жанр сямейна-абрадавага фальклору. Вядомы многім славянскім народам. Спяваліся ў час сямейнага святкавання радзін. Найб. даўнія Р.п. захавалі сляды магічнага светапогляду эпохі першабытнаабшчыннага ладу, імкнення сілай слова абараніць дзіця ад злых сіл і забяспечыць яму шчаслівую долю. У іх па-мастацку адлюстраваліся светапогляд, глыбокая нар. філасофія, пачуцці, духоўна-жыццёвы вопыт народа; яны асабліва цесна звязаны з вясковым побытам. Да Р.п. далучаюцца застольныя і бяседныя песні, непасрэдна не звязаныя з абрадам, але прымеркаваныя да яго. Разам з валачобнымі песнямі, восеньскімі песнямі і жніўнымі песнямі належаць да спецыфічных з’яў бел. фальклору, у якім найб. захаваліся. Шырока вядомы на ўсёй Беларусі, асабліва на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Большасць Р.п. групуецца вакол найважнейшых удзельнікаў сямейнай урачыстасці. Паводле зместу і прызначэння падзяляюцца на песні-велічанні да парадзіхі і бацькі, песні-зычэнні да дзіцяці, песні апавядальнага характару пра бабку, песні-велічанні і жартоўныя песні да бабкі і кумоў — самых шаноўных гасцей.
Напевы Р.п. уяўляюць сабой сістэму, якая ў сямейна-абрадавым цыкле вылучаецца сваёй спецыфікай. Ядро сістэмы ўтвараюць 6 асн. тыпавых політэкставых напеваў, адной частцы якіх уласціва стылістыка напеваў-формул, другой — больш індывідуалізаваных напеваў лірычнай вобразнасці. Тыпавыя напевы распаўсюджаны ў межах агульнага арэала пашырэння ўласна радзінных напеваў (ахоплівае ўсю Віцебскую вобл., паўн.ч. Гродзеншчыны, Міншчыны і Магілёўшчыны). Да ўласна радзінных адносяцца таксама абрадавыя па функцыі формульныя або лірызаваныя па стылістыцы полі- і монатэкставыя напевы вузкалакальнага або нават пунктавага пашырэння, а таксама напевы, што маюць рассеяны характар распаўсюджання. Другая група Р.п. — бяседныя і застольныя, частка якіх звязана толькі з абрадам радзін, інш. могуць выконвацца ў любой адпаведнай сітуацыі. Трэцяя група — лірычныя песні пераважна сямейна-быт. тэматыкі. Найб. месца ў абрадзе яны займаюць у той ч. Беларусі, дзе адсутнічаюць тыповыя радзінныя напевы.
Публ.: Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 2. Мн., 1960; Радзінная паэзія. Мн., 1971; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974. С. 311—358; Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Радзіны. Мн., 1998; Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998; Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, вып. 1. С. 206—225;
Гілевіч Н. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 69—74;
Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 193—201;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993. С. 92—95.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ЗДАРО́ЎЯ,
сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне здароўя кожнага грамадзяніна і насельніцтва ў цэлым. Арыентуецца на забеспячэнне належнага стану асяроддзя, у якім жыве чалавек, стварэнне спрыяльных умоў працы, быту і адпачынку для яго актыўнага даўгалецця, своечасовае аказанне паўнацэннай мед. дапамогі хворым, папярэджанне ўзнікнення і пашырэння хвароб сярод насельніцтва. Аб’ядноўвае меры заканад., паліт., сац.-эканам., культ.-асветнага, навук., мед., сан.-гігіенічнага, прафілакт.-нарматыўнага, кадравага і інш. характару. Робіць уплыў на сац. і эканам. дабрабыт насельніцтва, на вынікі вытв. дзейнасці, дэмаграфічную сітуацыю і якасць народанасельніцтва. Узровень развіцця аховы здароўя залежыць ад сац.-эканам. працэсаў у грамадстве, яго дзярж. будовы і палітыкі.
Сістэма аховы здароўя ў эканам. развітых краінах уключае 3 асн. блокі: дзярж.мед. забеспячэнне, кантроль і дапамога; грамадскія формы забеспячэння аховы здароўя; мед. страхаванне. Адпаведна фарміруюцца і крыніцы фінансавання аховы здароўя: з дзярж. бюджэту, адлічэнняў ад даходаў прадпрымальнікаў, страхавых узносаў насельніцтва, дабрачынных ахвяраванняў. Арганізацыйную структуру аховы здароўя складаюць службы: кіравання, падрыхтоўкі кадраў (гл.Медыцынская адукацыя) і навук. забеспячэння (гл.Медыцына), аказання лячэбна-прафілакт. дапамогі насельніцтву, сан.-эпідэміял. абслугоўвання, фармацэўтычнай вытв-сці і забеспячэння насельніцтва лек. прэпаратамі, прафілакт. і дапаможнымі вырабамі мед.прызначэння (гл.Аптэка), буд-ва і аснашчэння мед. устаноў матэрыяламі, абсталяваннем, тэхн. сродкамі і інш.
