МАК-МАГО́Н (Mac-Mahon) Мары Эдм Патрыс Марыс
(13.6.1808, замак Сюлі, Францыя — 17.10.1893),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Францыі. Нашчадак стараж. ірл. роду. Маршал Францыі (1859). Скончыў Сен-Сірскую ваен. школу (1827). З 1830 удзельнічаў у заваяванні Алжыра. У Крымскую вайну 1853—56 дывізія М.-М. 8.9.1855 авалодала пад Севастопалем Малахавым курганам, што прадвызначыла падзенне горада. Удзельнік аўстра-італа-французскай вайны 1859. У 1864—70 ген.-губернатар Алжыра. У час франка-прускай вайны 1870—71 няўдала камандаваў арміяй, разам з якой трапіў ў палон да герм. войск пасля паражэння пад Седанам (1870). Пасля вяртання з палону камандуючы арміяй, якая задушыла Парыжскую камуну 1871. Прэзідэнт франц. рэспублікі ў 1873—79. У 1877 удзельнічаў у падрыхтоўцы няўдалай спробы манархічнага дзярж. перавароту. У студз. 1879 датэрмінова пайшоў у адстаўку.
т. 9, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)