НІКУ́ЛІН (Леў Веньямінавіч) (сапр. Альканіцкі Леў Уладзіміравіч; 20.5.1891, г. Жытомір, Украіна — 9.3.1967),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1917). Друкаваўся з 1910. Першая кніга — «Чатырнаццаць месяцаў у Афганістане» (1923). Распрацоўваў жанр рэв.-прыгодніцкага рамана: «Ніякіх выпадковасцей» (1924), «Таямніца сейфа» (1925) і інш. Раманы «Расіі верныя сыны» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Маскоўскія світанкі» (кн. 1—2, 1954—57), «Мёртвы зыб» (1965, экранізацыя пад назвай «Аперацыя «Трэст», 1969) на гіст. тэматыку. Аўтар аўтабіягр. рамана «Час, прастора, рух» (кн. 1—2, 1931—32), п’ес «Справа радавога Шыбуніна» (1935), «Порт-Артур» (1937), зб-ка вершаў «Гісторыя і вершы Анжалікі Саф’янавай» (1918), паэм, апавяданняў, кніг падарожных нататак, кінасцэнарыяў і інш., біягр. нарысаў («Людзі рускага мастацтва», 1947; «Фёдар Шаляпін», 1954; «Чэхаў. Бунін. Купрын», 1960), мемуараў («Людзі і падарожжы. Успаміны», 1962) і інш. Быў знаёмы з Я.Купалам. У 1954 на бел. мову яго раман «Расіі верныя сыны» пераклаў В.Вітка.
Тв.:
Соч. Т. 1—3. М., 1956;
Избр. произв. Т 1—2. М., 1979;
Мертвая зыбь: Роман. М., 1991.
т. 11, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)