«ХО́ЦЕМЛЯ—АРГУНЫ́»

(«Chozemlja—Arguny»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. атрадаў 6-га «Марак» і 8-га імя М.​Н.​Селіваненкі партыз. брыгады «Аляксея», спец. групы БШПР пад камандаваннем В.​Дз.​Сазонава і мясц. насельніцтва ў Суражскім і Віцебскім р-нах 3.10.1942. Назва ад вёсак Хоцемля і Аргуны ў Лёзненскім р-не. Праводзілася падраздзяленнямі 237-га ахоўнага батальёна, 13-га паліцэйскага палка СС з прыдадзенымі ім процітанк. і мінамётнымі батарэямі на чале з камендантам Смаленска. Паводле плана штаба тылу групы армій «Цэнтр» аперацыя «Х.—А.» разам з карнай аперацыяй «Маланка» павінна была адчысціць ад партызан перадполле чыг. Полацк—Смаленск. Раптоўнай атакай з Пн і Пд карнікі хацелі ўварвацца ў партыз. лагер. Сілы праціўніка ў 4 разы перавышалі сілы партызан. Пасля 6-гадзіннага бою партызаны з баямі адышлі на ПнЗ. Не дасягнуўшы поспеху, карнікі падпалілі в. Хоцемля, расстралялі 97 яе жыхароў і каля 60 жанчын і дзяцей спалілі ў хатах; у в. Кавалёва Суражскага р-на спалілі больш за 50 двароў і расстралялі 40 жыхароў.

В.​С.​Лазебнікаў, У.​С.​Пасэ.

т. 17, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)