На Беларусі заканад. базу аховы здароўя складаюць палажэнні Канстытуцыі і законы (гл.Заканадаўства аб ахове здароўя). Асн. прынцыпы дзярж. палітыкі ў дачыненні да аховы здароўя: даступнасць кваліфікаванай мед. дапамогі і фармацэўтычнага забеспячэння насельніцтва; прафілактычная накіраванасць; прыярытэтнае і льготнае мед. абслугоўванне і лекавае забеспячэнне дзяцей, маці інвалідаў, сац. маламаёмных грамадзян; падкантрольнасць дзейнасці ўсіх мед. работнікаў і ўстаноў органам аховы здароўя; адказнасць, эканам. зацікаўленасць і роўныя магчымасці ў забеспячэнні належнага стану здароўя грамадзян; удзел грамадскасці і кожнага грамадзяніна ў ахове здароўя. Да функцый аховы здароўя адносяцца таксама: аказанне хуткай медыцынскай дапамогі і неадкладнай медыцынскай дапамогі, мед.-сан. абслугоўванне і рэабілітацыя сацыяльна небяспечных хворых, донарства і трансплантацыя органаў і тканак, санітарна-курортнае лячэнне санаторна-курортнае лячэнне, мед. экспертыза, кансультаванне і інш. На пач. 1994 на Беларусі 5,8 тыс. амбулаторна-паліклінічных устаноў, больш за 200 станцый хуткай і неадкладнай мед. дапамогі, каля 840 бальнічных устаноў, больш за 230 зубапратэзных майстэрняў, 4 мед. ін-ты, 18 мед. вучылішчаў, ін-т удасканалення ўрачоў, ін-т павышэння кваліфікацыі фармацэўтычных і мед. работнікаў сярэдняга звяна, каля 150 цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, 1200 аптэк, 60 санаторыяў, больш за 40 тыс. урачоў і каля 110 тыс.мед. работнікаў сярэдняга звяна. Асобны кірунак у ахове здароўя — Ахова здароўя дзяцей і падлеткаў.
Э.А.Вальчук.
Да арт.Ахова здароўя. Санаторый «Радон» (Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобл.).Да арт.Ахова здароўя. У лячэбных установах г. Мінска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту па перавозцы грузаў і пасажыраў аўтамабілямі. Уключае аўтатранспартныя сродкі, аўтамабільныя дарогі і рамонтна-эксплуатацыйную службу ў аўтагаспадарках і на аўтадарогах. Паводле прызначэння бывае грузавы, пасажырскі (аўтобусы, легкавыя аўтамабілі, у т. л. таксаматоры), спецыяльны (аўтацыстэрны, аўтакраны, аўтапагрузчыкі, сан., пажарныя машыны і інш.); паводле формаў уласнасці — дзярж., ведамасны, муніцыпальны (гарадскі), прыватны. Адрозніваюць унутрыгар. (мясцовыя), міжгароднія і міжнар. перавозкі грузаў і пасажыраў. Для забеспячэння парадку і бяспекі работы аўтамабільнага транспарту ўведзены правілы дарожнага руху, нумарныя і знакі дарожныя, створана сістэма дзярж. аўтаінспекцыі (ДАІ).
Аўтамабільны транспарт пачаў фарміравацца з канца 19 ст. з развіццём аўтамабільнай прамысловасці і буд-вам аўтамаб. дарог. У 1900 у краінах свету было 11 тыс. аўтамабіляў, у 1940 — 46 млн., у 1950 — 70,4 млн., у 1990 — 430 млн., у 1994 — 472 млн. У 1993 аб’ём перавозак грузаў у краінах свету дасягнуў 50,6 млрд.т, а грузаабарот 3564,6 млрд.т∙км, агульны пасажыраабарот склаў 10,1 млрд. пасажыра-км. Найб. колькасць легкавых і грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў у ЗША — адпаведна 141, 42,2, 0,6 млн.; у ФРГ — 26,2, 4,7, 0,07 млн. (1988). У ЗША найб. і працягласць шашэйных дарог (6235 тыс.км), з іх 5637 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; у ФРГ адпаведна 2003 тыс.км і 1803 тыс.км (1987). У Расіі ў 1913 было 8,8 тыс. аўтамабіляў, пераважна легкавых, у 1994 — 2,92 млн. грузавых і 11,5 млн легкавых аўтамабіляў, 1,29 млн. аўтобусаў; працягласць шашэйных дарог 925 тыс.км, у т. л. 726 тыс.км з цвёрдым пакрыццём.
