генітальны кантакт двух індывідуумаў з мэтай прадаўжэння роду і палавога задавальнення. Мае 4 стадыі: псіхічную (палавая дамінанта, узбуджэнне), высокага палавога ўзбуджэння, нарастання вастрыні сексуальнага ўзбуджэння, спаду нерв. ўзбуджэння з рэфрактарным перыядам у мужчын (перыяд абсалютнай — поўная адсутнасць эрэкцыі — і адноснай няўзбудлівасці). Кожная наступная стадыя ўзнікае і падключаецца, калі папярэдняя дасягнула пэўнай вышыні развіцця. Вышэйшая ступень палавога акта — аргазм. К. выклікае ўзмацненне кровазвароту, змены ў сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, эндакрыннай і інш. сістэмах мужчыны і жанчыны. Асн. крытэрыі цыкла К. — нейрагумаральная гатоўнасць, палавое ўзбуджэнне, эрэкцыя, перабудова ўсіх сістэм арганізма; значна меншае значэнне маюць частата палавых актаў, іх працягласць і інш. колькасныя паказчыкі. Адрозніваюць К. гетэрасексуальны, гомасексуальны, перапынены, пралангіраваны (адвольна зацягнуты), няпоўны (адсутнасць эякуляцыі і аргазму). Пры парушэнні ў палавым акце неабходна кансультацыя ўрача-сексапатолага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛІЗА́ЦЫЯ,
працэс утварэння крышталёў пры пераходзе рэчыва з тэрмадынамічна менш устойлівага стану ў больш устойлівы; адзін з фазавых пераходаў I роду.
Тыповы прыклад К. — утварэнне крышталёў з пераахалоджаных пары, расплаву ці раствору. Адбываецца таксама пры паліморфных ператварэннях: у час пераходаў з вадкага ў вадкакрышт. стан (гл.Вадкія крышталі), з вадкакрышт. у крышталічны стан, з аморфнага стану ў крышталічны, з аднаго крышт. ў інш. крышталічны стан. Ажыццяўляецца шляхам утварэння цэнтраў К. і іх росту, што магчыма пры некат. тэрмадынамічным перанасычэнні ў выніку ахаладжэння сістэмы. Пры пастаяннай т-ры для К. неабходна змена ціску, напружанасці эл., магн. палёў ці інш. знешніх параметраў. Спрыяюць К. вібрацыя, ультрагук, дзеянне святла і радыяцыі і інш. фактары. Выкарыстоўваюць для вырошчвання монакрышталёў (напр., сінт. алмазу, рубіну, кварцу), пры атрыманні металаў, керамікі, цукру, солей і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК-МАГО́Н ((Mac-Mahon) Мары Эдм Патрыс Марыс) (13.6.1808, замак Сюлі, Францыя — 17.10.1893),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Францыі. Нашчадак стараж.ірл.роду. Маршал Францыі (1859). Скончыў Сен-Сірскую ваен. школу (1827). З 1830 удзельнічаў у заваяванні Алжыра. У Крымскую вайну 1853—56 дывізія М.-М. 8.9.1855 авалодала пад Севастопалем Малахавым курганам, што прадвызначыла падзенне горада. Удзельнік аўстра-італа-французскай вайны 1859. У 1864—70 ген.-губернатар Алжыра. У час франка-прускай вайны 1870—71 няўдала камандаваў арміяй, разам з якой трапіў ў палон да герм. войск пасля паражэння пад Седанам (1870). Пасля вяртання з палону камандуючы арміяй, якая задушыла Парыжскую камуну 1871. Прэзідэнт франц. рэспублікі ў 1873—79. У 1877 удзельнічаў у падрыхтоўцы няўдалай спробы манархічнага дзярж. перавароту. У студз. 1879 датэрмінова пайшоў у адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГУ́СТЫ (Herpestes),
род млекакормячых сям. віверавых атр. драпежных звяроў. 14 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Зах. Еўропе, Малой, Пярэдняй і Паўд. Азіі, Афрыцы. Акліматызаваны ў Вест-Індыі, на Гавайскіх і Фіджы а-вах. Жывуць у розных умовах. Трымаюцца паасобна, часам групамі. Найб. вядомы самы буйны прадстаўнік роду М. егіпецкі — іхнеўмон (H. ichneumon), або фараонаў пацук.
