штучны каменны матэрыял (выраб) правільнай формы, звычайна ў выглядзе прамавугольнага паралелепіпеда. Вырабляецца з мінер. сыравіны, пасля абпалу або апрацоўкі парай набывае каменепадобныя ўласцівасці (трываласць, вада- і марозаўстойлівасць).
Адрозніваюць Ц. будаўнічую (гліняную абпаленую і вапнава-пясчаную, або сілікатную цэглу, атрыманую аўтаклаўнай апрацоўкай), вогнетрывалую (шамотную, магнезітавую, дынасавую і інш., якая ідзе на муроўку прамысл. печаў, комінаў) і тугаплаўкую (вогнетрываласць не менш за 1350 °C; выкарыстоўваецца для брукавання дарог, тратуараў, абліцоўкі гідратэхн. збудаванняў, муроўкі фундаментаў і інш.). Буд. Ц. бывае суцэльная і пустацелая, звычайная, абліцовачная, лёгкая і спец. прызначэння (кіслотаўстойлівая Ц., дарожны клінкер і інш.). Цагляны друз выкарыстоўваюць як запаўняльнік для бетонаў. Выкарыстанне абпаленай Ц. вядома з глыбокай старажытнасці (з 3—2-га тыс. да н.э.) у Стараж. Егіпце, Індыі, Месапатаміі, пазней — у Стараж. Рыме, з 17 ст. — ва «ўзорыстай» архітэктуры Расіі.
На Беларусі Ц. вырабляюць з даўніх часоў (з 12 ст. захавалася цагляная Гродзенская Барысаглебская царква). У 1973 у Мінскім НДІбуд. матэрыялаў распрацавана тэхналогія вырабу сілікатнай лёгкай цэглы. Цагельныя з-ды Беларусі вырабляюць пераважна гліняную і сілікатную Ц.