На Беларусі ў 1910 было 65 аўтамабіляў, крыху больш за 1 тыс.км дарог з цвёрдым пакрыццём (8 км дарогі на 1000 км² плошчы). У час ваен. дзеянняў 1914—20 большасць дарог з цвёрдым пакрыццём разбурана. Развіццё аўтамабільнага транспарту пачалося ў сав. час (гл. табліцу). У 1994 тут было 230 тыс. грузавых, 708 тыс. легкавых аўтамабіляў, 33 тыс. аўтобусаў. Унутрыгасп. і прыгарадны аўтатранспарт функцыянаваў у 111 гарадах, дзейнічала 3450 унутрырэсп. аўтобусных ліній і 80 ліній за межы Беларусі, 105 аўтастанцый, 37 аўтавакзалаў. На тэр. Беларусі дзейнічае разгалінаваная сетка аўтамабільных дарог (гл. карту-схему), у складзе якой і аўтамагістраліміжнар. значэння. З 1990-х г. ажыццяўляецца структурная перабудова аўтамабільнага транспарту: побач з дзярж. груза- і пасажыраперавозкамі інтэнсіўна развіваюцца міжнар. грузавыя перавозкі камерц. структурамі, павялічваецца доля арэнднага і прыватнага аўтапарка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗАБЕТО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,
элементы будынкаў і збудаванняў, вырабленыя з жалезабетону. Бываюць: маналітныя (фармуюцца ў апалубцы на месцы буд-ва), зборныя (састаўляюцца з асобных элементаў, папярэдне зробленых на спец. з-дах і палігонах) і зборна-маналітныя (спалучаюць зборныя элементы з маналітным бетонам, які ўкладваецца на буд. пляцоўцы); звычайныя (іх разнавіднасць — армацэментавыя канструкцыі) і папярэдне напружаныя канструкцыі; з стальной, шклапластыкавай арматурай і дысперснаарміраваныя (з фібрабетону); вібраўшчыльненыя, центрыфугаваныя, прасаваныя, вакуумаваныя, атрыманыя камбінаванымі спосабамі і інш.
Маналітныя канструкцыі выкарыстоўваюцца пераважна пры асабліва вял. нагрузках (фундаменты, каркасы і перакрыцці шматпавярховых прамысл. будынкаў, гідратэхн. аб’екты, пакрыцці аўтадарог, элементы мастоў, пуцеправодаў і інш.). Зборныя канструкцыі пашыраны пры індустр. буд-ве. Ідуць на фундаменты і падземныя часткі будынкаў і збудаванняў (фундаментальныя блокі і пліты, панэлі і блокі сцен падвалаў), на каркасы будынкаў (калоны, рыгелі, прагоны, падкранавыя бэлькі, фермы), на вонкавыя і ўнутр. сцены (сценавыя і перагародачныя панэлі і блокі), на міжпавярховыя перакрыцці і пакрыцці будынкаў (панэлі, пліты, насцілы) і інш.Зборна-маналітныя канструкцыі выкарыстоўваюцца гал. чынам у перакрыццях шматпавярховых будынкаў, у мастах і пуцеправодах, пры ўзвядзенні некаторых абалонак і інш. Іх ужыванне асабліва мэтазгодна пры вял. дынамічных нагрузках (у т. л. сейсмічных), а таксама з-за ўмоў транспартавання і мантажу. У канструкцыях выкарыстоўваецца ў асн. гнуткая арматура ў выглядзе асобных стрыжняў, зварных сетак і каркасаў. Акрамя падоўжнай арматуры ўстанаўліваецца размеркавальная мантажная і папярочная арматура (хамуты, адгіны), часам прадугледжваецца ўскоснае арміраванне ў выглядзе зварных сетак і спіралей. Для папярэдне напружаных канструкцый выкарыстоўваюць высокатрывалую стрыжнёвую арматуру і дрот, а таксама пасмы і канаты з яго; для электраізалюючых. каразійнаўстойлівых і інш. канструкцый спец.прызначэння — шклапластыкавую арматуру (стрыжні з шкляных нітак, аб’яднаных палімернымі кампазіцыямі).
Літ.:
Баженов Ю.М., Комар А.Г. Технология бетонных и железобетонных изделий. М., 1984;
Ахвердов И.Н. Технология железобетонных изделий и конструкций специального назначения Мн., 1993;
Проектирование железобетонных конструкций:, Справ. пособие. 2 изд. Киев, 1990.
М.М.Гурбо.
Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі: а — жалезабетонны блок (1 — бетон, 2 — арматура са стальных стрыжняў); б — папярэдненапружаны блок (1 — стрыжні пад нацяжэннем, 2 — стальныя трубкі); в — бэлька з вязаным арматурным каркасам (1 — асноўная рабочая арматура, 2 — хамуты, 3 — мантажная арматура); г — калона з вязаным арматурным каркасам (1, 2 — асноўная і папярочная арматура).Жалезабетонныя вырабы і канструкцыіа — жалезабетонны каркас прамысловага будынка (1 — фундамент; 2, 8 — калоны вонкавая і ўнутраная; 3 — фундаментная бэлька; 4 — сценавая пліта; 5 — падкранавая бэлька; 6 — пліта пакрыцця; 7 — бэлька пакрыцця); б — зборныя канструкцыі буйнапанэльнага жылога будынка (1 — фундаментны блок, 2 — пліта перакрыцця, 3 — нясучая панэль папярочнай сцяны, 4 — дахавая пліта, 5 — вонкавая сценавая панэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎКА МАСТА́ЦКАЯ,
выраб рэчаў утылітарна-дэкар.прызначэння шляхам гарачага ці халоднага кавання металу; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Вядома з 4—3-га тыс. да н.э. ў Іране, Месапатаміі, Егіпце; халодная К.м. ў індзейцаў Паўн. і Паўд. Амерыкі да 16 ст.н.э. У перыяд сярэдневякоўя дасягнула росквіту ў Зах. Еўропе (рашоткі для балконаў, дзвярэй, агароджаў, ліхтары, святцы, акаваныя жалезам куфры, дзверы ў касцёлах і інш.). Традыцыі К.м. як сярэдневяковага рамяства захаваліся ў нар. мастацтве Да 19 ст. Сярод твораў 15—19 ст. вылучаюцца каваныя ліхтары, рашоткі, брамы Версаля (Францыя), Пецярбурга, Царскага Сяла (Расія). Шматлікія гарады спецыялізаваліся ў розных галінах кавальства: Герат (Афганістан), Масул (Ірак) — начынне, Дамаск, Мілан (Італія), Аўгсбург (Германія), Астрахань і Тула (Расія) — зброя, Нотынгем (Вялікабрытанія), Золінген (Германія), Паўлава (Расія) — нажы і інструменты. У 19 ст. ручная К.м. выцеснілася штампоўкай і ліццём. Традыцыі К.м. адрадзіліся ў 20 ст. ў творах прафес. мастакоў.
На Беларусі па-мастацку выкаваныя посуд, зброя, прадметы побыту вядомы з 11—12 ст. Росквіту К.м. дасягнула ў 16—17 ст. ў сувязі з арганізацыяй кавальскіх цэхаў (Брэст, Слуцк, Полацк, Віцебск, Магілёў і інш.), дзе выраблялі рэчы утылітарнага і маст. характару — дэкар. ліхтары, падстаўкі пад вазоны, надмагільныя і царк. крыжы «са ззяннем», накладкі на мэблю і дзверы, падсвечнікі і інш. Больш за 160 кавалёў з Беларусі ў 2-й пал. 17 ст. працавалі ў Маскоўскай дзяржаве. У 18 ст. буйнымі цэнтрамі кавальства былі Віцебск, Гродна, Пінск, Мінск, Магілёў, дзе выраблялі балконныя і аконныя рашоткі, агароджы, вароты, надкупальныя крыжы, алтарныя перагародкі, флюгеры, завесы, замкі, дзвярныя ручкі і інш.Асн. від дэкору каваных агароджаў — спалучэнні S- і C-падобных завіткоў, скручванне жалезных прутоў вакол падоўжнай восі, арнаментальныя матывы ў выглядзе разетак, бегункоў, меандру, картушаў. Накладкі на мэблі і дзвярах аздаблялі прасечкай, гравіроўкай, насечкай у выглядзе геам. узораў. У 2-й пал 19 ст. ў сувязі з развіццём прамысловасці К.м. ў гарадах заняпала, але захавала свае традыцыі ў нар. побыце. Сярод майстроў К.м. канца 19 — пач. 20 ст. П.Багрым, С.Манко, А.Уласік і інш. У 2-й пал. 20 ст. як маст. промысел выйшла з ужытку. У наш час К.м. вядома ў творчасці некаторых прафес.бел. мастакоў: А.Зайцава, Б.Казакова, Я.Карманава, С.Ларчанкі, Ю.Любімава, В.Сташчанюка, А.Сурскага і інш.
Літ.:
Сахута Я.М. Народнае мастацтва кавальства. Мн., 1981.
А.І.Сямёнаў.
Да арт.Коўка мастацкая. Люстра работы П.Багрыма з Крошынскага касцёла (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобл.). 2-я пал. 19 ст.Да арт.Коўка мастацкая Ю.Любімаў. Камінная рашотка. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзел фізікі, у якім вывучаюцца працэсы генерацыі, узмацнення і распаўсюджвання лазернага выпрамянення, яго ўзаемадзеяння з рознымі асяроддзямі і аб’ектамі; фіз. асновы стварэння і выкарыстання лазераў частка квантавай электронікі.
