адзін з першых узораў ручной агнястрэльнай зброі, выкарыстоўвалася арабамі ў 12—13 ст. Складалася з кароткага метал. ствала (трубкі) з дном, які прымацоўваўся да доўгага дрэўка (для зручнасці ўтрымання зброі ў руках). Страляла з сошкі круглым метал. снарадам (мех. сумесь салетры, серы і вугалю). Запальванне зарада адбывалася з дула або праз запальную адтуліну з дапамогай распаленага жал. прута ці тлеючага кнота. Паводле прынцыпу М. пазней зроблены першыя артыл. гарматы — бамбарды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЛ (італьян. molo ад лац. moles маса, насып),
гідратэхнічнае агараджальнае збудаванне ў выглядзе вузкай сценкі, якое адным канцом прылягае да берага і засцерагае партовую акваторыю ад хваль. Можа выкарыстоўвацца для размяшчэння прычалаў і перагрузачных прыстасаванняў. Размяшчаюць М. з улікам формы берага і дна, напрамку вятроў і цячэнняў. Спалучаюць з хваляломамі. Бываюць гравітацыйныя (масіўныя), і палевыя; жалезабетонныя, каменныя і драўляныя. На гал. частцы М., што выступае ў мора, устанаўліваюць партовы сігнальны агонь абомаяк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАПЛАКАФО́РЫ (Monoplacophora),
клас прымітыўных марскіх малюскаў. Вядомы з палеазою (каля 500 млн.г. назад). 3 атр. (2 вымерлыя), каля 60 відаў (14 сучасных, аб’яднаны ў 4 роды). Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне да глыб. 6,5 км.
Даўж. сучасных М. да 37 мм. Цела ўкрыта каўпачкападобнай або плоскаспіральнай (у вымерлых) ракавінай, мае галаву, нагу, мантыю і поласцевы мяшок. У мантыйнай баразне, паміж мантыяй і нагой 5—6 пар перыстых шчэлепаў. Кормяцца дэтрытам, фільтратары. Раздзельнаполыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСКА́ТНЫ АРЭ́Х,
насенне з пладоў мускатніку духмянага (Myristica fragrans). Культывуюць у тропіках абодвух паўшар’яў. Плод — яйцападобная аранжава-жоўтая мясістая ягада даўж. 4—6 см. Пры выспяванні скурка і мякаць плода расшчапляюцца кальцавой верт. трэшчынай і адкрываюць цёмна-бурае насенне, часткова ўкрытае ярка-чырв. сакаўным прынасеннікам. Высушаны прынасеннік ужываецца як прыправа і наз. мускатным цветам або мацысам. Духмянае ядро пасля апрацоўкі выкарыстоўваюць у харч. і тытунёвай прам-сці, кулінарыі, медыцыне, парфумерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМЕНКЛАТУ́РА ТАВА́РАЎ, таварная наменклатура,
1) сукупнасць асартыментных груп тавараў і таварных адзінак, якія прапануюцца пакупнікам канкрэтным прадаўцом.
2) Пералік прадукцыі, што вырабляецца на прадпрыемстве; структура вытворчай праграмы. Паводле ступені дэталізацыі асобных яе відаў можа быць разгорнутайабоспецыялізаванай (па тыпах, марках, профілях, памерах, артыкулах),
групавой (асобныя пазіцыі разгорнутай Н.т. аб’яднаны ў аднародныя групы пад агульным найменнем), свабодна-планавай (з найб. узбуйненым пералікам прадукцыі). Важнае значэнне мела пры планавай сістэме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАДО́ЛЬНАЯ СІ́ЛА, форс-мажор (лац. vis major, франц. force majeure) у праве, падзеі, надзвычайныя абставіны, якія не могуць быць прадугледжаны, прадухілены або ліквідаваны якімі-н. мерамі. Да Н.с. ў заканадаўстве і дагаворнай практыцы адносяць стыхійныя бедствы (напр., землетрасенні, навадненні) і інш. непрадбачаныя і непазбежныя абставіны. У выніку Н.с. адзін з бакоў у цывільна-прававых адносінах міжвольна становіцца прычынай страт другому. У такой сітуацыі Н.с. з’яўляецца акалічнасцю, якая вызваляе ад адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКТО́Н (ад грэч. nēktos які плавае, плыве),
сукупнасць актыўна плаваючых водных жывёл, здольных процістаяць сіле цячэння і актыўна перамяшчацца на значныя адлегласці. Форма цела ў большасці нектонных жывёл абцякальная (верацёна- або тарпедападобная); добра развіты органы руху — ласты, плаўнікі і інш. Да Н. належаць ракападобныя, галаваногія малюскі, рыбы (асн. частка), водныя змеі, чарапахі, пінгвіны, кітападобныя, ластаногія, у прэсных водах таксама насякомыя і земнаводныя. У вадаёмах Беларусі да Н. належаць пераважна ракападобныя і рыбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМЕСІ́ДА, Немезіда,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня адплаты, якая назірае за справядлівым размеркаваннем матэрыяльных даброт паміж людзьмі, вызначае лёс людзей і карае іх за парушэнне юрыд. і маральных норм. Культ Н. быў пашыраны і ў Стараж. Рыме. Ант. скульптары і мастакі звычайна паказвалі Н. ў выглядзе жанчыны з атрыбутамі кантролю (шалі, аброць), пакарання (меч, бізун абожэзл жазло*) і хуткасці (крылы, калясніца, запрэжаная грыфонамі). Другое імя Н. — Адрастэя. У пераносным сэнсе Н. — лёс, непазбежная адплата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́МФЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі другарадныя божаствы, якія ўвасабляюць сілы і з’явы прыроды. Лічыліся дачкамі Зеўса, Акіяна і інш. багоў. Вядомы Н. рэк, мораў, крыніц (водныя Н.: акіяніды, нерэіды, наяды), азёр і балот (лімнады), гор (аграсціны, арэстыяды), гаёў (альсеіды), дрэў (дрыяды, гамадрыяды) і іх асобных парод. Паводле міфаў, Н. валодаюць стараж. мудрасцю, тайнамі жыцця і смерці, лечаць людзей, прадказваюць іх будучыню. Стараж. мастакі і скульптары звычайна паказвалі Н. у выглядзе прыгожых аголеных або паўаголеных дзяўчат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАЦЭМЕНТА́ЦЫЯ,
насычэнне (дыфузіяй) паверхні стальных або чыгунных вырабаў адначасова азотам і вугляродам з газавага асяроддзя. Павышае цвёрдасць, зносаўстойлівасць, вынослівасць, часам каразійную трываласць матэрыялаў.
Робіцца пераважна ў шахтавых ці муфельных (гл.Муфель) печах. у асяроддзі прыроднага газу і аміяку. Бывае нізкатэмпературная (адбываецца пры т-ры 500—700 °C) і высокатэмпературная (пры 840—930 °C). Дыфузійны слой, утвораны пры Н., мае таўшчыню 0,25—1,5 мм, па будове і ўласцівасцях ён падобны на слой, атрыманы пры цыянаванні.