паўднёвая, найб. нізкая ступень Гімалаяў у Індыі і Непале, паміж хрыбтамі Пір-Панджал і Махабхарат. Утвараюць ланцуг паралельных градаў і хрыбтоў, якія цягнуцца з ПнЗ на ПдУ, выш. да 2591 м (г. Саанчалія), даўж. каля 1700 км. Складзены пераважна з жвіру, пясчанікаў, кангламератаў. Рэзка ўзвышаюцца над Інда-Гангскай раўнінай. Ад Вял. Гімалаяў С.г. аддзелены падоўжнымі далінамі. Высокая сейсмічнасць. Глыбока расчлянёны рэкамі. Для зах.ч.паўд. схілу характэрны селевыя патокі, каля ўсх. падножжаў забалочаныя джунглі (тэраі). На схілах — трапічныя лясы: сухія на З, вільготныя на У. Значная ч. схілаў тэрасавана і занята чайнымі плантацыямі. У выніку празмернага выпасу і высечак адбываецца працэс яраўтварэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКА́НКАВАЕ ДЫХА́ННЕ, клетачнае дыханне,
сукупнасць акісляльна-аднаўленчых працэсаў, што прыводзяць да распаду арган. злучэнняў з утварэннем канчатковых прадуктаў абмену рэчываў і вызваленнем энергіі, якая забяспечвае жыццядзейнасць. У аэробных арганізмаў аснова Т.д. — працэс спажывання клеткамі і тканкамі кіслароду. Гліколіз, трыкарбонавых кіслот цыкл і дыхальны ланцуг характэрны для большасці эўкарыётаў. Вугляводы, тлушчы і бялкі (клетачнае «паліва») падвяргаюцца многаступеньчатаму акісленню з выхадам энергіі. Каля 50% яе назапашваецца ў клетках у форме энергіі хім. сувязей макраэргічных злучэнняў (напр., адэназінтрыфосфарная к-та); астатняя ч. ідзе на біясінтэз (напр., стэроідных гармонаў), абясшкоджванне чужародных і атрутных для арганізма рэчываў (напр., араматычных злучэнняў, недаакісленых прадуктаў дыхання), выдзяляецца ў выглядзе цяпла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́НДРА (ад фін. tunturi бязлеснае, голае ўзвышша),
тып расліннасці ў арктычным і субарктычным паясах, пераважна ў Паўн. паўшар’і. Характарызуецца бязлессем, развіццём імховага і лішайнікавага покрываў, шматгадовых траў, кустоў і інш. Вылучаюць Т.: субарктычную, арктычную, горную, таксама імховую, лішайнікавую, кустовую, куп’істую (дзернавіна ўтварае купіны) і паліганальную. Пераважаюць шматгадовыя карлікавыя і сцелістыя расліны (бяроза карлікавая — ернік, вярба палярная, кедравы сланік і інш.) або падушачных форм. Уласціва разнастайнасць дамінантных відаў і мазаічная структура, абумоўленая крыягенным рэльефам. Для фауны Т. характэрныпаўн. алень, заяц-бяляк, лемінгі, пясец, вадаплаўныя птушкі, насякомыя. Пашы для паўн. аленяў. Экасістэмы Т. лёгка парушаюцца ў выніку антрапагеннага ўздзеяння і з цяжкасцю аднаўляюцца. Утварае тундравую зону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭХ (Ćech) Сватаплук (21.2.1846, мяст. Остршадак каля г. Бенешаў, Чэхія — 23.2.1908),
чэшскі пісьменнік. Скончыў Пражскі ун-т (1869). У 1878—99 заснавальнік і рэдактар час. «Květy» («Кветкі»). У зб-ках вершаў «Ранішнія песні» (1887), «Новыя песні» (1888), паэмах «Песні раба» (1894), «Касцы» (1903) асуджаў тагачасны лад, нац. і сац. прыгнёт, апяваў барацьбу працоўных супраць прыгнятальнікаў. Аўтар сатыр. аповесці «Падарожжа пана Броўчака ў XV стагоддзе» (1888), у якой філістэрству і беспрынцыповасці грамадства проціпаставіў гераічнае гусіцкае мінулае. Для яго твораў характэрнырамант. тэндэнцыі і рэалізм.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. М., 1954.