Узнікла ў 1960-я г. на мяжы оптыкі, радыёфізікі, электронікі і матэрыялазнаўства. Атрымала хуткае развіццё з прычыны асаблівых якасцей лазернага промня: яго надзвычай высокіх кагерэнтнасці, монахраматычнасці, накіравальнасці распаўсюджвання, прасторавай і часавай шчыльнасці энергіі, вельмі малой працягласці асобных імпульсаў. Гэтыя якасці, іх спалучэнні і камбінацыі абумовілі развіццё лазернай тэхнікі — лазерных сродкаў даследавання розных асяроддзяў і аб’ектаў, выканання разнастайных лазерных тэхналогій, у т. л. тонкіх, стварэння аптычнай сувязі, апрацоўкі, запісу і счытвання інфармацыі (гл.Аптычны запіс). Выкарыстанне лазернага выпрамянення выклікала змены шэрагу паняццяў і ўяўленняў оптыкі і інш. галін ведаў. У выніку выкарыстання лазераў выяўлены і даследаваны такія нелінейна-аптычныя з’явы, як генерацыя гармонік, складанне і адыманне частот, вымушанае камбінацыйнае рассеянне, самафакусіроўка і тунэляванне лазернага пучка, чатырохфатоннае змешванне, двухфатоннае паглынанне, амплітудна-фазавая канверсія мадуляцыі, утварэнне салітонаў і інш. Нелінейна-аптычныя з’явы знайшлі шырокае выкарыстанне для кіравання характарыстыкамі лазернага выпрамянення (пры яго генерацыі і распаўсюджванні), вывучэння структуры рэчыва (гл.Лазерная спектраскапія) і дынамікі розных працэсаў у асяроддзях. У імпульсах лазернага выпрамянення фемтасекунднай (10 с) працягласці дасягнуты шчыльнасці магутнасці парадку 1021Вт/см². Сілы ўздзеяння такіх імпульсаў на электроны і ядры атамаў істотна перавышаюць сілы іх узаемадзеяння ў ядрах, што дае магчымасць кіроўнага ўздзеяння на структуру атамаў і малекул. Лазерныя крыніцы выпрамянення выкарыстоўваюцца ў звычайных аптычных прыладах, што значна паляпшае іх характарыстыкі і пашырае магчымасці, і для стварэння прынцыпова новых прылад і метадаў даследавання, новых тэхн. сродкаў (аптычныя дыскі. лазерныя прынтэры, аудыё- і відэапрайгравальнікі, лініі валаконна-аптычнай сувязі, галаграфічныя і кантрольна-вымяральныя прылады). Дасягненні Л.ф. шырока выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, прамысл. тэхналогіях, у ваен. тэхніцы, касманаўтыцы, медыцыне.
На Беларусі даследаванні па Л.ф. пачаліся ў 1961 у Ін-це фізікі АН пад кіраўніцтвам Б.І.Сцяпанава. Праводзяцца ў ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю Нац.АН Беларусі, установах адукацыі і прамысл. арг-цыях. Прадказана і атрымана генерацыя на растворах складаных малекул, створана серыя лазераў з плаўнай перастройкай частаты ў шырокім дыяпазоне; прапанаваны метады разліку і кіравання энергет., часавымі, частотнымі, палярызацыйнымі і вуглавымі характарыстыкамі лазераў і лазернага выпрамянення; створаны новыя тыпы лазерных крыніц святла агульнага і спец.прызначэння. Распрацаваны фіз. асновы дынамічнай галаграфіі, вывучаны заканамернасці ўзнікнення і працякання многіх нелінейна аптычных з’яў і распаўсюджвання святла ў нелінейна-аптычных асяроддзях.
