ВЯЛЮ́ГІН (Анатоль Сцяпанавіч) (27.12.1923, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1994),
бел. паэт, кінадраматург, перакладчык.
Засл. дз. культ. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1948). Удзельнік Вял.Айч. вайны, быў паранены. Працаваў у прэсе, у 1946—84 у час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Першы зб. вершаў «Салют у Мінску» (1947). Лірыка Вялюгіна — дасягненне бел. паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі Вялюгіна шчырае апяванне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаванні ваен. ліхалецця, разнастайныя грамадз. і інтымныя пачуцці сучасніка (зб. «Негарэльская арка», 1949, «На зоры займае», 1958; «Насцеж», 1960; «Песня зялёнага дуба», 1989; «З белага камення — сіняе пламенне», 1993), патрыятычныя матывы («Прызнанне ў любові»), пантэістычнае стаўленне да прыроды («Спелы бор»). У жанры паэмы распрацоўваў гісторыка-рэв. тэму («Бацька Дняпро», 1955, «Вецер з Волгі», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967), сцэнарыяў маст. («Рэха ў пушчы», 1977; «Глядзіце на траву», 1983), дакументальных («Генерал Пушча», Дзярж. прэмія Беларусі 1968; «Арліная крыніца», «Балада пра маці», «Дзядзька Якуб», «Янка Купала», «Я — крэпасць, вяду бой», «Віцебскія ўзоры» і інш.) фільмаў. На бел. мову пераклаў паэмы М.Лермантава «Каўказскі нявольнік» і «Баярын Орша» (1950), «Паэму братэрства» Э.Межэлайціса (1958, з М.Калачынскім), паэмы М.Нагнібеды «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расонаў» (1981), кнігі для дзяцей П.Варанько і Дз.Білавуса, паасобныя вершы У.Маякоўскага, Л.Украінкі, М.Рыльскага, А.Малышкі, А.Міцкевіча, Ю.Тувіма і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1984;
Адрас любві. Мн., 1964;
Вершы і балады. Мн., 1969;
Заклён на скрутны вір. Мн., 1995.
Літ.:
Бярозкін Р. У свет, адкрыты насцеж... // Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;
Арочка М. У спелым леце... // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Майсейчык А. Аб жанравых асаблівасцях паэм А.Вялюгіна // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;
Барадулін Р. Партрэт у верасе пчаліным // Маладосць. 1983. № 12;
Зуёнак В. Гэта ўзважана сэрцам // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока. Пачаў фарміравацца пасля 1622. У комплекс уваходзілі касцёл, будынкі калегіума, б-ка, Гродзенскай аптэкі будынак, друкарня, жылыя карпусы і гасп. пабудовы. Першы «касцёльчык» Пятра і Паўла быў драўляны і існаваў з 2-й чвэрці 17 ст. да 1700. Езуіцкая рэзідэнцыя будавалася пасля 1664 (калі атрымала статус калегіума), мураваны касцёл — з 1678 (фундатары Самуэль і Канстанцыя Лозы; набажэнства ў касцёле пачалося ў 1700). У 1725 на вежы-званіцы касцёла ўстаноўлены гадзіннік (помнік тэхнікі сярэднявечча, раней знаходзіўся на вежы калегіума), які выконваў ролю гарадскога. У 1750—52 надбудаваны вежы. Стары мураваны калегіум будавалі ў 1677—83, новы — у 1691 (1-ы паверх) і ў 1740—44 (2-і і 3-і паверхі). Касцёл (з 1783 наз. фарны) — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка (выш. 53,6 м, у плане 30×60 м). Двухвежавы амаль плоскі фасад падзелены паясамі антаблементаў на 3 ярусы, 2 ніжнія раскрапаваны падвойнымі карынфскімі пілястрамі. У арачных нішах драўляныя выявы апосталаў Пятра і Паўла, св. Ксаверыя (разьбяр Г.Гіс, 1768). У цэнтры фасада вял. акно і балкон для аркестра. Сілуэт ажыўляюць увагнутыя сцены і 2 вазы мураваных барочных купалаў над вежамі. Бакавыя нефы высокія (10,5 м), асветлены вял. лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі, перакрыты крыжовымі скляпеннямі.
