МАЦЕ́ЕВІЦКАЕ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1754 га. Займае аднайм. балотны масіў. Пераважаюць адкрытыя сфагнавыя балоты або рэдкія хваёва-сфагнавыя і кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы. На ўскраінах балот хваёвыя і бярозавыя лясы чарнічнага і даўгамошнага тыпаў. У сярэдзіне балотнага масіву «астравы» з урадлівымі дзярнова-падзолістымі глебамі, якія ўкрыты высокапрадукцыйнымі яловымі, асінава-яловымі, хваёвымі і бярозавымі лясамі кіслічнага, сніткавага і чарнічнага тыпаў.
т. 10, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)