ГЛАСКО́ (Іван Антонавіч) (літ. псеўд. Рапацкі; 8.2.1855, Полацкі павет — ліп. 1881),
дзеяч рэв. руху, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У пач. 1873 увайшоў у народніцкую рэв. групу Пецярбурга. У 1874 заснаваў у Пецярбургу польска-беларускі сацыяліст. гурток, які наладзіў сувязі з народніцкімі гурткамі на Беларусі, з рэв. арг-цыямі Масквы, Кіева, Варшавы, Львова. У чэрв. 1876 у Лондане наладзіў кантакт з групай рас. рэв. эмігрантаў, аб’яднаных вакол газ. «Вперед». Змясціў у ёй вял. карэспандэнцыю «З Беларусі» пра грамадска-паліт. рух на радзіме. Пасля вяртання ў Пецярбург арыштаваны, потым знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78. З вер. 1878 у Варшаве, за ўдзел у рэв. руху арыштаваны і зняволены, у 1880 высланы ў Сібір, дзе і памёр.
В.М.Чарапіца.
т. 5, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БЕЛЬС ((Goebbels) Паўль Іозеф) (29.10.1897, г. Райт, Германія — 1.5.1945),
палітычны і дзярж. дзеяч фаш. Германіі. Адзін з галоўных ням.-фаш. злачынцаў. Д-р філасофіі (1922). У 1917—21 вучыўся ў Бонскім, Мюнхенскім, Фрайбургскім і Гайдэльбергскім ун-тах. З 1925 чл. Нацыянал-сацыялістычнай партыі, з 1929 яе гал. прапагандыст. Дэп. рэйхстага (з 1928). Пасля прыходу да ўлады нацыстаў рэйхсміністр нар. асветы і прапаганды, кіраўнік Імперскай палаты культуры (1933—45); актыўна садзейнічаў усталяванню культу А.Гітлера, нацысцкага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі і культ. жыццём краіны. У 1944 ген. ўпаўнаважаны па татальнай ваен. мабілізацыі. Пасля ўступлення сав. войск у Берлін скончыў самагубствам разам з жонкай, якая перад гэтым атруціла 6 сваіх дзяцей.
Літ.:
Черная Л.Б. Коричневые диктаторы: Гитлер, Геринг, Гиммлер, Геббельс, Борман, Риббентроп. М., 1992. С. 215—278.
т. 5, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ЖСКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (19.9.1880, с. Ачы, Татарстан — 2.2.1957),
рэвалюцыянер, адзін з кіраўнікоў рэв. руху на Палессі. З 1900 вёў парт. дзейнасць у Казані, Ніжнім Ноўгарадзе, Астрахані, Царыцыне, Кіеве і інш. У 1910—12 у Навазыбкаве і Гомелі кіраваў экспедыцыяй у Расію з-за мяжы нелегальнай парт. л-ры. Удзельнічаў у аднаўленні дзейнасці і быў чл. Палескага камітэта РСДРП(б). У 1902—04, 1913—15, 1916—17 у турмах і ссылках. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Рус. бюро ЦК і Выканаўчай камісіі Пецярб. к-та РСДРП(б). Дэлегат VII (Красавіцкай) канферэнцыі і VI з’езда РСДРП(б). У дні Кастр. рэвалюцыі камісар Петраградскага ВРК, потым чл. калегіі Наркамата і нам. наркома пошт і тэлеграфаў. З 1918 у Чырв. Арміі. З 1922 на навук і пед. рабоце.
