НО́ЙРАЙТЭР (Neureiter) Фердынанд (н. 15.6.1928, Рыга),
аўстрыйскі перакладчык, папулярызатар бел. культуры. З 1937 жыве ў Аўстрыі. Скончыў класічную гімназію (1946). Вывучаў англ. і раманскія мовы, у канцы 1950-х г. бел., укр., польскую, кашубскую. У 1959—69 у Зальцбургскім нар. вячэрнім ун-це (чытаў курс лекцый па гісторыі Беларусі). Пераклаў на ням. мову асобныя вершы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і інш. Апублікаваў артыкулы пра Беларусь і бел. культуру: «Янка Купала — паэт з Беларусі», «Беларусь — папялушка Еўропы». Выдаў дапаможнік для нямецкамоўных студэнтаў «Беларуская анталогія: Хрэстаматыя па беларускай літаратуры» (1983). Пераклаў з бел. на ням. мову раман Ю Попкі «Свеціць у тумане» (1985), працу Р.Астроўскага «Беларусь з X па XVI стагоддзе» (1986), прадмову Я.Белавежскага да ням.-бел. выдання «Слова аб паходзе Ігаравым» (1987), зб. артыкулаў «Вытокі беларускай нацыі і культуры» (1988).
Літ.:
Соколовский В. Золушка Европы? Белорусская культура в Австрии и Швейцарии // Неман. 1996. № 10.
У.Л.Сакалоўскі.
т. 18, кн. 1, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)