ЗАХОДНЕЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З (ЗЕС),

ваенна-палітычная арганізацыя еўрап. краін. Створаны ў маі 1955 паводле Парыжскіх пагадненняў 1954 шляхам рэарганізацыі Заходняга Саюза (Нідэрланды, Бельгія, Францыя, Вялікабрытанія, Люксембург), заснаванага ў 1948 у Бруселі і далучэння да яго Італіі і ФРГ. Акрамя пералічаных краін чл. ЗЕС з’яўляюцца Іспанія і Партугалія (з 1990), Грэцыя (з 1995); Ісландыя, Нарвегія і Турцыя — асацыіраваныя чл.; Балгарыя, Венгрыя, Латвія, Літва, Румынія, Польшча, Славакія, Чэхія, Эстонія і Украіна маюць статус асацыіраваных партнёраў; Аўстрыя, Данія, Фінляндыя, Ірландыя, Швецыя — назіральнікі. Мэта ЗЕС — развіццё еўрап. міжурадавага супрацоўніцтва ў галіне бяспекі. Штаб-кватэра з 1993 у Бруселі. Вышэйшы орган — Савет міністраў, які збіраецца адзін раз у 6 месяцаў. 2 разы ў год у Парыжы збіраецца Парламенцкая асамблея ЗЕС. Ген. сакратар узначальвае выканаўчыя органы — Пастаянны савет і сакратарыят. Саюз мае ў сваім непасрэдным падпарадкаванні шматнац. вайск. фарміраванні. Першая сумесная аперацыя сіл ЗЕС — размініраванне Персідскага зал. ў 1987. Пад эгідай ЗЕС у 1994 праводзіліся аперацыі ў б. Югаславіі (па паліт.-эканам. блакадзе Сербіі і інш.) у адпаведнасці з рэзалюцыямі Савета Бяспекі ААН.

В.​Г.​Калеснік.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЗІ́РАВАННЕ ў кібернетыцы,

пераўтварэнне паведамлення (інфармацыі) у сукупнасць сімвалаў (кодавае слова), сігналаў ці інш., складзеную ў адпаведнасці з выбраным кодам; атаясамліванне сімвалаў (або іх груп) аднаго кода з сімваламі другога. Прызначана для ўзгаднення формы паведамлення з дадзеным каналам сувязі, прыладамі апрацоўкі і захоўвання інфармацыі. Аперацыя, адваротная К., наз. дэкадзіраваннем. Тэарэт. асновы К. закладзены амер. матэматыкам і інжынерам К.​Э.​Шэнанам (1950-я Г.).

У інфармацыі тэорыі К. выкарыстоўваюць для змяншэння лішкавасці паведамленняў і ўплыву перашкод, якія скажаюць паведамленні пры перадачы па каналах сувязі. Таму выбар новага кода ўзгадняецца са стат. структурай крыніцы паведамленняў. У пэўнай ступені такое ўзгадненне маюць коды тэлеграфныя, напр., паслядоўнасці літар і лічбаў з дапамогай кода Морзе пераўтвараюцца ў пэўныя камбінацыі кропак і працяжнікаў, а сімвалам паведамлення, якія найб. часта сустракаюцца, адпавядаюць больш кароткія з іх. Пры вылічэннях на ЭВМ найб. важныя двайковае К., пры якім кожнай літары ўзаемна адназначна адпавядае байт, і двайковыя пазіцыйныя коды (прамы, адваротны, дадатковы), дзе паслядоўныя элементы кодавага слова адпавядаюць паслядоўным двайковым разрадам зыходнага ліку.

М.​П.​Савік.

т. 7, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІНО́ЎСКІ Радзівон Якаўлевіч (23. 11.1898, г. Адэса, Украіна — 31.3.1967),

савецкі ваен. дзеяч, Маршал Сав. Саюза (1944), двойчы Герой Сав. Саюза (1945, 1958). Нар. Герой Югаславіі (1964). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1930). Удзельнік 1-й сусв. вайны, у т. л. ў складзе рус. экспедыцыйнага корпуса ў Францыі. У Чырв. Арміі з 1919. Пасля грамада. вайны ў войсках і штабах Паўн.-Каўк. ваен. акругі і БВА. Удзельнік (1937—38) вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1939 на выкладчыцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну на Данскім, Варонежскім, Сталінградскім, Паўд., Паўд.-Зах., 3-м і 2-м Укр. франтах: камандзір стралк. корпуса, каманд. арміямі, франтамі. З ліп. 1945 камандуючы войскамі Забайкальскага фронту, які ўдзельнічаў у разгроме яп. Квантунскай арміі (гл. Маньчжурская аперацыя 1945). Пасля вайны камандуючы войскамі Забайкальска-Амурскай ваен. акругі, галоўнакамандуючы войскамі Д. Усходу, камандуючы войскамі Далёкаўсходняй ваеннай акругі. З 1956 першы нам. міністра абароны СССР і Галоўнакамандуючы сухап. войскамі. У 1957—67 міністр абароны СССР. Узнагароджаны ордэнам «Перамога». Аўтар кніг «Пільна стаяць на варце міру» (1962), «Веліч перамогі» (1965), «Салдаты Расіі» (выд. 1969).