Даўж. цела да 65 см, хваста да 51 см, маса да 3,2 кг. Тулава падоўжанае, канечнасці кароткія, морда вострая. Поўсць кароткая, грубаватая. Афарбоўка бурая розных адценняў, часам са светлымі плямамі. Драпежнікі, кормяцца дробнымі жывёламі, пераважна грызунамі і змеямі, у т. л. ядавітымі. Імунітэту да змяінага яду не маюць, спраўляюцца з імі дзякуючы хуткай рэакцыі. Нараджаюць 2—4 дзіцяняці. Лёгка прыручаюцца. М. называюць таксама шэраг інш. родаў сям. віверавых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ЛЬСКІ ((Massalski) Эдвард Тамаш Ануфрыевіч) (23.9.1799, в. Рудаўка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1879),
польскі пісьменнік. З родуМасальскіх, брат Ю.А.Масальскага. Вучыўся ў Магілёве, Полацку, Віленскім ун-це. У 1823 арыштаваны як член тайнага студэнцкага т-вафіларэтаў. З 1832 рэдактар сатыр.час. «Bałamut» («Баламут») у Пецярбургу. З 1853 жыў у Варшаве. У дыдактычным рамане «Пан Падстоліч, або Чым з’яўляемся мы і чым быць можам» (ч. 1—5, Вільня; Пецярбург, 1831—33, адначасова выйшаў на рус. мове ў перакладзе П.Гаеўскага) паказаў цяжкае жыццё бел. сялян, стварыў вобраз ідэальнага пана. Аўтар прац «Пра славянскія скарбы» (1853), «Звычай пінчукоў і беларусаў» (не апубл.), «Граматыка польскай мовы» (1858), артыкулаў па эканоміцы сельскай гаспадаркі, мемуараў пра сваё знаходжанне на Беларусі (часткова апубл. Г.Масціцкім у кн. «З філарэцкага свету». Вільня, 1924).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ЦКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.
На паўд. беразе Крыма, за 7 км ад г. Ялта, Украіна. Засн. ў 1812 Х.Х.Стэвенам. Пл. 996 га. Каля 3,5 тыс. відаў раслін. У садзе 3 аддзяленні — Цэнтральнае, Стэпавае і Прыморскае; ёсць інтрадукцыйна-каранцінны гадавальнік. Дэндрарый саду складаецца з 4 ландшафтных паркаў, у якіх вывучаюцца перспектыўныя для садова-паркавага буд-ва і лесагадоўлі віды і формы. У калекцыі саду больш за 1600 відаў дрэў і кустоў, з якіх найб. прадстаўлены расліны з роду хвоя, кіпарыс, ядловец, дуб, кізільнік, барбарыс, клён і інш. Разводзяць секвою гіганцкую, міжземнаморскія піхты, платан усходні, веерную пальму Фарчуна і інш. Уведзены ў культуру пладовых насаджэнняў і паркаў сарты персіка, чарэшні, алычы, інжыра, граната, хурмы, міндалю. У гербарыі сада больш за 130 тыс. лістоў. З 1890 выдаюцца «Труды Никитского ботанического сада».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯ́ТЭР (Броэль-Плятэр) Адам Антоні Ануфры
(15.6.1790, г. Краслава, Латвія — 13.1.1862),
краязнавец, археолаг, калекцыянер. З родуПлятэраў. Скончыў Віленскі ун-т (1817). Куратар школ Дынабургскага пав. Віцебскай губ., з 1836 маршалак Дынабургскага пав.Чл.Віленскай археалагічнай камісіі (1856). У выніку падарожжаў па Зах. Дзвіне апісаў помнікі архітэктуры, археалогіі, гіст. мясціны, Барысавы камяні. Вывучаў пахаванні на балцка-славянскім сумежжы. Друкаваўся ў час.«Атэнэум», «Рубон», «Przyjaciel ludu» («Сябар народу») і інш. Пісаў пра самабытнасць краю, мясц. абрады, вераванні. Цікавіўся бел. фальклорам.У сваім доме ў Краславе стварыў музей, б-ку, архіў. Сабраў шмат матэрыялаў з Падзвіння, частку якіх перадаў у Віленскі музей старажытнасцей. Рукапісы П. захоўваюцца ў б-цы Вільнюскага ун-та.