т. 6, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЯФА́УНА (ад іхтыя... + ... фауна),
сукупнасць відаў рыб пэўнага вадаёма, басейна, зоагеагр. вобласці і інш. або пэўнага адрэзка часу ў гісторыі Зямлі. І. большасці басейнаў складаецца з відаў, якія адрозніваюцца па геагр. паходжанні і групуюцца ў асобныя фауністычныя комплексы. Па колькасці відаў самая багатая І. экватарыяльных вод зах. ч. Ціхага ак., найбольш бедная І. высокаарктычных вод. На працягу развіцця рыб сфарміравалася больш за 25 тыс. відаў, з якіх засталося каля 20,9 тыс. На Беларусі ў вадаёмах 58 відаў рыб з 18 сям. (46 абарыгенных і 12 завезеных з інш. геагр. абласцей для акліматызацыі і гадоўлі); знікла 12 відаў каштоўных прахадных рыб з прычыны абмялення асн. рэк і зарэгулявання іх сцёку плацінамі электрастанцый. У Чырв. кнігу Беларусі занесены вусач, рыбец, стронга ручаёвая (гл. Стронгі), сцерлядзь, харыус звычайны. І. вывучае іхтыялогія.
т. 7, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМА́РГ (Camargue),
рэзерват у Францыі, У дэльце р. Рона. Засн. ў 1928 як бат. і заал. рэзерват з ахоўнымі і навук. мэтамі (без ператварэння ў нац. парк з наведваннем турыстамі). Пл. 13,5 тыс. га. Астравы, пратокі, мелкаводдзі, саланчаковыя лугі, балоты. Унікальны лес з рэліктавымі ўчасткамі з ядлоўцу са старымі дрэвамі выш. да 6 м і дыям. ствала да 20 см, з асаблівай флорай лішайнікаў і імхоў. У фауне больш за 300 відаў птушак, месцы масавых зімовак еўрап. качак, гняздоўі ружовых фламінга, белых чапляў і інш.; сярод 30 відаў млекакормячых табуны паўдзікіх белых коней і чорныя быкі; пашыраны амфібіі і паўзуны, у т. л. шматлікія міжземнаморскія віды: перапончатапальцы трытон, ісп. часночніца, сценная яшчарка і інш. У К. знаходзяцца буйны цэнтр па вывучэнні міграцыі птушак, біястанцыя.
т. 7, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́Й,
хлебны выраб; вял. круглы бохан з пшанічнай мукі, спечаны да якой-н. урачыстасці; вясельны абрадавы пірог у слав. народаў. На традыц. бел. вяселлі К. замешвалі і пяклі запрошаныя жанчыны — каравайніцы. Падрыхтоўка і выпяканне яго суправаджаліся каравайнымі песнямі, танцамі. У канцы застолля сват з прыгаворамі дзяліў і раздаваў К. радні, гасцям жаніха і нявесты, якія віншавалі і абдорвалі маладых. Вясельны К. аздаблялі ляпным, ціснёным ці маляваным дэкорам, жывымі і штучнымі кветкамі, галінкамі дрэў і раслін. У старажытнасці характар упрыгожання меў яскрава выяўлены сімвалічны сэнс: пажаданне сям’і шчасця і многа дзяцей, дастатку ў хаце (вылепленыя з цеста птушкі, птушынае гняздзечка з яйкамі, фігуркі маладога з маладой, а за імі — немаўля і інш.). У наш час як К. выкарыстоўваюць пакупны торт і інш. кандытарскія вырабы, пякуць і традыц. К.
Я.М.Сахута.
т. 8, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́ШКАВІЧЫ,
вёска ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на З ад горада і 14 км ад чыг. ст. Крычаў, 95 км ад Магілёва. 415 ж., 131 двор (1998).