Літ.:
Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;
Коротеев Н.И., Шумай И.Л. Физика мощного лазерного излучения. М., 1991;
Ярив А. Введение в оптическую электронику: Пер. с англ.М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ТА (лац. moneta),
грашовы знак, адзін з законных плацежных сродкаў. Стандартызаваны па памерах, пробе, масе кавалак каштоўнага металу правільнай формы, які можа прымацца не на вагу, а на лік, або грашовыя метал. знакі з медзі, бронзы, нікелю, алюмінію, цынку і інш. У адрозненне ад зліткаў мае па ўсёй паверхні адбітак штэмпеля з выявамі і надпісамі (з 2-й пал. 16—17 ст. і на гурце), якія засцерагалі М. ад падробкі, абразання і гарантавалі яе якасць ад імя імітэнта. Назву традыцыйна звязваюць з адным з імён вярх. рымскай багіні Юноны (Рэгіна — царыца, Соспіта — збавіцельніца; Манета — дарадчыца), пры храме якой у 3 ст. да н.э. ў рымскім Капітоліі знаходзіўся манетны двор. Першыя М. з’явіліся ў Кітаі ў 12 ст. да н.э. Надпіс «Moneta» сустракаецца на стараж.-рымскіх М., ранніх зах.-еўрап. дэнарыях; як частка легенды — на еўрап. М., што абарачаліся і ў ВКЛ з 14 ст., і ў легендзе М. ВКЛ. У 16 ст. ў ВКЛ М. называлі сярэднія наміналы, меншыя за талер, але большыя за пенязь (дэнарый); у 17 ст. — і талерную з удакладненнем «добрая», «твардая», а таксама дробную з удакладненнем «шэлядная» М. У бел. пісьмовых крыніцах на працягу 15—18 ст. сустракаюцца М. белая, М. бітая, М. важная, М. грубая, М. давна, М. добрая, М. старадавна, М. цвёрдая, М. цалковая як вызначэнне дабраякаснай, і М. фальшывыя, да якіх ставіліся як да непажаданых. Па манетнай стапе ў 16 ст. адрознівалі М. літоўскую і М. польскую (адпавядала 8/10 літоўскай). Паводле прызначэння вылучаюць М. абяговую, М. данатыву («падарункавая»), М. камемаратыўную (памятная), М. пробную, М. навадзельную і М. антыкварную падробку. Паводле функцыі ў грашовым абарачэнні адрозніваюць М. паўнавартасную (банкаўскую) і разменную (дробную, білонную). Залежна ад тэхнікі вырабу М. адносяць да літых (адлітых у форму з выявамі), чаканеных (атрыманых з дэфармацыяй процілеглага ад выявы боку, аднабаковых), бітых (штампаваных), вальцаваных (зробленых пракаткаю). Паводле металу М. падзяляюцца на мона- і біметалічныя, у т. л. плакіраваныя (з ядром з інш. металу). М. мае манетнае поле з выявамі і легендамі на ім, апушку па краі поля, гурт. Гал. характарыстыкі М. — проба і маса (у стараж. нарматыўных дакументах апісвалася паняццем стапа); існавалі дапушчальныя адхіленні (рэмедыум) па масе, пробе і таўшчыні. У нумізматычных апісаннях істотную ролю адыгрывае фіксацыя суадносін восей выяў аверса (гал. бок) і рэверса (адваротны бок) М. адносна адзін аднаго. Гісторыю манетных сістэм і абарачэння М. у якасці грошай, М. як артэфакты, тэхніку манетнай справы вывучае нумізматыка.
Літ.:
Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
І.Л.Сінчук.
Да арт.Манета. Рымскі дэнарый (каля 45 да н.э.) з выявамі багіні Юноны-Манеты і інструментаў манетчыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛАДАБУДАВА́ННЕ,
комплекс галін прам-сці па вытв-сці сродкаў вымярэнняў, аналізу, апрацоўкі і прадастаўлення інфармацыі, прылад і прыстасаванняў кантролю і рэгулявання тэхнал. працэсаў, сродкаў аўтаматызацыі вытворчасці, сістэм кіравання і навук. даследаванняў. У залежнасці ад тэхнал. асаблівасцей адрозніваюць П. дакладнай механікі і электрамеханікі, аптычнае, оптаэлектроннае і лазернае, электроннае. Найб. пашыраны прылады вымярэння мех. (вуглавых і лінейных памераў і перамяшчэнняў, масы, сілы, вібрацыі, цвёрдасці, дэфармацыі, трываласці), эл. і магн. (напружання, току, магутнасці, частаты, супраціўлення, ёмістасці), цеплаэнергет. (т-ры, ціску, расходу рэчыва, узроўню), аптычных, радыяцыйных і інш. велічынь. Сродкі вымяральнай тэхнікі ў спалучэнні з рэгулюючымі, вылічальнымі і выканаўчымі прыстасаваннямі складаюць тэхн. базу аўтаматызаваных сістэм кіраваннятэхнал. працэсамі.
Значнае месца ў П. займаюць: прылады і прыстасаванні вылічальнай тэхнікі, што выкарыстоўваюцца для механізацыі і аўтаматызацыі працэсаў вылічэнняў і апрацоўкі інфармацыі пры рашэнні інж. і навук. задач; аналітычныя прылады для вызначэння саставу і канцэнтрацыі рэчываў у розных асяроддзях, матэрыялах і прадуктах (электрахім., ультрагукавыя, аптычныя, ядзерныя і інш. аналізатары); сродкі тэлемеханікі для перадачы інфармацыйных сігналаў і кіроўных імпульсаў на вял. адлегласці; прылады і прыстасаванні выпрабавальнай тэхнікі, аргтэхнікі. Стварэнню кампактных надзейных прылад, вымяральных, вылічальных і інш. сродкаў тэлемеханікі і аўтаматыкі садзейнічала развіццё мікраэлектронікі. оптаэлектронікі, мікрамеханікі і г.д., выкарыстанне матэрыялаў з асаблівымі ўласцівасцямі (плёнак, вадкіх крышталёў, магн. вадкасцей і да т.п.), новых тэхналогій.
Прадукцыя П. шырока выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і быту.