Літ.:
Кишкин Л.С. Сватоплук Чех: Очерк жизни и творчества. М., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСАМБА́ЕЎ Махмуд Алісултанавіч (15.7.1924, с. Старыя Атагі, Чэчня — 3.2.2000),
расійскі артыст балета, эстрадны танцоўшчык. Нар.арт.СССР (1974). Герой Сац. Працы (1984). Вучыўся ў Грозненскім харэагр. вучылішчы (1939—41). З 1944 у Кірг. т-ры оперы і балета ў г. Фрунзе. З 1957 у Маскве; выступаў на эстрадзе з танцамі народаў свету. Для мастацтва Э. характэрны віртуозная тэхніка выканання, эмацыянальнасць, пачуццё стылю. Сярод партый: Ротбарт, фея Карабас («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева) і інш. Здымаўся ў кіно («Зямля Саннікава» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗРО́СТАВАЯ СТРУКТУ́РА НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
размеркаванне насельніцтва паводле ўзроставых груп і ўзроставых кантынгентаў. Даследуецца ў мэтах аналізу дэмаграфічных і сац.-эканам. працэсаў. Стат. звесткі па У.с.н. робяцца па 1-гадовых і 5-гадовых групах Паводле рэпрадукцыйных здольнасцей насельніцтва падзяляецца на групы: пакаленне дзяцей — да 15 гадоў, пакаленне бацькоў — 15—49 гадоў і пакаленне прабацькоў — старэй за 50 гадоў. Паводле здольнасці да працоўнай дзейнасці вылучаюць дапрацоўны перыяд (да 15 гадоў), працоўны (15—54 або 59 гадоў) і пасляпрацоўны (старэй за 55—60 гадоў). З-за розніцы ў сац. і дэмаграфічных функцыях мужчын і жанчын У.с.н. часта разглядаецца як полаўзроставая структура. На У.с.н. ўплываюць нараджальнасць, смяротнасць, тып узнаўлення насельніцтва, міграцыя насельніцтва, рэлігія, войны і інш. Вылучаюць 3 асн. тыпы У.с.н.: прагрэсіўны (доля дзяцей у агульнай колькасці насельніцтва да 45%; характэрны для краін Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі), стацыянарны (ураўнаважаныя долі дзіцячых і пажылых узроставых груп з невял. натуральным прыростам; характэрны для Іспаніі, Грэцыі, Партугаліі, ЗША, Аўстраліі, Японіі), рэгрэсіўны (доля пажылых і старых людзей да 20%; мае месца ў многіх краінах Еўропы). У.с.н. ўплывае на натуральны прырост насельніцтва, колькасць прац. рэсурсаў і ўлічваецца пры прагнозе і планаванні сац.-эканам. развіцця краіны. На Беларусі У.с.н. (2001) складаецца з груп: пакаленне дзяцей (18,3% ад агульнай колькасці насельніцтва — 9990,4 тыс.чал.), бацькоў (52,8%) і прабацькоў (28,9%, у т. л. 8,9%, якім за 70 гадоў); паводле працаздольнасці — у дапрацоўным перыядзе 19,9%, працоўным 58,8% і пасляпрацоўным 21,3%; у полаўзроставай структуры колькасць жанчын на 1000 мужчын у адпаведнай узроставай групе: да 4 гадоў — 946, 30—34 — 1015; 60—64 — 1401, 70 і старэй — 2335.
Літ.:
Шувалов Е.Л. География населения. 2 изд. М., 1985;
Пирожков С.И. Демографические процессы и возрастпая структура населения. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАТАЛІ́ЗМ (ад лац. fatalis наканаваны лёсам),
светапогляд, заснаваны на ўпэўненасці ў няўхільнай наканаванасці ўсіх падзей у прыродзе, грамадстве, асабістым жыцці чалавека. Перабольшвае ролю неабходнасці, не пакідаючы месца выпадковасці, свабодзе выбару, творчасці (гл.Свабода). Грунтуецца на веры ў наяўнасць прыродных ці боскіх сіл, што прадвызначаюць неабходнасць. Асуджае людзей на пасіўнасць, бо адмаўляе значэнне свабоднай дзейнасці як сродку рэалізацыі аб’ектыўнай неабходнасці. Адрозніваецца ад прызнання аб’ектыўнай неабходнасці — незалежных ад волі і жаданняў людзей законаў прыроды і грамадства, пазнанне якіх дае магчымасць чалавеку ўплываць на ход падзей у сваіх інтарэсах. Вылучаюць Ф. міфалагічны, рэліг. і філас.-рацыяналістычны.
