НІКАЛА́ЕВА (сапр. Валянская) Галіна Яўгенаўна
(18.2.1911, в. Усманка Марыінскага р-на Кемераўскай вобл., Расія — 18.10.1963),
руская пісьменніца. Скончыла Горкаўскі мед. ін-т (1935). Друкавалася з 1939. Пісала навелы, нарысы, вершы (зб. «Скрозь агонь», 1946). Раман «Жніво» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951; на яго аснове маст. фільм «Вяртанне Васіля Бортнікава», 1953) прысвечаны праблемам пасляваен. вёскі. У рамане «Бітва ў дарозе» (1957, экранізацыя 1961) узняты надзённыя сац. і маральныя праблемы, карціна жыцця сав. грамадства 1950-х г. Аўтар прысвечанай моладзі «Аповесці пра дырэктара МТС і галоўнага агранома» (1954), «Апавяданняў бабкі Васілісы пра цуды» (1962), напісаных на фалькл. аснове, няскончанага рамана «Моцнае ўзаемадзеянне» (урыўкі выд. 1964), кнігі нататак пра прыроду «Наш сад» (выд. 1964), апавяданняў. Паводле некат. твораў Н. зроблены інсцэніроўкі: п’есы «Васіль Бортнікаў» («Высокая хваля», 1952), «Першая вясна» (1955; абедзве разам з С.Радзінскім) і інш.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1987—88;
Завещание: Повести. Рассказы. Поэма. Стихи. Томск, 1990.
Літ.:
Воспоминания о Галине Николаевой. М., 1984;
Пичурин Л.Ф. Путь к «Битве...»: Страницы жизни Г.Е.Николаевой. Томск, 1986.
Л.В.Календа.
т. 11, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)