МЯ́ДЗЕЛКА,

рака ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. і Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Бірвета (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 50 км. Пл. вадазбору 775 км2. Выцякае з воз. Мядзел каля в. Лапосі Мядзельскага р-на. Асн. прытокі — Лучайка (справа) і Вінгра (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 250—400 м. Пойма двухбаковая, чаргуецца на берагах, шыр. да 200 м. Рэчышча сярэдне звілістае. Шыр. ракі ў вярхоўі 10—15 м, на астатнім працягу 15—20 м. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ ў межах г. Паставы сажалка — Пастаўскае воз. (пл. 0,27 км2).

т. 11, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛБІ́ЦА, Галбеіца, Галубейка,

рака пераважна ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток Дзісны (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 63 км. Пл. вадазбору 1050 км². Пачынаецца за 0,5 км на ПдЗ ад в. Глінскія, цячэ ў межах Свянцянскіх град пад назвай Заражанка (на працягу 5 км у Мядзельскім р-не Мінскай вобл.), ніжняе цячэнне на Полацкай нізіне. Асн. прытокі Лаўрыха, Шурыца, Паловіца (злева), Чэртка, Карнееўка, Ласіца і Плісаўка (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 200—400 м. Пойма шыр. 50—150 м. Рэчышча ў верхнім цячэнні на працягу 11 км каналізаванае, у сярэднім і ніжнім цячэнні яго шыр. 20—30 м. Рака працякае праз азёры Задняе возера і Галбея, створаны сажалкі.

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАЛІ́ЙСКІЯ А́ЛЬПЫ (Australian Alps),

горы на ПдУ Аўстраліі, найб. высокая і расчлянёная частка Вял. Водападзельнага хрыбта. Даўж. каля 450 км, шыр. да 150 км. Пераважная выш. 1700—2000 м, найб. — 2230 м, г. Касцюшкі (самая вял. вяршыня Аўстраліі). Аўстралійскія альпы — высока ўзняты горставы масіў, разбіты разломамі на асобныя хрыбты-блокі (Гурак, Манара, Муніёнг, Бары і інш.) са слядамі чацвярцічнага зледзянення (марэны, кары, цыркі і невял. лядовыя азёры). Складзены з палеазойскіх кварцытаў, сланцаў і вапнякоў, пранізаных гранітнымі інтрузіямі. Радовішчы бурага і каменнага вугалю. З паўн.-зах. схілаў пачынаецца гал. рака Аўстраліі Мурэй і яе прыток Дарлінг. Да выш. 1200 м — эўкаліптавыя лясы, вышэй — зараснікі верасоў, участкі злакавых лугоў і камяністых россыпаў.

З.Я.Андрыеўская.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЁКМА,

рака ў Расійскай Федэрацыі, у Чыцінскай і Амурскай абл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), правы прыток Лены. Даўж. 1436 км, пл. бас. 210 тыс. км². Пачынаецца на паўн. схілах Алёкмінскага Станавіка, цячэ ў вузкай даліне з крутымі схіламі (рэчышча з перакатамі), далей — у глыбокай даліне прарыву паміж хрыбтамі Удакан і Станавы, мае 13 парогаў, непраходных для суднаў. На апошніх 410 км цячэ ў шырокай даліне па Сярэднесібірскім пласкагор’і (суднаходны ўчастак). Асн. прытокі Тунгір, Нюкжа (справа), Чара (злева). Жыўленне снегавое і дажджавое. Летам бурныя паводкі. Замярзае ў канцы кастр., крыгалом у маі, у нізоўях у чэрвені. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 2000 м³/с. Сплаўная ніжэй вусця р. Тунгір.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЧАС, Воўчыца,

рака ў Магілёўскай вобл., правы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 80 км. Пл. вадазбору 427 км. Пачынаецца з балота каля в. Старынка Мсціслаўскага р-на, цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне праз Крычаўскі і Чэрыкаўскі р-ны. Асн. прытокі р. Яленка (злева) і ручай Глінец (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 100—250 м у вярхоўі, 1—1,3 км у вусці. Пойма двухбаковая, пераважна лугавая, месцамі забалочаная, шыр. ад 50—200 м у верхнім цячэнні да 250—350 м у ніжнім. Рэчышча звілістае, у вярхоўі каналізаванае на 21,9 км. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці каля 2,5 м³/с. Берагі стромкія і абрывістыя, у сярэднім цячэнні забалочаныя, пад хмызняком. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 4, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАХВА́,

рака ў Шклоўскім, Магілёўскім і Быхаўскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 90 км. Пл. вадазбору 731 км2. Пачынаецца за 1 км на ПнУ ад в. Старая Вадва Шклоўскага р-на. Асн. прытокі: Лахвіца, Жыварэзка, Праціўніца (справа). Цячэ пераважна па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецападобная, шыр. ад 500—800 м у верхнім цячэнні да 1—1,5 км у ніжнім. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, выш. да 25 м. Пойма двухбаковая, слабаперасечаная. Рэчышча каналізаванае на 3 участках агульнай працягласцю каля 22 км. На астатнім працягу рэчышча звілістае, шыр. 15—20 м, месцамі да 40 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,4 м³/с. На рацэ зона адпачынку Лахва.