т. 10, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНО́ЖАННЕ,

аперацыя ўтварэння па двух дадзеных аб’ектах a і b (сумножніках) трэцяга аб’екта c (здабытку). Абазначаецца c = a × b = a ∙ b = ab. Уласцівасці М. вывучаюцца ў агульнай алгебры, тэорыях груп і кольцаў.

Мае розны канкрэтны сэнс у залежнасці ад канкрэтнага віду сумножнікаў і здабытку. Напр., у выніку М. цэлых дадатных лікаў a і b атрымліваецца лік c, роўны суме b складаемых, кожнае з якіх роўнае a: c = a + a + ... + a (b складаемых). М. лікаў адназначнае і мае ўласцівасці камутатыўнасці, асацыятыўнасці і дыстрыбутыўнасці. Абагульненні М. звязаныя з магчымасцю разглядаць лікі як аператары ў сукупнасці вектараў на плоскасці. Напр., камплекснаму ліку z = r ( cosφ + isinφ ) адпавядае аператар расцяжэння ўсіх вектараў у r разоў і павароту іх на плоскасці на вугал φ вакол пачатку каардынат. Пры гэтым М. камплексных лікаў адпавядае М. адпаведных аператараў. Такое вызначэнне аператараў пераносіцца на інш. іх віды, якія ўжо нельга выразіць з дапамогай лікаў, напр., лінейныя пераўтварэнні, М. вектараў, матрыц, кватэрніёнаў. Пры гэтым часта парушаюцца некаторыя ўласцівасці М. (звычайна камутатыўнасць).

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКУ́ЛІН Леў Веньямінавіч (сапр. Альканіцкі Леў Уладзіміравіч; 20.5.1891, г. Жытомір, Украіна — 9.3.1967),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1917). Друкаваўся з 1910. Першая кніга — «Чатырнаццаць месяцаў у Афганістане» (1923). Распрацоўваў жанр рэв.-прыгодніцкага рамана: «Ніякіх выпадковасцей» (1924), «Таямніца сейфа» (1925) і інш. Раманы «Расіі верныя сыны» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Маскоўскія світанкі» (кн. 1—2, 1954—57), «Мёртвы зыб» (1965, экранізацыя пад назвай «Аперацыя «Трэст», 1969) на гіст. тэматыку. Аўтар аўтабіягр. рамана «Час, прастора, рух» (кн. 1—2, 1931—32), п’ес «Справа радавога Шыбуніна» (1935), «Порт-Артур» (1937), зб-ка вершаў «Гісторыя і вершы Анжалікі Саф’янавай» (1918), паэм, апавяданняў, кніг падарожных нататак, кінасцэнарыяў і інш., біягр. нарысаў («Людзі рускага мастацтва», 1947; «Фёдар Шаляпін», 1954; «Чэхаў. Бунін. Купрын», 1960), мемуараў («Людзі і падарожжы. Успаміны», 1962) і інш. Быў знаёмы з Я.​Купалам. У 1954 на бел. мову яго раман «Расіі верныя сыны» пераклаў В.​Вітка.

Тв.:

Соч. Т. 1—3. М., 1956;

Избр. произв. Т 1—2. М., 1979;

Мертвая зыбь: Роман. М., 1991.

т. 11, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944,

вызваленчае антыфаш. паўстанне насельніцтва Парыжа ў час 2-й сусв. вайны. Адбылося 19—25 жніўня. Было кульмінацыяй руху Супраціўлення, які асабліва актывізаваўся і пашырыўся ва ўмовах паспяховых дзеянняў англа-амер. саюзнікаў у Францыі (гл. Нармандская дэсантная аперацыя 1944 і «Оверлорд»), а таксама шэрагу паражэнняў вермахта на ўсх. фронце. Узбр. выступленне патрыётаў рыхтавалася арг-цыяй фронту ўнутр. сіл, якія ў чэрв. 1944 налічвалі 500 тыс. чал., пры актыўнай падтрымцы франц. кампартыі. Непасрэднае кіраўніцтва паўстаннем ажыццяўляў Парыжскі к-т вызвалення на чале з А.​Тале; камандаваў унутр. арміяй Парыжскага р-на палк. А.​Роль-Тангі. У выніку вулічных баёў патрыёты за 6 дзён вызвалілі б. ч. Парыжа. Вечарам 24 жн. ў горад увайшло падраздзяленне франц. бранятанк. дывізіі ген. Ф.​Леклерка і 25 жн. аказала дапамогу парыжанам у ліквідацыі апошніх ваен. апорных пунктаў акупантаў. Гарнізон ням.-фаш. войск капітуляваў. У той жа дзень у Парыж прыбыў кіраўнік Часовага ўрада Франц. рэспублікі Ш. дэ Голь.