Высокамастацкі багаты і ўрачысты інтэр’ер насычаны скульптурай, арх. пластыкай і фрэскамі. Гал. драўляны 3-ярусны алтар (выш. 21 м) створаны ў 1736 у стылі позняга барока, аздоблены шматлікімі калонамі і пілястрамі. У касцёле 12 бакавых алтароў: 2 у капліцах, 4 у трансепце і 6 кулісных. Інтэр’ер касцёла дапаўняюць помнік А.Тызенгаўзу (пач. 20 ст.), мемар. дошка праф. Ягелонскага ун-та З.Ф.Урублеўскаму (1845—88), творы дэкар.-прыкладнога мастацтва. Кляштар займаў цэлы квартал (120 × 160 м), у сярэдзіне якога знаходзіўся калегіум. Складаўся з гал. 3-павярховага (новы калегіум), зах. 2-павярховага і ўсх. 3-павярховага (стары калегіум) крылаў. На стыку старога і новага калегіумаў была трапезная, над якой размяшчалася б-ка з сенцамі, над імі — капліца. Абапал старога калегіума размяшчаліся гасп. двары з флігелямі, дзе былі майстэрні, стайні, вазоўні. Пры гал. браме стаяла бурса. Побач з касцёлам будынак аптэкі, на Пн ад яго была мураваная школа, дзе размяшчаўся т-р. Астатнюю тэр. займаў вял.сад. Захаваліся касцёл, аптэка, стары і новы калегіумы, бурса, трапезная, б-ка, майстэрні, стайні, вазоўні.
А.У.Міленкевіч, Е.Пашэнда.
Гродзенскі кляштар езуітаў. Галоўны фасад касцёла.Гродзенскі кляштар езуітаў. Інтэр’ер касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛЯ́НСКІ РАЁН,
на ПнЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, двойчы скасаваны (1931, 1951) і адноўлены (1935, 1966). Пл. 0,9 тыс.км². Нас. 19,4 тыс.чал. (1998), гарадскога 42%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п.Круглае, 152 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Комсеніцкі, Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Рубежскі, Цяцерынскі, Шапялевіцкі.
Раён размешчаны ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны і Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня хваліста-раўнінная, пераважаюць выш. 180—200 м, найвыш. пункт 223 м (каля в. Баканава). Карысныя выкапні: торф. пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-растудз. -7,6 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 626 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. З Пн на Пдцэнтр.ч. перасякае р. Друць з прытокамі Бярозаўка, Асліўка з Рутай, Каменка, Гнілка, Вабіч; на Зр. Можа з Бярозкай. Азёры: Яложынскае, Безыменнае, або Палыкаўскае (на мяжы са Шклоўскім р-нам). На р. Друць Цяцерынскае вадасх. Глебы дзярнова-падзолістыя (60,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28.6%) і інш. Пад лесам 26% тэр. раёна, з іх 19,8% штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Асн. лясныя масівы на З, пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Пл. балот 3,8%, найб. балота Шчыток. Заказнікі мясцовага значэння гідралагічныя: Шчыток, Баравуха, Забароўскае, у пойме р. Друць. Помнікі прыроды мясцовага значэння: возера Хатомля каля в. Шапялевічы, крыніцы каля в. Прыгані, Цяцерын.
На 1.1.1998 агульная пл.с.-г. угоддзяў 55,5 тыс.га, з іх асушана 11,3 тыс.га. У раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, 29 фермерскіх гаспадарак, закрытае акц.т-ва «Рыбгас Азёрны», Цяцерынская лесапаляўнічая гаспадарка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн.-раг. жывёла, свінагадоўля); ільнаводства. Вырошчваюць збожжа, кукурузу, лён, бульбу, буракі, рапс. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў; пач. апрацоўкі лёну, харч. прам-сці, Цяцерынская ГЭС. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з Магілёвам, Талачыном, Шкловам, Бялынічамі. У раёне 6 сярэдніх, 2 базавыя, 4 пач. школы, тэрытарыяльна-школьны комплекс у в. Філатава (сярэдняя школа, дзіцячы сад, філіял дзіцячай школы мастацтваў, аддзяленне раённай юнацка-дзіцячай спарт. школы). 3 комплексы з сярэдняй школай і дзіцячым садам, 4 комплексы з пач. школай і дзіцячым садам, цэнтр пазаўрочнай дзейнасці вучняў, школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця, 11 дзіцячых садоў, 8 дамоў культуры, 22 клубы, 23 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, 2 амбулаторыі, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры — цэрквы: Пакроўская (2-я пал. 19 ст.) у в. Дудаковічы, Мікалаеўская (1833) у в. Тубушкі. Выдаецца газ. «Сельскае жыццё».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАВАРАДА́ (Рыгор Савіч) (3.12.1722, г.п. Чарнухі Палтаўскай вобл., Украіна — 9.11.1794),
