ВАЕННАПАЛО́ННЫЯ,

у міжнародным праве асобы, што ўваходзяць у асабовы склад узбр. сіл і апалчэння, партызаны, удзельнікі руху Супраціўлення, якія ў час ваен. канфлікту трапілі пад уладу варожай дзяржавы. Рэжым ваеннапалонных вызначаны Гаагскімі канвенцыямі 1899 і 1907 аб законах і звычаях вайны, а таксама Жэнеўскай канвенцыі 1949, удзельнікам якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Абыходжанне з ваеннапалоннымі пры ўсіх абставінах павінна быць гуманнае, без дыскрымінацыі. Замах на жыццё і фізічную недатыкальнасць ваеннапалонных, на іх чалавечую годнасць не дапускаецца. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць ваеннаслужачых за дрэннае абыходжанне з ваеннапалоннымі.

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)