У 19 ст. ў Расіі было некалькі невял. прадпрыемстваў, якія выпускалі тэрмометры, вагі. манометры, вадамеры і інш. найпрасцейшыя прылады. У СССРпрамысл.вытв-сць прадукцыі П. пачалася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. З 1965 існавала Мін-ва прыладабудавання, сродкаў аўтаматызацыі і сістэм кіравання. Найбольшыя спецыялізаваныя прадпрыемствы пабудаваны ў Маскве, Ленінградзе, на Украіне, Беларусі, у рэспубліках Прыбалтыкі.
На Беларусі ў 1789—93 дзейнічала Беражанская гадзіннікавая мануфактура, з канца 19 ст. — ф-ка ў Віцебску, якая вырабляла акуляры, фіз., аптэкарскія і хірург. інструменты, і некалькі майстэрняў па рамонце нескладаных прылад. У 1920-я г. адзін з цэхаў мінскага з-да «Энергія» вырабляў вагі. У 1930 створаны вагавы з-д «Ударнік». У пач. 1950-х г. пачата вытв-сць больш складаных і дакладных прылад. Як асобная галіна П. сфарміравалася ў 1950—60-я г. з уводам у дзеянне Гомельскага завода вымяральных прылад і інш. Разнастайныя прылады прамысл., энергет. і быт.прызначэння выпускаюць Брэсцкі электрамеханічны завод, Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскі прыладабудаўнічы завод, Гродзенскі завод «Радыёпрылада», Магілёўскі завод «Электрарухавік», Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі, Мінскі гадзіннікавы завод, Мінскі прыборабудаўнічы завод і інш.Н.-д. і доследна-канструктарскія работы ў галіне П. вядуцца ў Мінскім навукова-даследчым прыборабудаўнічым інстытуце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЬБА́ МАСТА́ЦКАЯ,
спосаб маст. апрацоўкі дрэва, косці, каменю і інш. цвёрдых матэрыялаў шляхам выразання арнаментальных ці сюжэтных кампазіцый; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Р.м. аздабляюць прадметы побыту (мэблю, хатняе начынне, прылады працы), будынкі (гл.Разьба архітэктурная), яе тэхніку выкарыстоўваюць у стварэнні скульптуры. Самаст. від Р.м. — гліптыка.
Узнікла ў глыбокай старажытнасці з паяўленнем рэзальных інструментаў з каменю і косці, пазней — металічных; вядома ўсім народам свету. Шырока вядома Р.м. па лаку ў Кітаі і Японіі, па камені і косці ў Індыі, па ганчу ва Узбекістане. бурацкая каменная пластыка, якуцкая і халмагорская разьба па косці ў Расіі.
На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.м. Контурная разьба выконваецца заглыбленымі лініямі на гладкім фоне, блізкая да гравіравання; выемчатая разьба (пераважна трохгранна-выемчатая) утварае ўзор, заглыблены ў гладкі фон; рэльеф ная разьба мае заглыблены фон і ўзнятыя над ім выявы або ўзор — нізкарэльефныя (барэльеф) ці высокарэльефная (гарэльеф); скразная разьба не мае фону і ўяўляе сабой ажурную кампазіцыю (у залежнасці ад размяшчэння ўзору ў адной ці некалькіх плоскасцях адрозніваюць плоскаажурную і аб’ёмна-ажурную Р.м.); аб’ёмная разьба стварае трохмерную выяву, звычайна скульптуру малых форм. Найб. старадаўняя на Беларусі контурная і аб’ёмная разьба па дрэве і косці. З часоў каменнага веку вядомы касцяныя вырабы, арнаментаваныя контурнай разьбой геам. характару, касцяныя і драўляныя фігуркі жывёл і чалавека, выразаныя вельмі схематычна і ўмоўна. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па косці і камені ў 9—13 ст. (Шклоўскі ідал, абразкі з каменю і шыферу, ліцейныя формы). Інтэр’еры храмаў, сядзіб, палацаў, мэблю аздаблялі нізкарэльефнай разьбой па дрэве, якая ў 17—18 ст. развілася ў аб’ёмна-ажурную (гл.Беларуская рэзь). З 17 ст. вядома разьба па шкле (гл.Шкло мастацкае). Фоны абразоў упрыгожвалі разьбой па ляўкасу. Разьбой па дрэве і стука аздаблялі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены храмаў і палацаў (гл.Манументальна-дэкаратыўная скульптура). З канца 19 ст. Р.м. пашыралася ў нар. дойлідстве, аздабленні мэблі; разьбой геам. характару аздаблялі хатняе начынне, прадметы побыту, посуд, прылады працы (гл.Берасцяныя вырабы, Камянецкія прасніцы). У наш час Р.м. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі. Бытавыя рэчы, посуд, вырабы сувенірнага і маст.прызначэння з дрэва, рогу, бяросты выпускаюць прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць).