украінскі філосаф, пісьменнік і педагог. У 1734—41, 1744—45, 1751—53 вучыўся ў Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі (яго настаўнікам па філасофіі быў Е.Каніскі). У 1745—50 у складзе пасольскіх місій быў у Венгрыі, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай і інш. У 1750—51 выкладаў у Пераяслаўскім, у 1759—69 — у Харкаўскім калегіумах. У далейшым вандраваў па Украіне як філосаф-прапаведнік. У цэнтры яго філасофіі, выкладзенай у трактатах, дыялогах і прытчах, — канцэпцыя бачнай (матэрыя) і нябачнай (Бог) натур. Паводле С., боскі пачатак патаемна прысутнічае ва ўсёй прыродзе, і гал. задача чалавека — спасціжэнне нябачнай прыроды праз бачную («Пачатковыя дзверы да хрысціянскай дабрачыннасці», 1766—80). Лічыў, што ў кожнай асобе закладзена боская прырода, усведамленне Бога адбываецца праз самапазнанне («Наркіс», канец 1760-х г). Адрозніваў першае нараджэнне чалавека (фізічнае) і другое (духоўнае), калі чалавек атрымлівае сапраўдную свабоду праз спасціжэнне боскай сутнасці. Сусвет падзяляў на 3 часткі: макракосм (прырода), мікракосм (чалавек) і сімвалічны свет (Біблія). Лічыў, што асн. сродкам увядзення чалавека ў духоўны свет з’яўляецца сімвал («Дыялог. Імя яму — Патоп змеяў», канец 1780-х г.), што хрысціянства і ант. культура маюць агульную духоўную аснову. Сац. погляды С. грунтуюцца на ідэі прызначэння Богам кожнага чалавека да пэўнага віду дзейнасці (земляробства, вайсковай справы, багаслоўя). Пед. канцэпцыя С. заснавана на ідэі выхавання дзіцяці ў адпаведнасці з яго асабістай прыродай. Лічыў, што выхаванне павінна пачынацца яшчэ да фіз. нараджэння чалавека. Літ. творчасць С. эмацыянальна-вобразна адлюстроўвае яго філас. ідэі. Яго паэзія спалучае пафаснасць, манументалізм і лірычнасць, творчае пераасэнсаванне біблейскіх матываў і нар. песеннай культуры (цыкл «Сад божых песень, прарослых з зярнят Свяшчэннага Пісання», 1753—85). Развіваў жанр празаічнай байкі, дзе ў сатырычна-алегарычнай форме крытыкаваў грамадскія заганы, ухіленне чалавека ад духоўнай культуры (цыкл «Байкі харкаўскія», 2-я пал. 1760-х г. — 1774). Ідэі С. паўплывалі на развіццё ўсх.-слав.рэліг. філасофіі і л-ры.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное: Песни, басни, притчи. М., 1972;
Соч.Т. 1—2. М., 1973;
Соч.Мн., 1999.
Літ.:
Барабаш Ю.Я. «Знаю человека...»: Григорий Сковорода. Поэзия. Философия. Жизнь. М., 1989;
Гарин И. Сковорода // Гарин И. Пророки и поэты. М., 1994. Т. 3;
Кравец В.В. Разговор о Сковороде: С приложением хрестоматии по сковородоведению. Київ, 2000;
Эрн В. Г.Сковорода: Жизнь и учение // Эрн В. Борьба за логос;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАРЭ́СТ (Bucureşti),
горад, сталіца Румыніі. Размешчаны на Пд краіны ў межах Ніжнедунайскай нізіны на р. Дымбавіца, за 45 км ад р. Дунай. Утварае самаст.адм. адзінку. 2,1 млн.ж., з прыгарадамі каля 2,4 млн.ж. (1993). Буйны трансп. вузел — месца перасячэння транс’еўрапейскіх чыг. і аўтамаб. магістраляў. Міжнар. аэрапорт Атапень. У Бухарэсце сканцэнтравана 1/6прамысл. вытв-сці краіны, у т. л. больш як 1/4 прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі, 1/3тэкст., 1/2 паліграфічнай. Займае вядучую ролю ў вытв-сці складаных машын і прылад (электроніка, электра- і радыётэхніка, прыладабудаванне), хім. прадукцыі (вырабы з гумы, пластмасаў, фарбавальнікі, лакі, фармацэўтычныя і парфумерныя тавары). Прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі, станкабудавання, нафтаперапр., с.-г. і трансп. машынабудавання, будматэрыялаў, шклофарфоравай, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Разнастайныя галіны харч. (мясная, мясакансервавая, алейная, тытунёвая і інш.) і лёгкай (тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, футравая і інш.) прам-сці. Метрапалітэн.