Міфалагічны Ф. грунтуецца на ўяўленнях пра няўхільную залежнасць людзей і нават багоў ад сляпога лёсу. Рэлігійны Ф. характэрны для монатэістычных рэлігій і выяўляецца ў веры ў божае наканаванне, ва ўсемагутнасць Бога, які стварыў сусвет і прадвызначыў яго лёс (гл.Правідэнцыялізм). Шэраг рэліг. кірункаў (джабратызм у ісламе, кальвінізм у хрысціянстве) прапаведуе абсалютнае прадвызначэнне Богам учынкаў людзей. У большасці ж тэалагічных канцэпцый Ф. абмежаваны, паколькі без прызнання свабоды волі немагчыма абгрунтаваць неабходнасць выбару паміж дабром і злом, маральную адказнасць чалавека перад Богам. Філасофска-рацыяналістычны Ф. найб. ярка выявіўся ў стаіцызме, згодна з якім усе падзеі ў свеце прадвызначаны законамі, іманентнымі самому свету; добраахвотнае прытрымліванне гэтых законаў дазваляе пазбягаць прымусу і таму з’яўляецца ўмовай чалавечай свабоды. У 16—18 ст. прыхільнікі механіст.дэтэрмінізму сцвярджалі, што і з’явы прыроды, і ўчынкі людзей вызначаюцца ланцугом прычынна-выніковых сувязей, якія выключаюць выпадковасці і свабоду дзеянняў (Т.Гобс, П.А.Гольбах і інш.). У 20 ст. элементы Ф. характэрны для філас.-гіст. тэорый О.Шпенглера, А.Дж.Тойнбі, П.А.Сарокіна. Гл. таксама Неабходнасць і выпадковасць, Свабода і неабходнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБА́ШАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 2—3-й чвэрці 2-га тыс. да н.э. насялялі лясныя і лесастэпавыя вобласці Сярэдняга Паволжа, Падоння і Паўд. Урал. Назва ад могільніка каля в. Абашава (Чувашыя). Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй, жыло на адкрытых і ўмацаваных паселішчах у вялікіх (даўж. да 30—40 м) дамах. Пахавальны абрад — падкурганнае трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым (на спіне) становішчы. Характэрны керамічны посуд звона- і слоікападобнай формы з геам. арнаментам і дамешкамі ў гліне ракавінак. Плямёны Абашаўскай культуры першыя пачалі распрацоўку ўральскіх радовішчаў медзі, з імі звязваюць з’яўленне ў стэпах Еўразіі калясніц. Шмат даследчыкаў лічаць Абашаўскую культуру культ.-гіст. агульнасцю і вылучаюць у ёй шэраг археал. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХ (ням. Dach праз польск. dach),
канструкцыйная сістэма перакрыцця і пакрыцця верхняй ч. пабудовы. Д. традыц. жылых і гасп. сялянскіх пабудоў называюць страхой. На Беларусі са старажытнасці вядомы Д. каркаснай і вянковай канструкцыі. Сярод тыпаў каркасных Д. найб. дасканалы кроквенны, з паяўленнем якога свабодныя ад нагрузкі шчыты набылі значэнне важных элементаў арх. дэкору. Акрамя 2-схільных і пірамідальных формаў з 16 ст. пачалі пашырацца вальмавыя (з залобкамі, прычолкамі, дымнікамі) і 3-схільныя, а з 17 ст. — ламаныя, ярусныя, мансардавыя Д. Для класіцыстычных пабудоў характэрны Д. невысокія, з франтонамі. Найб. пашыраны матэрыял пакрыцця — дранка, гонта, чарапіца, бляха, шыфер. У сучасным індустр. буд-ве часцей выкарыстоўваюць плоскі Д., сумешчаны з жалезабетоннымі панэлямі перакрыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТА́НКАВЫЯ ПТУ́ШКІ, альтаншчыкі,
буданнікі (Ptilonorhynchidae),
сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 8 родаў, 18 відаў. Жывуць у трапічных лясах Новай Гвінеі з прылеглымі астравамі і на Пн і У Аўстраліі. Найб. вядомы альтаншчык атласны (Ptilonorhynchus violaceus).
Даўж. 22—40 см. Апярэнне бурае, цёмна-сіняе або фіялетавае. У большасці моцныя дзюба і ногі, кароткі хвост. Многім відам характэрны палавы дымарфізм: самцы прыгажэйшыя за самак. Робяць з галінак і травы своеасаблівыя буданы або альтанкі (адсюль назва) даўж. да 1 м, выш. да 50 см для спароўвання. Пляцоўку перад імі ўпрыгожваюць пер’ем, ракавінамі, бліскучымі каменьчыкамі, насякомымі, кветкамі. Гнёзды на дрэвах, у кладцы 1—3 яйцы. Наседжвае самка. Усёедныя. Здольныя да гукапераймання.