ХІРУРГІ́Я (ад грэч. cheir рука + ergon дзеянне, работа),

галіна медыцыны і ветэрынарыі па вывучэнні хвароб і пашкоджанняў, асн. метад лячэння якіх — аперацыя хірургічная. Методыка аперацый пастаянна ўдасканальваецца, выкарыстоўваецца тэлескапічная тэхніка, эндаскапія і інш. Адрозніваюць Х. грудную, сардэчна-сасудзістую, мікрасасудзістую (гл. Мікрахірургія), брушную, пластычную хірургію, транспланталогію і інш. З Х. вылучыліся анкалогія, артапедыя, нейрахірургія, траўматалогія, уралогія.

На Беларусі Х. як форма арганізаванай мед. дапамогі вядома з канца 18 ст., навук. характар набыла ў 1920-я г. (У.В.Бабук, Я.В.Корчыц, У.В.Марзон, С.М.Рубашоў, М.П.Сакалоўскі). Навук. даследаванні па Х. праводзяцца ў мед. ун-тах, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Распрацаваны асн. прынцыпы хірург. службы на Беларусі. Укараненне новых метадаў лячэння ў Х. ажыццяўляецца ў асацыяцыі хірургаў (прэзідэнт С.Л.Леановіч), Бел. акадэміі мед. навук. Уклад у развіццё Х. зрабілі П.М.Маслаў, А.М.Саўчанка, А.У.Шот і інш. (кардыяхірургія), Ц.Е.Гніларыбаў, С.​І.​Траццяк і інш. (транспланталогія), К.С.Мішараў (дзіцячая Х.), М.​М.​Уур (хірург. інфекцыя), Л.В.Аўдзей, М.Е.Батвінкоў, П.В.Гарэлік, І.М.Грышын, І.Я.Макшанаў, Р.П.Рычагоў, Р.П.Шорах і інш. (Х. стрававода, страўніка, біліярнай сістэмы; колапракталогія, эндахірургія), В.Р.Астапенка, І.М.Грышын, А.А.Грэйман, Я.П.Дзямідчык (эндакрыналогія).

І.​М.​Грышын.

т. 17, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)