Вядомы з 14 ст. як 2-я рэзідэнцыя валашскага феад. княства. З 1459 крэпасць для абароны Валахіі ад тур. набегаў. З 1659 сталіца Валахіі. У 19 ст. цэнтр нац.-вызв. руху. З 1861 сталіца Румыніі. Тут падпісаны Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 і Бухарэсцкі мірны дагавор 1918. У чэрв. 1941 у Бухарэст уведзены ням.-фаш. войскі, вызвалены ў ходзе Народнага ўзброенага паўстання ў Румыніі 1944 супраць фаш. рэжыму І.Антанеску. У 1947 у Бухарэсце абвешчана Рум.Нар. Рэспубліка. Цэнтр Народнага паўстання ў Румыніі 1989—90, якое прывяло да звяржэння таталітарнага рэжыму Н.Чаўшэску.
Старая частка Бухарэста размешчана на берагах р. Дымбавіца, у раёне б. Кветкавага базару (цэрквы Міхай-Водэ, 1589—91, Патрыяршая, 1654—58, Стаўраполіс, 1724—30). У 19—20 ст. склаўся новы цэнтр горада з радыяльнымі і кальцавымі магістралямі, параднымі пабудовамі ў духу эклектызму, нац. рамантыкі, неакласіцызму і функцыяналізму: т.зв. Атэнеум (філармонія; 1886—88), Палац Рэспублікі (1930—37), Прэзідыум Савета Міністраў (1936—38, арх. Д.Марку) і інш. Паводле ген. плана 1952 пабудаваны дом паліграф.к-та «Скынтэя» (1948—53), комплекс ВДНГ (1964), аэрапорт (1970), ансамбль Нац.т-ра імя І.Л.Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» (1970—73, арх. Х.Майку і інш.), жылыя раёны (Флараска, Тытан, Букурэшты-Ной і інш.).
У Бухарэсце АН Румыніі (з 1879). 13 ВНУ, у т. л.ун-т (з 1864), кансерваторыя, політэхн.ін-т. Н.-д. ін-ты (у т. л.Ін-т эндакрыналогіі і геранталогіі). Музеі: Нац., Гісторыі прыроды, мастацтваў Румыніі, Музей вёскі. Тэатры: оперы і балета, Нац. імя І.Л.Караджале і інш. Універсітэцкі бат.сад (з 1860).
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Будынак Атэнеума ў Бухарэсце.Да арт.Бухарэст. Патрыяршая царква. 1654—58.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НУЯ (Genova),
горад у Паўн. Італіі. Адм. ц. вобласці Лігурыя і прав. Генуя. 659,8 тыс.ж., разам з прыгарадамі (Вял.Г.) больш за 1 млн.ж. (1993). Порт на беразе Лігурыйскага м. (грузаабарот каля 50 млн.т штогод). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл., прамысл. і культ. цэнтр краіны. Буйнейшыя ў Італіі суднаверфі, вытв-сць самалётаў, авіяц. і суднавых рухавікоў, турбін, катлоў, лакаматываў, трактароў, электраабсталявання; ваен.прам-сць, дакладная механіка, металургія, нафтаперапрацоўка. Развіты таксама хім., лёгкая, харч. (пераважна мукамольная, вытв-сць аліўкавага алею) прам-сць. Ун-т (з 15 ст.). Акадэмія выяўл. мастацтваў. Т-ры. Бат.сад. Штогадовая міжнар. Марская выстаўка. Турызм. Радзіма Х.Калумба. Міжнар. конкурсы скрыпачоў імя Паганіні. У наваколлі Генуі па ўзбярэжжы Лігурыйскага м. — курорты Італьянскай Рыўеры (Рыўера-Лігурэ).
У старажытнасці Генуя — пасяленне лігураў. У 3 ст. да н.э заваявана рымлянамі, важны гандл. порт Рымскай рэспублікі. У раннім сярэдневякоўі прыйшла ў заняпад. З 641 цэнтр герцагства, з 9 ст. — маркграфства. У 10—11 ст. магутная марская дзяржава. У 12 ст. Генуя — камуна на чале з калегіяй консулаў, з 1211 яе ўзначальваў падэста, з 1257 — капітан народа, з 1339 — дож. У 13—14 ст. атрымала выхад у Эгейскае і Чорнае моры і засн. свае калоніі ў Сірыі, Палесціне, Крыме, на Каўказе. З 1396 неаднаразова трапляла пад уладу Францыі і Мілана. У 1528 адноўлена рэспубліка Генуя, якая залежала ад Іспаніі. У 15—16 ст. Генуя — цэнтр банкаўскай справы. У 1797—1805 у складзе Лігурыйскай рэспублікі, з 1815 — Сардзінскага каралеўства. З 2-й пал. 19 ст. адзін з цэнтраў рабочага руху, у 2-ю сусв. вайну — Руху Супраціўлення.