Літ.:
Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;
Да арт.Разьба мастацкая. Складзень. Візантыя. Разьба па косці. 10—11 ст.Да арт.Разьба мастацкая. А.Штанг. Ваза «Поўнач». Халмагорская разьба па косці. Расія. 1977.Да арт.Разьба мастацкая. Каменная пліта з выявай ільва. Горад Ваўкавыск Гродзенскай вобл. 12 ст.Да арт.Разьба мастацкая. Фрагмент прасніцы. Камянецкі раён Брэсцкай вобл. 1920-я г.Да арт.Разьба мастацкая. Самшытавы грэбень. З раскопак Мінскага замчышча. 13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧА-ДАРО́ЖНАЕ І КАМУНА́ЛЬНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,
галіна машынабудавання і металаапрацоўкі. Уключае прадпрыемствы па выпуску буд.-дарожнай, пагрузачнай, меліярац. тэхнікі, абсталявання для прам-сці буд. матэрыялаў і камунальнай гаспадаркі. Выпускае буд.-дарожныя машыны для падрыхтоўчых работ (дрэвавальныя, кустарэзныя і інш.), земляных (экскаватары, скрэперы, бульдозеры, грэйдэры), для ўшчыльнення палатна дарог (каткі), а таксама жвіраўкладчыкі, гудранатары, бітумавозы, асфальта- і бетонаўкладчыкі і інш., камунальныя машыны для догляду дарог і іх рамонту, сан. ачысткі і прыбірання тэрыторыі населеных пунктаў (падмятальна-ўборачныя, палівальна-мыйныя, снегаачышчальнікі і снегапагрузчыкі і інш.), для прыбірання памяшканняў грамадскага прызначэння (пыласосы, мыйныя і інш.), машыны і абсталяванне для пральняў і хімчыстак (машыны і прылады меншых габарытаў для прыбірання жылля, мыцця і чысткі адзення адносяцца да бытавых машын і прылад), пагрузачна-разгрузачнае абсталяванне для складоў, тэлескапічныя лесвіцы, аварыйна-рамонтныя машыны для водаправодных, каналізацыйных, газавых, цеплавых і эл. сетак, меліярацыйныя машыны, тэхнал. абсталяванне для вырабу буд. матэрыялаў і аддзелачна-буд. работ і інш.
Першыя машыны для гар. гаспадаркі створаны ў 2-й пал. 19 ст. Значнае развіццё будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне атрымала ў пач. 20 ст. ў сувязі з пашырэннем аўтамаб. транспарту і буд-вам метро. Рост дарожнай сеткі выклікаў развіццё дарожнага машынабудавання: з’явілася магчымасць шырока выкарыстоўваць аўтамабілі, трактары, лакаматывы і інш. рухомы чыг. састаў, а таксама электраэнергію і хім. прадукцыю. Першыя ў Расіі машыны для ўборкі і сан. ачысткі населеных пунктаў (Масква, Ленінград) і першыя пральныя і прасавальныя машыны (Перм і інш.) выпушчаны ў 1930-я г. Як самаст. спецыялізаваная галіна прам-сці аформілася ў б.СССР у 1965. На Беларусі да Вял.Айч. вайны выпускаліся тарфяныя машыны (Гомель), каменедрабілкі і тачкі (Мінск).
У сучасным будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне ствараюцца даўгавечныя маламетала- і малаэнергаёмістыя машыны, з аўтам. і праграмным кіраваннем, выкарыстаннем новых матэрыялаў. Найб. развіта будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне ў краінах з высокім узроўнем эканомікі: ЗША (вядучыя кампаніі ФМК, «Дрэсер індастрыз», «Амерыкэн Стандарт»), Японіі («Камацу»), Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Расіі і інш.
На Беларусі будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне пачало хутка развівацца ў 1950-я г. Прадпрыемствы галіны выпускаюць ліфты пасажырскія, бульдозеры, экскаватары, скрэперы, пагрузчыкі, снегаачышчальнікі, абсталяванне для механізацыі пад’ёмна-трансп. і пагрузачна-разгрузачных работ, для ачысткі камунальных водаправодаў і каналізацыі, машыны для буд-ва і ўтрымання меліярац. сістэм, для гар. і камунальнай гаспадаркі, для прам-сці буд. матэрыялаў. У 1993 гэтую прадукцыю выпускала больш за 30 прадпрыемстваў і вытв. аб’яднанняў. Найб. з іх: канцэрн «Амкадор», магілёўскае ВА «Стромаўталінія», ВА «Будмаш» (Мінск), Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Беларускі экскаватарны завод, Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машынВА «Белкамунмаш» і інш. У 1993 выпушчана 264 скрэперы, 106 экскаватараў, 74 бульдозеры, у 1994 — 2,6 тыс. ліфтаў, 76,9 тыс. пральных машын і інш.
У.М.Зайцаў.
Да арт.Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне: франтальныя аднакаўшовыя пнеўмакалёсныя пагрузчыкі акцыянернага таварыства «Амкадор».