«УО́ТЭРГЕЙТ», Уотэргейцкая справа, Уотэргейцкая афера,

палітычны крызіс у ЗША у 1973—74. Вынікаў з папярэдняй парт.-паліт. барацьбы ў перыяд кампаніі 1972 па выбарах прэзідэнта краіны (зноў выбраны лідэр Рэсп. партыі Р.Ліксан), калі ноччу 17.6.1972 у штаб-кватэры апазіц. Дэмакр. партыі, размешчанай у атэлі «Уотэргейт» (Watergate; адсюль назва) у Вашынгтоне, была затрымана група прыхільнікаў кіруючай Рэсп. партыі, якая тайна пранікла туды, каб устанавіць падслухоўвальную апаратуру. Пасля выбараў у лют. 1973 па ініцыятыве Дэмакр. партыі пачалося расследаванне гэтага інцыдэнту, у ходзе якога выяўлены факты злоўжыванняў і карупцыі (часам спрэчныя) з боку Ніксана і яго адміністрацыі. Пад пагрозай імпічменту і суд. разбіральніцтва ў кастр. 1973 пайшоў у адстаўку віцэ-прэзідэнт ЗША С.​Агню (яго пераемнікам зацверджаны лідэр рэспубліканцаў у палаце прадстаўнікоў Дж.Форд), а 9.8.1974 і сам Ніксан (першы выпадак у гісторыі ЗША). Прэзідэнтам краіны стаў Форд. «У.» падарваў аўтарытэт дзярж. улады ў ЗША, абвастрыў процістаянне паміж кангрэсам і прэзідэнцкай адміністрацыяй, аслабіў пазіцыі Рэсп. партыі, стварыў надзвычайную сітуацыю ў сферы выбарнасці і прызначэння вышэйшых кіраўнікоў дзяржавы.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)