ПЯСЕ́ЦКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род у Рэчы Паспалітай герба «Яніна» (некат. прадстаўнікі роду карысталіся гербам «Забава»). Найб. вядомыя:
Якуб (? — крас. 1587), падкаморы і канюшы каронны ў 1564—74. Канюшы дворны ВКЛ у 1565—87 (з перапынкам), староста геранёнскі, трабскі, ліпнішскі, дзевянішскі. Геранім (?—1630), сын Якуба пісар польны ВКЛ з 1611. Пасол на сеймы 1607 і 1628. Удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, у перагаворах пры заключэнні перамір’я 1618, у вайне з туркамі 1621. Пётр, сын Якуба, староста больніцкі, падваявода віленскі ў 1621. Андрэй, сын Якуба, стольнік брэсцкі ў 1632. Павел, сын Якуба, падсудак навагрудскі, падваявода ў 1633. Геранім (? — каля 1690), сын Паўла, падсудак слонімскі з 1650, падкаморы з 1661, маршалак з 1672. Шматразовы пасол на сеймы. У 1670—78 віцэ-адміністратар Гродзенскай эканоміі.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 13, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)