КРЫШТАЛІЗА́ЦЫЯ,
працэс утварэння крышталёў пры пераходзе рэчыва з тэрмадынамічна менш устойлівага стану ў больш устойлівы; адзін з фазавых пераходаў I роду.
Тыповы прыклад К. — утварэнне крышталёў з пераахалоджаных пары, расплаву ці раствору. Адбываецца таксама пры паліморфных ператварэннях: у час пераходаў з вадкага ў вадкакрышт. стан (гл. Вадкія крышталі), з вадкакрышт. у крышталічны стан, з аморфнага стану ў крышталічны, з аднаго крышт. ў інш. крышталічны стан. Ажыццяўляецца шляхам утварэння цэнтраў К. і іх росту, што магчыма пры некат. тэрмадынамічным перанасычэнні ў выніку ахаладжэння сістэмы. Пры пастаяннай т-ры для К. неабходна змена ціску, напружанасці эл., магн. палёў ці інш. знешніх параметраў. Спрыяюць К. вібрацыя, ультрагук, дзеянне святла і радыяцыі і інш. фактары. Выкарыстоўваюць для вырошчвання монакрышталёў (напр., сінт. алмазу, рубіну, кварцу), пры атрыманні металаў, керамікі, цукру, солей і інш.
М.М.Сірата.
т. 8, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)