ПОЛІЭТЫЛЕ́Н,
сінтэтычны тэрмапластычны палімер, прадукт полімерызацыі этылену, адзін з найб. пашыраных поліалефінаў, [—CH2—CH2—]n. Займае 1-е месца ў сусв. вытв-сці палімераў, што атрымліваюць метадам полімерызацыі.
Цвёрдае рэчыва белага колеру. Паводле спосабу атрымання адрозніваюць П. высокага ціску, ці нізкай шчыльнасці (913—930 кг/м³), з мал. м. (3—40)∙104, tпл 103—110 °C, і П. нізкага ціску, ці высокай шчыльнасці (910—968 кг/м³), з мал. м. (5—100)∙104, tпл 124—137 °C. Пры пакаёвай т-ры не раствараецца ў арган. растваральніках (абмежавана набракае). Тэрмадэструкцыя ў паветры пачынаецца пры 180 °C. Спалучае высокую трываласць пры расцягванні з эластычнасці, добры дыэлектрык. Устойлівы да ўздзеяння хім. рэагентаў і радыеактыўных выпрамяненняў Выкарыстоўваюць для вытв-сці плёнак тэхн. і быт. прызначэння (гл. Плёнкі палімерныя), вырабу ёмістасцей, канстр. дэталей, арматуры, гальванічных ваннаў, высокатрывалых валокнаў, пратэзаў унутр. органаў, цепла- і электраізаляцыі, прадметаў хатняга ўжытку і інш.
Літ.:
Полиэтилен низкого давления: Науч.-технич. основы пром. синтеза. Л., 1980;
Полиэтилен высокого давления: Науч. технич. основы пром. синтеза. Л., 1988.
М.Р.Пракапчук.
т. 12, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)