О́БАЛЬ,
гарадскі пасёлак у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Обаль; чыг. станцыя на лініі Віцебск—Полацк, на аўтадарозе Віцебск—Полацк. За 23 км на З ад Шуміліна, 68 км ад Віцебска. 3,3 тыс. ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў гіст. крыніцах у 1503 як сяло ў Полацкім ваяв. ВКЛ. Належала Зяновічам. З 1772 у Рас. імперыі. З пач. 19 ст. цэнтр Петрапаўлаўскай вол. Полацкага пав. Росту О. садзейнічала пабудова Рыга-Арлоўскай чыгункі (1886). У канцы 19 ст. ў О. царк.-прыходская школа, вадзяны млын, бровар, Обальская драўняна-хімічная мануфактура. З 1922 пачаў выпуск прадукцыі торфазавод. З 1924 О. — цэнтр сельсавета Сіроцінскага (з 1961 Шумілінскага) р-на. У Вял. Айч. вайну ў О. дзейнічала Обальскае камсамольскае падполле. У снеж. 1962 — ліп. 1966 О. у Полацкім р-не. З 30.9.1968 гар. пасёлак.
Обальскі керамічны завод, торфапрадпрыемства, лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, дзіцячы сад, Обальскага камсамольскага падполля музей, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну; магіла ахвяр фашызму. Помнік падпольшчыкам, помнік архітэктуры 19 ст. — сядзіба.
Г.М.Новікава.
т. 11, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)