на ўнутр. паверхні Кальца Славы Кургана Славы Сав. Арміі—вызваліцельніцы Беларусі (1969), «Беларусь партызанская» на тарцы гасцініцы «Турыст» у Мінску (1973, з А.​Кішчанкам), «Мір» на будынку абутковай ф-кі (1985), маст. афармленне (1975) і габелен «Квітней, Беларусь» (1981, з З.​Літвінавай) у Палацы культуры аб’яднання «Хімвалакно» (усе ў Магілёве), сграфіта «Радзіма», «Космас», «Мы за мір» на жылых будынках у Мазыры (1976—78, з В.​Мігалем), дэкар. рэльеф у інтэр’еры Нац. акад. т-ра імя Я.​Коласа ў Віцебску (1985, з Г.​Несцеравым). Працуе таксама ў станковым жывапісе.

т. 14, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ МО́ВА,

нацыянальная ці афіцыйная мова, статус якой замацаваны ў спецыяльных юрыдычных актах (канстытуцыі, законе аб мовах і інш.). У адпаведнасці з заканадаўствам Дз.м. абслугоўвае ўсе або абсалютную большасць разгалінаванняў афіц. сферы грамадскіх зносін. Сусв. практыка сведчыць, што статус Дз.м. пераважна надаецца нацыянальнай мове. Афіцыйная мова не абавязкова набывае статус дзяржаўнай, але Дз.м. не можа не прайсці этапу афіц. ўжывання.

У ВКЛ Дз.м. была старабел. мова, што было замацавана ў Статутах ВКЛ 1566 і 1588 і захоўвалася да 1696, калі рашэннем канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай афіц. мовай была абвешчана польская. У крас. 1918 Рада БНР вярнула бел. мове статус дзяржаўнай Такім жа статусам, але ўжо разам з літ.. польск., рус. і яўр. карысталася бел. мова ў перыяд існавання Бел.-Літ. ССР (лют.—жн. 1919). З 1924 у БССР у адпаведнасці з аб’яўленай палітыкай беларусізацыі Дз.м. аб’яўляліся бел., рус., польск. і яўр. мовы. У адпаведнасці з Законам «Аб мовах у Беларускай ССР», прынятым Вярх. Саветам Беларусі 26.1.1990, і Дэкларацыяй аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь (27.7.1990) у 1994 дзярж. статус бел. мовы быў замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Згодна з унесенымі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь змяненнямі, паводле вынікаў лістападаўскага (1996) рэферэндуму Дз.м. акрамя беларускай прызнана і руская мова.

Л.​М.​Лыч.

т. 6, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЕДЛЫ ((Nejedly) Здэнак) (10.2.1878, г. Літамішль, Чэхія — 9.3.1962),

чэхаславацкі гісторык культуры, грамадскі дзеяч. Чл. Чэш. акадэміі навук і мастацтваў (1907). Замежны чл.-кар. АН СССР (1947), шэрагу інш. замежных АН. Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1899), выкладаў у ім (у 1909—39, з 1945 праф.). Ініцыятар заснавання (1925) і старшыня «Т-ва культ. і эканам. збліжэння з Новай Расіяй». Адзін з кіраўнікоў створанай у 1930 арг-цыі сав.чэхаславацкай дружбы «Саюз сяброў СССР». Змагаўся супраць пагрозы фашызму і вайны. У 1939 эмігрыраваў у СССР. У 1939—45 праф. Маскоўскага ун-та і навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН СССР. У 1945—53 на міністэрскіх пасадах, у 1953 нам. прэм’ер-міністра, потым чл. урада (міністр без партфеля) Чэхаславакіі. Заснавальнік і прэзідэнт (з 1952) Чэхаславацкай АН. Старшыня Саюза чэхаславацка-сав. дружбы, Славянскага к-та Чэхаславакіі (з 1945). Аўтар манаграфій пра Б.​Сметану, З.​Фібіха, даследаванняў па гісторыі чэш. гусіцкіх песень, прац па гісторыі чэш. і інш. слав. народаў, чэхаславацкай культуры, гісторыі музыкі, па эстэтыцы, выяўл. і тэатр. мастацтве. У 1920-я г. ў Празе выступаў на літ. вечарах, прысвечаных Я.​Купалу, Я.​Коласу, Ц.​Гартнаму, з лекцыямі і дакладамі пра Беларусь, бел. нар. песню. У 1925 сустракаўся ў Празе з Я.​Купалам і М.​Чаротам, у 1927 прыязджаў у Мінск. Нам. старшыні Усеславянскага к-та (з 1939), працаваў разам з Я.​Купалам, Я.​Коласам, К.​Крапівой, М.​Лыньковым. Аўтар артыкулаў пра Беларусь, яе гісторыю і культуру: «Беларусы» (1927), «БССР» (1929), «Нашы блізкія сябры», «Прывітанне беларусам» (абодва 1944). Падпісаў «Пратэст чэхаславацкіх інтэлігентаў» (1927) супраць расправы над Беларускай сялянска-работніцкай грамадой. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1951.

Тв.: Рус. пер. — История чешского народа. Т. І. М., 1952; Избр. труды. М., 1960; Статьи об искусстве. Л.; М., 1960.

Літ.:

Зденек Неедлы — выдающийся общественный деятель и ученый. М., 1964;

Мажэйка А. Здэнек Неедлы пра Беларусь // Беларусь. 1962. №12;

Z.Nejedly. Praha, 1980.

Дз.​Дз.​Воран.

З.Неедлы.

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕННАСЛУ́ЖАЧЫ,

асоба, якая знаходзіцца на абавязковай вайсковай службе. Кожнаму ваеннаслужачаму прысвойваецца званне воінскае. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь ваеннаслужачыя падзяляюцца на салдатаў, матросаў, сяржантаў, старшын, прапаршчыкаў, мічманаў, на афіцэрскі склад (малодшы, старшы, вышэйшы). Усе ваеннаслужачыя Узбр. Сіл Беларусі прымаюць прысягу ваенную.

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАША́НЫ,

вёска ў Мінскім р-не, каля аўтадарогі Мінск—Маладзечна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на ПнЗ ад Мінска, 6 км ад чыг. ст. Беларусь. 539 ж., 192 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВА́ЦЫЯ (ад лац. novatio абнаўленне, змяненне),

1) у цывільным праве адзін са спосабаў спынення абавязацельстваў. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь абавязацельства спыняецца пагадненнем бакоў, у прыватнасці дамоўленасцю пра замену аднаго абавязацельства другім паміж тымі ж асобамі.

2) Нешта новае, навіна, новаўвядзенне.

т. 11, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗВАДЗЯ́ШЧЫ,

ваеннаслужачы, які прызначаны для выстаўлення падначаленых яму вартавых на пасты, для праверкі нясення імі службы і своечасовай змены вартавых. На Беларусі абавязкі і правы Р. вызначаны ў Статуце гарнізоннай і каравульнай службаў Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Каравул.

т. 13, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМУНІ́ЦЫЯ (польск. amunicja ад лац. munitio прымацаванне, рыштунак),

устарэлая назва прадметаў (рамяні, сумкі, чахлы і інш.), якія аблягчаюць вайскоўцам нашэнне зброі, боепрыпасаў, асабістых рэчаў і харчавання. Ва ўзбр. Сілах Рэспублікі Беларусь наз. рыштунак ваенны. Конская амуніцыя — рэчы для запрагання, сядлоўкі і наўючання жывёлы.

т. 1, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)