Горад маляўніча размешчаны ў выглядзе амфітэатра на схілах вакол бухты. Найб.стараж. помнікі архітэктуры — цэрквы Санта-Марыя ды Кастэла (11 ст.), Сан-Матэа (1125—1278) і сабор Сан-Ларэнца (11—16 ст.). Найб. цікавыя збудаванні — палацы і вілы 16—17 ст. (Палацца Пародзі, 1567, вілы Камб’яза, 1548, і Палавічына дэле Песк’ерэ, 1560—72, арх. Г.Алесі; Палацца Мунічыпале, або Дорыя-Турсі, 1564, арх. Р.Лурага; Палацца Дурацца-Палавічыні, 1618, і Палацца дэль Універсіта, 1634—36, арх. Б.Б’янка) з фантанамі, арачнымі галерэямі двароў, сходамі і тэраснымі паркамі, у кампазіцыі якіх эфектна выкарыстаны рэльеф мясцовасці. У цеснату старых кварталаў упісваюцца новыя будынкі і комплексы (тэр.Міжнар. выстаўкі, вышынны будынак Італьян.тэлеф. кампаніі). Раёны масавага жылога буд-ва пераважна па-за межамі горада. Музеі: Гар. музей лігурыйскай археалогіі (засн. ў 1892), Музей Лігурыйскай акадэміі прыгожых мастацтваў, падземны музей-скарбніца сабора Сан-Ларэнца (1956, арх. Ф.Альбіні), музей Н.Паганіні, галерэі Палацца Роса, Палацца Б’янка, Палацца Рэале, Нац. галерэя, Палацца Спінола.
Да арт.Генуя. Фасад царквы Сан-Матэа.Панарама Генуі. Гравюра 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКІЯ ГО́РЫ,
на Пд Крымскага паўвострава. Працягваюцца з З на У на 145 км, з Пн на Пд на 40—50 км. Складаюцца з 3 паралельных град: асноўнай — Гал. хрыбет (Яйла) з макс. абсалютнай адзнакай 1545 м (г. Раман-Кош), сярэдзіннай — выш. да 500—750 м, паўн. — выш. да 350 м. Горы ўтвораны структурамі мезазойскага ўзросту, складзены пераважна з гліністых сланцаў, перакрытых вапнякамі. Канчаткова К.г. сфарміраваліся ў альпійскую складкавасць. Гал. града мае стромкія схілы, глыбока парэзаныя рэчкамі, ручаямі і часовымі вадацёкамі. Вяршыня грады — «яйла» (на крымска-тат. мове — летняя паша; пл. каля 320 км²), спадзістахвалістая з разнастайнымі формамі карставага рэльефу — варонкамі, сподкамі, далінамі, праваламі, пячорамі. Паўд. схіл стромкі, разбіты апоўзнямі на буйныя блокі. На ўзбярэжжы (гл.Паўднёвы бераг Крыма) выяўлены марскія тэрасы, ёсць стараж. вулканічныя ўтварэнні (Мядзведзь-гара, Карадаг). Сярэдзінная і паўн. грады з’яўляюцца куэстамі, маюць слабы нахіл на Пн і стромкія схілы на Пд. Ёсць радовішчы буд. матэрыялаў (вапнякі, жвір, туф, дыябаз), паўкаштоўных камянёў і інш.Мінер. крыніцы. Клімат К.г. умераны на б.ч. тэрыторыі, субтрапічны міжземнаморскі на паўд. схіле Гал. грады і ўзбярэжжы. Гал. града перашкаджае пранікненню ўмераных паветр. мас на Пд, а субтрапічных — на Пн. У раёнах з умераным кліматам сярэдняя т-растудз. каля -2, -4 °C, у ліп. каля 24 °C, у гарах каля 16 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 600 мм, выпадаюць пераважна летам. Устойлівае снегавое покрыва ўтвараецца зімой толькі ў гарах. У зоне субтрапічнага клімату ў студз. каля 4 °C, у ліп. каля 24 °C, ападкаў ад 600 мм на ўзбярэжжы да 1200 мм у гарах, выпадаюць пераважна зімой. Рэчкі невялікія, летам большасць