Вядома з 1560 як дзярж. сяло ў Крычаўскай вол. ВКЛ. У 1604 сяло Касцюшкі ў Крычаўскім старостве. З 1772 у Рас. імперыі, у Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ. У 1827 мястэчка, 152 ж. У 1897 сяло ў Крычаўскай вол., 186 ж., 44 двары. У 1908 адкрыта земская школа. З 1919 у Чэрыкаўскім пав. Гомельскай губ. РСФСР, з 1925 цэнтр сельсавета Крычаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў вер. 1943 спалілі вёску. У 1971—276 ж., 91 двор.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 8, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЯ СЕЧ УКРАІ́НСКАЙ ПАЎСТА́НЦКАЙ А́РМІІ (ПС УПА),
бульбаўцы, узброенае фарміраванне ўкр. нацыяналістаў. Створана ў чэрв. 1941 на базе падп. арг-цыі «Украінскае нацыянальнае адраджэнне», якая з 1933 дзейнічала на тэр. Укр. і Бел. Палесся. Кіраўнік Т.Дз.Баравец (мянушка Бульба). Дзейнічала ў саюзе з прадстаўнікамі бел. нацыяналіст. арг-цый М.Вітушкам, І.Ермачэнкам, У.Казлоўскім, У.Родзькам і інш. Да ліст. 1941 супрацоўнічала з ням. армейскімі службамі, выконвала функцыі паліцыі, вяла барацьбу з сав. партызанамі. З прыходам на Палессе ням. цывільнай адміністрацыі восенню 1941 самараспусцілася. Зімой 1942 адноўлена Бараўцом як партыз. фарміраванне (налічвала 15 тыс. чал.). Імкнулася аб’яднаць у адзіную армію ўсе ўкр. антыкамуніст. арг-цыі для барацьбы за адраджэнне Укр. Нар. Рэспублікі. Летам 1943 ПС УПА сілай падпарадкавана Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, якая стварыла сваю Укр. паўстанцкую армію.
У.І.Гуленка.
т. 11, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ-І-МАРГА́ЛЬ ((Pí-y-Margall) Франсіска) (29.4.1824, г. Барселона, Іспанія — 29.11.1901),
іспанскі грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, сацыяліст-утапіст. Юрыст. З 1850-х г. удзельнік рэсп. руху, адзін з лідэраў леварэсп. Дэмакр. партыі, ісп. рэвалюцыі 1854—56. З 1866 у эміграцыі ў Францыі. У час ісп. рэвалюцыі 1868—74 міністр унутр. спраў (з лют. 1873), прэзідэнт і прэм’ер-міністр (чэрв.—ліп. 1873) Ісп. рэспублікі. Яго ўрад прапанаваў праграму сац. рэформ у інтарэсах працоўных. Пасля аднаўлення манархіі (1874) ён неаднаразова быў выбраны дэпутатам картэсаў (парламента). У сваіх працах выступаў як прыхільнік дэмакр. рэвалюцыі з мэтай стварэння ўмоў для паступовай эмансіпацыі працоўных (ліквідацыя наёмнай працы, перадача зямлі сялянам і інш.). Аўтар гіст. твораў «Гісторыя жывапісу Іспаніі» і «Эцюды пра сярэднія вякі» (абодва 1851, за апошні адлучаны ад царквы).
т. 12, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЗЕРН (Барыс Паўлавіч) (19.7.1882, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 25.2.1939),
савецкі дзярж. і паліт. дзеяч, удзельнік барацьбы за сав. ўладу на Беларусі. Вучыўся ў Маск. ун-це. З 1903 на падп. рабоце ў Ніжнім Ноўгарадзе, Самары, Казані, Волагдзе, Маскве, Мінску. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 першы старшыня Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў (да ліп. 1917). Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 на Пскоўшчыне, чл. Пскоўскага ВРК, камісар Паўн. фронту. У 1918 камісар Петраградскай ваен. акругі, адначасова член Рэўваенсавета Балт. флоту. Удзельнік грамадз. вайны, чл. РВС 5-й і 7-й армій, Зах. і Усх. франтоў. З 1922 сакратар Паўн.-Зах. бюро ЦК РКП(б), з 1926 рэктар Ленінградскага камуніст. ун-та, з 1930 сакратар Ленінградскага абкома ВКП(б), з 1937 пракурор Ленінградскай вобл. Чл. ВЦВК і ЦВК СССР. Рэпрэсіраваны ў 1937, рэабілітаваны пасмяротна.
т. 12, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)