Літ.:
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛАРО́З, птушак, бацылярны белы панос, бацылярная дызентэрыя,
інфекцыйная хвароба птушак групы сальманелёзаў.
Выклікаецца бактэрыямі з родусальманела і пашкоджвае кішэчнік і інш.ўнутр. органы птушанят і яечнікі дарослых птушак. Хварэюць на П. куры, індычкі, перапёлкі, цяцеркі, канарэйкі, галубы і інш.
Крыніца інфекцыі — хворыя птушаняты і дарослыя птушкі-сальманеланосьбіты, якія выдаляюць узбуджальніка з памётам, яйцамі, спермай. Інфекцыя перадаецца з кормам і піццём, праз паветра, пры апладненні. Цячэнне хваробы ў куранят вострае, падвострае і хранічнае. Назіраецца прыгнечанасць, санлівасць, адсутнасць апетыту, павышаная т-ра (да 44 °C), белаваты светлы панос, апярэнне ўскудлачана, крылы звісаюць. У дарослых птушак П. хранічны, бессімптомны, пры ўскрыцці назіраюцца дэфармацыя і перараджэнне фалікулаў яечніка. Смяротнасць куранят 60—70%, кур 30—40%. Магчыма захворванне чалавека пры спажыванні ў ежу заражаных мяса і яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЕ́ЦКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род у Рэчы Паспалітай герба «Яніна» (некат. прадстаўнікі роду карысталіся гербам «Забава»). Найб. вядомыя:
Якуб (? — крас. 1587), падкаморы і канюшы каронны ў 1564—74. Канюшы дворны ВКЛ у 1565—87 (з перапынкам), староста геранёнскі, трабскі, ліпнішскі, дзевянішскі. Геранім (?—1630), сын Якуба пісар польны ВКЛ з 1611. Пасол на сеймы 1607 і 1628. Удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, у перагаворах пры заключэнні перамір’я 1618, у вайне з туркамі 1621. Пётр, сын Якуба, староста больніцкі, падваявода віленскі ў 1621. Андрэй, сын Якуба, стольнік брэсцкі ў 1632. Павел, сын Якуба, падсудак навагрудскі, падваявода ў 1633. Геранім (? — каля 1690), сын Паўла, падсудак слонімскі з 1650, падкаморы з 1661, маршалак з 1672. Шматразовы пасол на сеймы. У 1670—78 віцэ-адміністратар Гродзенскай эканоміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСЯЛО́ЎСКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Агончык». Паходзілі з Польшчы, дзе неаднаразова займалі сенатарскія пасады, з 1780 графы «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У ВКЛ перасяліўся абозны каронны Пётр (1482—1556), які стаў старостам мсцібаўскім і мяцельскім; ад жонкі атрымаў у пасаг Беласток. Пётр (?—1620), сын Пятра. Каралеўскі сакратар, падскарбі надворны ВКЛ з 1590, маршалак надворны з 1598, маршалак вялікі з 1615. На яго сынах Крыштофе і Мікалаю перарвалася галіна роду на Беларусі і ў Літве. Крыштоф (?—19.4.1637), падстолі ВКЛ з 1600, стольнік з 1604, крайчы з 1620, маршалак надворны з 1622, маршалак вялікі з 1635. Удзельнічаў у войнах з туркамі і шведамі. Разам з жонкай А.М.Сабескай заснаваў Гродзенскі кляштар брыгітак. Мікалай (?—19.10.1634), кухмістр ВКЛ з 1611, стольнік з 1623, крайчы з 1626, падчашы з 1630, кашталян жмудскі з 1633.