перасыхае, маюць пераважна грунтавое жыўленне, паводкавы рэжым; бываюць селі. Расліннасць, глебы і жывёльны свет падпарадкаваны вышыннай пояснасці. На паўд. схілах Гал. грады да выш. 300 м — зона ксерафітных ядлоўцава-дубовых нізкіх лясоў з вечназялёных і лістападных хмызнякоў на чырвона-бурых і карычневых глебах. Вышэй дубовыя і букавыя лясы з эндэмічнымі відамі хвой. Пад шыракаліста-хваёвымі лясамі фарміруюцца горна-лясныя бурыя глебы. На паверхні вяршынь Гал. грады горныя лугі, лугавыя стэпы з ядлоўцавым сланікам, купы дрэў і хмызнякоў на горна-лугавых чарназёмападобных глебах. Паўн. схіл Гал. грады, сярэдзінная і паўн. грады маюць падобную вышынную пояснасць, аднак адсутнічаюць эндэмічныя субтрапічныя віды. Каля падножжа гор развіты лесастэпавыя ландшафты на горных чарназёмах. У фауне горна-лясной зоны — высакародны алень, казуля, каменная куніца, кажан, барсук, шматлікія віды птушак і інш. На схілах Гал. грады — Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Ялцінскі і Карадагскі запаведнікі, Нікіцкі бат.сад, унікальныя помнікі прыроды: Вял. каньён Крыма, цясніна Уч-Кош, вадаспады Учан-Су, Яўзлар, Джур-Джур і інш. К.г. — адзін з папулярных раёнаў турызму і альпінізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕА́ПАЛЬ (Napoli),
горад на Пд Італіі, каля падножжа вулкана Везувій. Адм. ц. вобласці Кампанія і прав. Неапаль. У агламерацыі Вял. Н. 3012 тыс.ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт у Неапалітанскім зал. Тырэнскага м.Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы эканам. і культ. цэнтр на Пд Італіі. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., металургічная, маш.-буд. (суднабудаванне, эл.тэхн., радыёэлектроннае), абутковая, тэкст., мэблевая, харч. (вял. макаронныя ф-кі). Метрапалітэн. Ун-т (з 1224). Кансерваторыя. Абсерваторыі. Бат.сад. Марскі акварыум. Нац. музей, буйнейшы ў Еўропе археал. музей, маст. галерэі. Оперны тэатр «Сан-Карла». Цэнтр міжнар. турызму. Ваен.-марская база.
Засн. каля 600 да н.э. як грэч. калонія выхадцамі з г. Кумы. У 326 да н.э. заваяваны рымлянамі. У канцы 5 ст.н.э. ў складзе остгоцкай дзяржавы. З сярэдзіны 6 ст. тут замацаваліся візантыйцы. У 1139 заваяваны нарманамі і далучаны да Сіцылійскага каралеўства, пасля 1266 яго сталіца. У 1268 захоплены франц. герцагам Карлам Анжуйскім. У 1282—1442, 1501—04 сталіца Неапалітанскага каралеўства. З 1504 у складзе Сіцылій абедзвюх Каралеўства. У 1799 тут абвешчана Партэнапейская рэспубліка. У 1806—15 Н. — сталіца залежнага ад Францыі Неапалітанскага каралеўства, з 1815 — Каралеўства абедзвюх Сіцылій. Н. — адзін з цэнтраў рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. Ў 1860 вызвалены войскамі Дж.Гарыбальдзі і ўвайшоў у склад аб’яднанага Італьян. каралеўства. У час фаш. дыктатуры Б.Мусаліні — буйная ваен.-марская база. Пасля выхаду Італіі з 2-й сусв. вайны акупіраваны ў 1943 ням.-фаш. войскамі; вызвалены ў выніку паўстання (т.зв. Чатыры дні Неапаля).
