вузкая лёгкая лодка без уключын, закрытая зверху палубай з люкамі для весляроў. Вяслуюць 2-лопасцевым вяслом, кіруюць рулём, які паварочваецца нагамі; вясляр размяшчаецца тварам у бок руху. Бываюць адзіночкі, двойкі, чацвёркі, васьмёркі (1, 2, 4, 8 весляроў). Адрозніваюць байдаркі спартыўныя і турысцкія з драўлянымі, метал.або пластмасавымі каркасамі, суцэльнымі ў першых і разборнымі ў другіх (абшыўка ў іх эластычная, з воданепранікальных матэрыялаў). Турысцкія байдаркі могуць аснашчацца парусамі і падвеснымі маторамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНАВА́ННЕ,
агратэхнічны прыём паверхневай апрацоўкі глебы, догляду і інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання с.-г. культур. Праводзіцца з мэтай раздрабнення і разрыхлення ворнага пласта, выраўноўвання ўзаранай паверхні, загортвання насення (пры раскідной сяўбе) і мінер. угнаенняў, а таксама частковага знішчэння праросткаў і ўсходаў пустазелля. Робіцца на глыб. да 10—15 смбаронамі раздзельна або адначасова з узворваннем, культывацыяй, прыкочваннем. Памяншае страты глебавай вільгаці, паляпшае паветра- і водапранікальнасць глебы, узмацняе мікрабіял. працэсы, актывізуе назапашванне засваяльных раслінамі пажыўных рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЯРО́ДАК,
намнажэнне алювіяльных наносаў у рэчышчы ракі ў выглядзе невысокіх затопленых або часткова аголеных астравоў. Звычайна без расліннасці. Форма асяродку падоўжаная, выцягнутая па цячэнні, пл. да некалькіх дзесяткаў, радзей соцень квадратных метраў. Падзяляюць рэчышча на рукавы, паступова рухаюцца ўніз па цячэнні ракі (ніжняя ч. намываецца, верхняя размываецца). Замацаванне асяродку расліннасцю прыводзіць да ператварэння яго ва ўстойлівы востраў. Трапляюцца пераважна на рэках паўд.ч. Беларусі (на Прыпяці, Дняпры, Сажы, Іпуці і інш.). Месца гнездавання птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ,
выкарыстанне тэхнічных сродкаў, эканоміка-матэм. метадаў і сістэм кіравання, якія часткова ці цалкам вызваляюць чалавека ад непасрэднага ўдзелу ў працэсах атрымання, пераўтварэння, перадачы і спажывання энергіі, матэрыялаў або інфармацыі; адзін з асн. кірункаў навукова-тэхнічнага прагрэсу. Мэта аўтаматызацыі — павышэнне прадукцыйнасці і эфектыўнасці фіз. і разумовай працы, аптымізацыя планавання і кіравання ў розных галінах дзейнасці, вызваленне чалавека ад працы ва ўмовах, небяспечных для здароўя. Гл. таксама Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызацыя праграмавання, Аўтаматызацыя праектавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРХА́НЫ (цюрк.),
мацерыковыя дзюны, паўмесяцавыя або серпападобныя ўзгоркі з сыпкага, навеянага ветрам пяску. Характэрныя для пясчаных пустыняў. Наветраны схіл барханаў выпуклы ў плане, доўгі, пакаты (5—14°), падветраны — увагнуты, кароткі, стромкі (30—33°), пераходзіць у выцягнутыя «рогі». Выш. да 10—20 м, зрэдку 40 м. Звіваючыся, утвараюць барханныя ланцугі. Пад уздзеяннем ветру перамяшчаюцца да сотняў метраў за год.
Барханы наступаюць на аазіс у Сахары.Да арт.Барханы. Пясчаны бархан у пустыні Каракумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́ЛАЎ (Мікалай Пятровіч) (6.12.1899, Масква — 10.11.1937),
рускі акцёр. Засл. арт. Расіі (1933). З 1916 у трупе МХТ. Яго мастацтву ўласцівы тэмперамент, абаяльнасць, пачуццё гумару. Майстар пераўвасаблення. Сярод роляў: Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Васька Окарак («Браняпоезд 14-69» У.Іванава), Луп Кляшнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Сабакевіч («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля). З 1923 здымаўся ў кіно: «Аэліта», «Маці», «Пуцёўка ў жыццё» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЕНА́ЛЕ (ад італьян. biennale двухгадовы),
мерапрыемства (маст. выстаўка або фестываль, звычайна міжнародны), якое праводзіцца рэгулярна, раз у 2 гады. Старэйшае біенале — выстаўка сучаснага мастацтва ў Венецыі (з 1895). Праводзяцца біенале: сучаснага мастацтва (з 1951) і архітэктуры (з 1957) у Сан-Паўлу, жывапісу ў Токіо (з 1951), мастацтва ў Александрыі (з 1955), «маладых» у Парыжы (з 1959), экслібрыса ў Мальбарку (з 1965), плаката ў Варшаве (з 1966), прыкладной графікі ў Брно (з 1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕ́ННЫЯ АСА́ДКІ,
усе віды адкладаў на паверхні Зямлі, якія ўтвараюцца пры пераходзе асадкавага арган. рэчыва з рухомага, завіслага або растворанага (у паветр. ці водным асяроддзі) у нерухомы стан (асадак). Утвараюцца на дне рэк, азёраў, мораў, акіянаў і інш., а таксама на паверхні сушы як вынік жыццядзейнасці арганізмаў (дыятомавыя і фарамініферавыя глеі, сапрапелі, тарфянікі, ракушачнікі і інш.). У сувязі з забруджваннем антрапагенным у біягенных асадках могуць назапашвацца незвычайна высокія мясц. канцэнтрацыі некаторых рэчываў, зрэдку ядавітых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ РЭГРЭ́С,
эвалюцыйны заняпад дадзенай групы арганізмаў, якая не змагла прыстасавацца да змен умоў навакольнага асяроддзя або не вытрымала канкурэнцыі з інш. групамі. Характарызуецца змяншэннем колькасці асобін у пэўным таксоне і падпарадкаваных сістэматычных груп, звужэннем яго арэала, паступова можа прывесці да вымірання дадзенай групы арганізмаў (напр., род хахуляў, сям. гінкгавых; рэптыліі, якія былі пашыраны ў мезазоі, цяпер іх значна менш і арэал абмежаваны). Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1925). Параўн.Біялагічны прагрэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТРО́Н (ад бія... + грэч. thronos месцазнаходжанне),
біятэхнічны комплекс для стварэння штучна рэгулюемых умоў вонкавага асяроддзя ў спец. герметычных камерах або памяшканнях. Выкарыстоўваецца ў эксперым. біялогіі, медыцыне, мікрабіялогіі з мэтай даследавання арганізмаў і лячэння некаторых хвароб. У біятроне вывучаюць уплыў на арганізмы т-ры, асветленасці, вільготнасці, ціску, мат. палёў і інш. фактараў навакольнага асяроддзя. З дапамогай біятрона магчыма значна паскорыць селекцыйны і мутацыйны працэсы. Упершыню ў б.СССР пабудаваны ў Кіеве (1959). Гл. таксама Фітатрон.