НЕЙРАСАКРЭ́ЦЫЯ (ад нейра... + сакрэцыя),
утварэнне і выдзяленне спецыялізаванымі нерв. клеткамі (т.зв. нейрасакраторнымі) нейрагармонаў. Нейрагармоны, звязаныя з бялкамі-носьбітамі (нейрафізінамі і інш.), звычайна ўтвараюцца ў цытаплазме клетак (радзей у ядры), выдзяляюцца пераважна праз нерв. канцы (тэрміналі) у гемалімфу, кроў, тканкавую або спіннамазгавую вадкасць і рэгулююць функцыі вісцэральных органаў, у т.л. эндакрынных залоз, і ц. н. с. Самі нейрасакраторныя клеткі, як і звычайныя нейроны, здольныя генерыраваць патэнцыял дзеяння і распаўсюджваць імпульс па аксонах да іх канцоў, пад уплывам якога нейрагармон — бялок-носьбіт выдзяляецца ў навакольнае асяроддзе. Функцыян. актыўнасць клетак кантралюецца класічнымі нейронамі.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)