Размешчаны амфітэатрам на прыбярэжных пагорках. У цэнтр.ч. захавалася ант. рэгулярная планіроўка. Сярод помнікаў: раннехрысц. катакомбы з фрэскамі (2—5 ст.), баптыстэрый Сан-Джавані з мазаікамі (5 ст.), замкі Кастэль дэль Ова (з 12 ст.) і Кастэль Нуова (1279—84, перабудаваны ў 1443—53, Г.Сагрэра; трыумфальная арка Альфонса Арагонскага са статуямі і рэльефамі, 1452—67, арх. і скульпт. Сагрэра, скульпт. Ф.Лаўрана, П. да Мілана, рэнесанс), гатычныя касцёлы, часткова перабудаваныя ў стылі барока, — Сан-Ларэнца, Сан-Даменіка (абодва 13 ст.), Санта-Марыя дэль Карміне (1283—1300), сабор (1294—1323); палацы і касцёлы ў стылях рэнесансу і барока; у стылі класіцызму — кляштар Чэртоза ды Сан-Марціна (1325, Ф. ды Віта, Т. ды Камаіна; 1580—1623, Дж.Дозіо, са зборам неапалітанскага і еўрап. жывапісу 17—18 ст.), т-р «Сан-Карла» (1737—1816), касцёл Сан-Франчэска ды Паала (1817—46, П.Б’янкі). З пабудоў 20 ст. вылучаюцца будынак вакзала (1954—60, арх. Дж.Вакара, М.Кампанела, інж. П.Л.Нерві і інш.) і інш. Каля Н. руіны стараж.-рым. гарадоў Пампеі і Геркуланум, Палацца Рэале ў Казерце (з 1752, Л.Ванвітэлі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́Н (Washington),
горад, сталіца Злучаных Штатаў Амерыкі. Размешчаны на Атлантычным узбярэжжы, паміж штатамі Мэрыленд і Віргінія, на ўсх. беразе р. Патомак, пры ўпадзенні ў яе р. Анакостыя. Вылучаны ў асобную федэральную акругу Калумбія (пл. 178 км²). Нас. ў межах акругі 585,2 тыс.ж., з прыгарадамі ў суседніх штатах 3,92 млн.ж. (1992). Буйны трансп. вузел: 5 магістральных чыгунак, аўтадарогі, 2 аэрапорты (Вашынгтонскі нац. і Міжнар. імя Дж.Ф.Далеса). Рачны порт. У Вашынгтоне знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША (Белы дом), кангрэс (Капітолій), вярх. суд, дзярж. дэпартамент, ваеннае мін-ва (Пентагон) і інш.дзярж. ўстановы. Асн. частка насельніцтва на дзярж. службе, у сферы паслуг, гандлі і фінансах. Буйны цэнтр паліграф. і харч. прам-сці. Машынабуд. (пераважна ў прыгарадах), у т. л. радыёэлектронная (вытв-сцьЭВМ, сродкаў сувязі), ракетна-касм., прыладабуд., ваенная прам-сць. Вытв-сць медыкаментаў. Дзярж. друкарні. Манетны двор.
Засн. ў 1791. Названы ў гонар 1-га прэзідэнта ЗША Дж.Вашынгтона. З 1800 сталіца ЗША (перанесена з Філадэльфіі). У 1802 атрымаў гар. правы. У англа-амер. вайну 1812—14 часова акупіраваны і спалены англічанамі (1814). У Вашынгтоне адбылася Вашынгтонская канферэнцыя 1921—22, тут размешчаны кіраўнічыя органы Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў.
План забудовы горада складзены ў 1790—93 франц.інж. П.Ш.Ланфанам пры ўдзеле асветніка і дзярж. дзеяча ЗША Т.Джэферсана: прамавугольная сетка вуліц дапаўняецца дыяганальнымі праспектамі (авеню), у т. л. прамянямі, якія сыходзяцца да будынка кангрэса — Капітолія (1793—1865, арх. У.Торнтан і інш.; статуя Свабоды — скульпт. Т.Кроўфард). Да паркавай магістралі Мол, якая вядзе ад Капітолія да р. Патомак, прылягае парк, дзе размешчаны Белы дом (1792—1829, арх. Дж.Хобан, Б.Латраб). У архітэктуры ўрадавых і адм. будынкаў пераважаюць формы класіцызму. Вашынгтон — адна з самых зялёных сталіц свету. У 1960—70-я г. пабудаваны новыя жылыя раёны, урадавыя і дзелавыя будынкі, сярод якіх Падатковы суд ЗША (1967, арх. В.Ландзі), Нац.Культ. цэнтр імя Дж.Кенэдзі (1971, арх. Э.Д.Стоўн). Каля Вашынгтона (Шантыйі, штат Віргінія) — міжнар. аэрапорт імя Далеса (1958—62, арх. Эка Саарынен) і горад-спадарожнік Рэстан (1963—65).
У Вашынгтоне асн.навук. арг-цыі ЗША: Нац.АН, Бат.сад, навук. т-вы (Амер.хім., Нац.геагр.), Нац. архіў, Амер. асацыяцыя садзеяння развіццю навукі, навук. ін-ты Карнегі і Брукінгса, Смітсанаўскі ін-т. У прыгарадзе Вашынгтона даследчы цэнтр мін-ва сельскай гаспадаркі, 5 ун-таў (у т. л. Говардскі і Дж.Вашынгтона), Вышэйшая с.-г. школа, Ваен. акадэмія і інш. У Вашынгтоне знаходзіцца Бібліятэка кангрэса ЗША, Нац. музей ЗША, Нац. галерэя выяўл. мастацтваў, маст. галерэі Коркаран, Фрыр, Філіпс. Нац. калекцыя прыгожых мастацтваў, Нац. партрэтная галерэя, музей паветраплавання і касманаўтыкі і інш.Нац.Культ. цэнтр імя Дж.Кенэдзі. Арлінгтанскія нац. могілкі (магілы Невядомага салдата, прэзідэнта Дж.Кенэдзі, сенатара Р.Кенэдзі).