Да арт. Парыжскае паўстанне 1944: 1 — заклік Парыжскага камітэта вызвалення да насельніцтва сталіцы; 2 — французскія патрыёты на барыкадах у Парыжы. Жнівень 1944.

т. 12, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІРУРГІ́Я (ад грэч. cheir рука + ergon дзеянне, работа),

галіна медыцыны і ветэрынарыі па вывучэнні хвароб і пашкоджанняў, асн. метад лячэння якіх — аперацыя хірургічная. Методыка аперацый пастаянна ўдасканальваецца, выкарыстоўваецца тэлескапічная тэхніка, эндаскапія і інш. Адрозніваюць Х. грудную, сардэчна-сасудзістую, мікрасасудзістую (гл. Мікрахірургія), брушную, пластычную хірургію, транспланталогію і інш. З Х. вылучыліся анкалогія, артапедыя, нейрахірургія, траўматалогія, уралогія.

На Беларусі Х. як форма арганізаванай мед. дапамогі вядома з канца 18 ст., навук. характар набыла ў 1920-я г. (У.В.Бабук, Я.В.Корчыц, У.В.Марзон, С.М.Рубашоў, М.П.Сакалоўскі). Навук. даследаванні па Х. праводзяцца ў мед. ун-тах, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Распрацаваны асн. прынцыпы хірург. службы на Беларусі. Укараненне новых метадаў лячэння ў Х. ажыццяўляецца ў асацыяцыі хірургаў (прэзідэнт С.Л.Леановіч), Бел. акадэміі мед. навук. Уклад у развіццё Х. зрабілі П.М.Маслаў, А.М.Саўчанка, А.У.Шот і інш. (кардыяхірургія), Ц.Е.Гніларыбаў, С.​І.​Траццяк і інш. (транспланталогія), К.С.Мішараў (дзіцячая Х.), М.​М.​Уур (хірург. інфекцыя), Л.В.Аўдзей, М.Е.Батвінкоў, П.В.Гарэлік, І.М.Грышын, І.Я.Макшанаў, Р.П.Рычагоў, Р.П.Шорах і інш. (Х. стрававода, страўніка, біліярнай сістэмы; колапракталогія, эндахірургія), В.Р.Астапенка, І.М.Грышын, А.А.Грэйман, Я.П.Дзямідчык (эндакрыналогія).

І.​М.​Грышын.

т. 17, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХО́ЦЕМЛЯ—АРГУНЫ́»

(«Chozemlja—Arguny»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. атрадаў 6-га «Марак» і 8-га імя М.​Н.​Селіваненкі партыз. брыгады «Аляксея», спец. групы БШПР пад камандаваннем В.​Дз.​Сазонава і мясц. насельніцтва ў Суражскім і Віцебскім р-нах 3.10.1942. Назва ад вёсак Хоцемля і Аргуны ў Лёзненскім р-не. Праводзілася падраздзяленнямі 237-га ахоўнага батальёна, 13-га паліцэйскага палка СС з прыдадзенымі ім процітанк. і мінамётнымі батарэямі на чале з камендантам Смаленска. Паводле плана штаба тылу групы армій «Цэнтр» аперацыя «Х.—А.» разам з карнай аперацыяй «Маланка» павінна была адчысціць ад партызан перадполле чыг. Полацк—Смаленск. Раптоўнай атакай з Пн і Пд карнікі хацелі ўварвацца ў партыз. лагер. Сілы праціўніка ў 4 разы перавышалі сілы партызан. Пасля 6-гадзіннага бою партызаны з баямі адышлі на ПнЗ. Не дасягнуўшы поспеху, карнікі падпалілі в. Хоцемля, расстралялі 97 яе жыхароў і каля 60 жанчын і дзяцей спалілі ў хатах; у в. Кавалёва Суражскага р-на спалілі больш за 50 двароў і расстралялі 40 жыхароў.

В.​С.​Лазебнікаў, У.​С.​Пасэ.

т. 17, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Карлсбад» (карная аперацыя) 1/215; 5/444, 452; 8/137, 230, 231, 232

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«Баграціён» 1/359; 2/63, 217; 12/177, 178, гл. Беларуская аперацыя 1944

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)