т. 9, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭЙМС, Джэмс (James),

назва 2 рэк у ЗША. 1) Рака ў штаце Віргінія. Даўж. каля 550 км, пл. бас. 25,1 тыс. км2. Пачынаецца ў Апалачах, перасякае хр. Блу-Рыдж (у цясніне Жалезныя Вароты), плато Підмант, на ўступе якога ўтварае вадаспады, цячэ па Прыатлантычнай нізіне, упадае ў Чэсапікскі заліў Атлантычнага ак. Сярэдні расход вады каля г. Рычманд 210 м³/с. Да гэтага горада рака суднаходная. У вусці — марскі порт Норфалк.

2) Рака ў штатах Паўн. і Паўд. Дакота, левы прыток р. Місуры. Даўж. каля 1140 км, пл. бас. 57,2 тыс. км2. Пачынаецца на плато Місуры, цячэ па шырокай даліне паралельна ўсх. ўступу Вял. раўнін. Кароткачасовае веснавое разводдзе. Высокія летнія паводкі. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ПУСТЫ́НСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў каля г. Мсціслава Магілёўскай вобл. на беразе р. Аслянка (правы прыток Сажа). Паводле царк. падання, засн. каля 1380 мсціслаўскім кн. Лугвенам. Паводле царк. гісторыка М.І.Пятрова манастыр вядомы з 1500. У пач. 17 ст. стаў уніяцкім, у 2-й пал. 17 ст. пэўны час быў не заселены. Да 19 ст. будынкі былі драўляныя, у 1801—08 мітрапаліт Іраклій Лісоўскі пабудаваў мураваны храм Успення Багародзіцы базілікальнага тыпу (у 1869 перабудаваны ў крыжападобны ў плане). З 1839 манастыр зноў праваслаўны. У 1864 пабудавана царква Раства Багародзіцы, у 1865 — Пакроўская царква, у канцы 19 ст. — шмат’ярусная званіца. У 1918 манастыр закрыты. Частка будынкаў захавалася ў руінах.

А.А.Ярашэвіч.

Званіца Мсціслаўскага Пустынскага Успенскага манастыра.

т. 10, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ БУГ, Буг,

рака на тэр. Украіны, Беларусі і Польшчы, левы прыток. Нараў. Даўж. 772 км, у межах Беларусі 154 км. Пл. вадазбору 39,4 тыс. км2, у межах Беларусі каля 10 тыс. км2. Пачынаецца на зах. схілах Падольскага ўзв. каля в. Верхабуж Золачаўскага р-на Львоўскай вобл. Украіны. У сярэднім цячэнні праходзіць па Брэсцкім Палессі і Прыбугскай раўніне (на значным працягу пагранічная). Упадае ў Зягжынскае вадасх. на р. Нараў (Польшча). Асн. прытокі: Луга (Украіна), Капаёўка, Мухавец, Лясная, Пульва (Беларусь), Нужац (Польшча) — справа; Рата, Салокія, Уладаўка, Кшна, Лівец (Польшча) — злева. У верхнім цячэнні даліна выразная, шыр. 1—3 км, у сярэднім цячэнні (у межах Беларусі) невыразная, шыр. 3—4 км, на ніжнім участку выразная, шыр. 1—1,5 км. Пойма ў верхнім і ніжнім цячэнні вузкая, перарывістая, у сярэднім — нізкая, шырокая, часта зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча звілістае, шматрукаўнае, шыр. 10—20 м у вярхоўі, ніжэй 50—80 м, на асобных участках 200—300 м. Ледастаў з 2-й паловы снеж. да сярэдзіны сакавіка. Веснавое разводдзе доўжыцца 1—2 месяцы. Летам і ўвосень назіраюцца дажджавыя паводкі, зімой мяшаныя (ад адліг і дажджоў). Межань кароткая, перарывістая. Сярэднегадавы расход вады на мяжы Украіны і Беларусі каля 50 м³/с, у вусці 145 м³/с. Праз Мухавец, Дняпроўска-Бугскі канал, р. Піну. З.Б. злучаны з р. Прыпяць; праз р. Нараў з р. Чорная Ганча (прыток р. Нёман). Суднаходства ніжэй Брэста. На рацэ гарады Буск, Каменка-Бугская, Чырванаград, Сакаль (Украіна), порт Брэст (Беларусь).

А.А.Макарэвіч.

Рака Заходні Буг каля Брэста.

т. 7, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НКА,

рака ў Беларусі, у Ашмянскім, Смаргонскім і Астравецкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток Віліі. Даўж. 105 км. Пл. вадазбору 1490 км². Пачынаецца каля в. Мураваная Ашмянка Ашмянскага р-на, у вярхоўі цячэ па цэнтр. частцы Ашмянскага узв., у сярэднім і ніжнім цячэнні па Нарачанка-Вілейскай нізіне. Асн. прытокі: Гаружанка, Панарка, Сікуня, Сікунка (справа), Лоша, Кернава (злева).

Даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—1,5 км. Схілы стромкія і абрывістыя, слабапарэзаныя, выш. 14—18 м. Пойма роўная, перасечаная, шыр. 200—300 м. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае. Берагі стромкія, абрывістыя, у ніжнім цячэнні зараслі хмызняком. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13,4 м³/с. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ Рачунскае вадасх., каля в. Харанжышкі сажалка. У пойме меліярац. Каналы.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)