І.В.Загарэц (гаспадарка).
Да арт.Вашынгтон. Від на Нацыянальную галерэю выяўленчых мастацтваў (на пярэднім плане) і Капітолій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНІНЕ́ЦКІ РАЁН.
На У Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 14.8.1979). Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 82,9 тыс.чал. (1998), гарадскога 47,8%. Сярэдняя шчыльн. 30 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Лунінец. Уваходзяць рабочы пас.Мікашэвічы, 80 сельскіх нас. пунктаў; 11 сельсаветаў: Багданаўскі, Бастынскі, Вулькаўскі, Гарадоцкі, Дварэцкі, Дзятлавіцкі, Лахвенскі, Лунінскі, Радзігераўскі, Сінкевіцкі, Чучавіцкі; Мікашэвіцкі пасялковы Савет. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 88% нас. пражываюць на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі.
Тэр. раёна размешчана ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, нахілена ў бок даліны р. Прыпяць. 70% тэрыторыі — ніжэй за 140 м, найвыш. пункт 150 м (за 6 км на Пд ад в. Малыя Чучавічы). Карысныя выкапні: граніт (буд. камень), пясок, гліна, суглінак, каалін, торф, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -5,5 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 615 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Найб. рэкі — Прыпяць з прытокамі Случ (з Валхвой), Лань, Смердзь, Цна, Бобрык. Азёры: Белае, Чорнае, Вулька. Вадасховішчы Велута і Собельскае. Найб.меліярац. каналы: Валчанскі, Вулькаўскі, Глухая Лань, Лунінецкі, Мікашэвіцкі канал, Сітніцкі. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (35,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (24,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (24,3%). Пад лесам 40% тэрыторыі, з іх 19% — штучныя насаджэнні. Пераважаюць лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя; трапляюцца яловыя, дубовыя, грабавыя, ясянёвыя. На ПнУ і З — суцэльны лясны масіў. Пад балотам 14,6% тэрыторыі, з іх асушана 78,1 тыс.га. Найб. балотны масіў Грычын. Заказнікі рэсп. значэння: біял. — Борскі (частка), Вусце Лані, Лунінскі, Нізоўе Случы; ландшафтны — Белае; мясцовыя гідралагічныя заказнікі Дзятлавічы, Ліпскае, Флярова-Грамада, частка Ястрабель. Помнік прыроды рэсп. значэння — 2 дубы (400 гадоў) у в. Кажан-Гарадок.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 91,5 тыс.га, з іх асушаных 63,3 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 19 калгасаў, 2 саўгасы, 13 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірунак сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (буд. камень, зборны жалезабетон, Мікашэвіцкі каменеапрацоўчы завод — абліцовачныя пліты), харч., хім. (з-д «Палімер» у в. Сінкевічы), дрэваапрацоўчай, лесанарыхтоўчай (АТ «Лунінецлес») і лясной прам-сці; Палеская доследна-меліярац. станцыя ў пас. Палескі. Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі Брэст—Гомель і Рыга—Львоў, аўтадарогі Гомель—Брэст, Лунінец—Пінск, Лунінец—Ганцавічы, Мікашэвічы—Салігорск. У раёне 29 сярэдніх, 13 базавых, 2 пач., 6 муз., спарт. школы, школа-сад, 3 навуч.-вытв. камбінаты, 2 СПТВ, 37 дашкольных устаноў, 40 дамоў культуры і клубаў, 46 б-к, 2 бальніцы, скурна-венералагічны дыспансер, паліклініка, 11 амбулаторый, 26 фельч.-ак. пунктаў, Лахвенскі касцёватуберкулёзны санаторый. Помнікі архітэктуры: цэрквы Пакроўская (1851) у в.Вял. Чучавічы, Праабражэнская (1823) у в. Дзятлавічы, Мікалаеўская (1818) у в. Кажан-Гарадок, Прачысценская (1880-я г.) у в. Лахва, Барысаглебская (1824) у в. Лунін, Георгіеўская (канец 17 — пач. 18 ст.) у в. Сінкевічы, Праабражэнская (1910) у в. Язвінкі, лазня (1905) у пас. Палескі. Выдаецца газ. «Лунінецкія навіны».