НУКЛЕАПРАТЭІ́ДЫ,

складаныя комплексы нуклеінавых кіслот з бялкамі. Адрозніваюць Н. ў комплексе з ДНК і РНК. Дэзоксірыбануклеапратэіды знаходзяцца ў ядрах клетак (рэчывы храмасом), мітахондрыях і галоўках сперматазоідаў. Іх бялкі з’яўляюцца гістонамі і пратамінамі (нізкамалекулярныя бялкі), размяшчаюцца ў жалабках двайной спіралі ДНК, стабілізуюць яе структуру і рэгулююць матрычную актыўнасць; звязаны з нуклеінавай к-той электрастат. узаемадзеяннем. Рыбануклеапратэіды ўваходзяць у склад рыбасом, вірусаў, інфармасом. Кожная з гэтых структур мае адну або некалькі малекул РНК і дзесяткі розных бялкоў. Вылучаныя і ачышчаныя кампаненты рыбасом і вірусаў здольныя да самазборкі і ўтварэння біялагічна актыўных сістэм (напр., інфекц. вірусаў).

С.С.Ермакова.

т. 11, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)