археалагічная культура плямёнаў, якія ў 6—8 ст. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Верхнім Панямонні, Верхнім і Сярэднім Падзвінні. Назва ад гарадзішча Банцараўшчына пад Мінскам. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй; жыло на селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай канструкцыі і наземных слупавой канструкцыі, унутры жытлаў размяшчаліся печы-каменкі. У якасці сховішчаў часта выкарыстоўваліся ранейшыя гарадзішчы, якія дадаткова ўмацоўваліся валамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне на бескурганных і курганных могільніках. Рэшткі спаленых нябожчыкаў змяшчаліся ў гліняныя урны або ссыпаліся ў магільныя ямы. У курганах (круглых, падоўжаных, доўгіх) пахаванні на гарызонце, у насыпе або адразу пад яго дзярновым пакрыццём. Характэрны слабапрафіляваны пласкадонны неарнаментаваны посуд. Большасць даследчыкаў лічыць, што Банцараўская культура належала балтам; яна сфарміравалася ў выніку пранікнення на Пн Беларусі носьбітаў кіеўскай культуры і змяшэння іх з плямёнамі днепра-дзвінскай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СКАВІЧЫ, Маскаўцы,
гарадзішча днепра-дзвінскай культуры, штрыхаванай керамікі культуры і 11—13 ст. каля в. Маскавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. на беразе воз. Дзерба. На рубяжы н.э. было ўмацавана драўляным частаколам, у 11—12 ст. — сценамі з тоўстых бярвён. У 12—13 ст. памежная крэпасць на паўн.-зах. ускраіне Полацкага княства. Культурны пласт 0,2—1,2 м. Рэшткаў пабудоў не выяўлена, але аэрафотаздымак сведчыць пра комплексную забудову гарадзішча: жытлы, верагодна, былі наземныя, зрубныя, па форме блізкія да квадрата. Гідраархеалагічнымі разведкамі і падводнымі раскопкамі на воз. Дзерба выяўлены пасад, які з цягам часу апынуўся пад вадой возера. Знойдзены прылады працы, конская збруя і рыштунак конніка, рыбалоўныя снасці, вырабы з косці, жаночыя ўпрыгожанні, 4 энкалпіёны, больш за 100 абломкаў касцей жывёл з надпісамі і малюнкамі. Мяркуюць, што надпісы звязаны з рунічным пісьмом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЛЬТ (ад позналац. celtis долата),
старажытная зброя і прылада працы ў выглядзе сякеры ці цяслы, якая выкарыстоўвалася для апрацоўкі дрэва і пры земляных работах. Выраблялі з бронзы і жалеза. Паявіўся ў канцы 3-га тыс. да н.э., у 2—1-м тыс. да н.э. быў пашыраны ў Еўропе, ужываўся да пач. 2-га тыс.н.э. (зах. Літва). На Беларусі найб. раннія К. (8—7 ст. да н.э.) адносяцца да меларскага тыпу (мелі авальную адтуліну для дзяржання, круглаватае вушка недалёка ад краю ўтулкі, упрыгожваліся 3 гарызантальнымі валікамі на ўзроўні вушка і зігзагападобным арнаментам па абушковай частцы). У апошняй чвэрці 1-га тыс. да н.э. — пач. 1-га тыс.н.э. на Беларусі з’явіліся жалезныя К. з прамавугольнай адтулінай. Яны вядомы на помніках мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.
Да арт.Кельт: 1 — бронзавы кельт са Смалявіцкага р-на; 2 — жалезны кельт з в. Гарадзішча Мядзельскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНКО́ВАЯ КАНСТРУ́КЦЫЯў архітэктуры,
сістэма драўляных вянкоў (гарыз. радоў бярвён, брусоў, плах, дыляў), звязаных у вуглах урубкамі, укладзеных адзін на адзін, што ўтвараюць зруб. Пашырана ў лясных раёнах Еўропы з жал. веку. На Беларусі вядома з 2—3 ст.н.э. ў плямён культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, з 9 ст. — асн. канструкцыя драўляных будынкаў. На такой аснове будавалі жыллё, гасп. і вытв. пабудовы, абарончыя збудаванні (гародні, тарасы, вежы), грамадскія і культавыя будынкі. Вядомы зрубы прамавугольнай, квадратнай (клеці), 8-граннай (гл.Васьмярык), 6-граннай формаў, пастаяннага або пераменнага па вышыні сячэння, ярусныя (чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і інш.). Спалучэннем некалькіх зрубаў утвараліся падоўжна-восевая, глыбінна-прасторавая, крыжова-цэнтрычная, жывапісна-асіметрычная і інш. кампазіцыі. Вянковую канструкцыю мелі не толькі зрубы, але і іх завяршэнні (гл. ў арт.Закот, Верх, Шацёр). Цяпер вянковую канструкцыю выкарыстоўваюць пераважна ў традыц.нар. жыллі і гасп. пабудовах.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Вянковая канструкцыя. Вянковы двор. Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту. Сектар «Цэнтральная Беларусь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ЛАВА,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. Раз’езд на чыг. лініі Маладзечна—Ліда. За 23 км на ПдЗ ад г. Маладзечна, 96 км ад Мінска, 7 км ад чыг. ст. Палачаны. 403 ж., 140 двароў (1996).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1443 як прыватнаўласніцкі маёнтак з касцёлам. У канцы 16 ст. ў Ашмянскім пав.ВКЛ. Належаў А.Фурсу, Астравухам, Гансеўскім, Коцелам, Свентаржыцкім, Ахматовічам. З 1793 у Рас. імперыі, у Вілейскім пав. У 1866 пабудавана Феадосьеўская царква, працавала школа. Побач з вёскай выяўлены гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і курганы 9—10 ст., раскопкі якіх у 1854 праводзіў А.Кіркор. У 1906—07 Гарадзілава наведваў Я.Купала. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Маладзечанскага р-на. У 1970 — 225 ж., 51 двор.
Цэх па вырабе мясных прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Феадосьеўская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Засн. ў 1962 на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1970 у г. Рагачоў Гомельскай вобл.Пл. экспазіцыі 212 м², больш за 16 тыс. адзінак асн. фонду (2001). Мае 5 аддзелаў (археал., гіст. мінулага, этнаграфічны, гісторыі Вял.Айч. вайны, пасляваенны), выставачную залу. Сярод экспанатаў каменная матыка, фрагменты ляпной і штрыхаванай керамікі 2—1-га тыс. да н.э., прылады працы, рыштунак конніка, ювелірныя ўпрыгожанні 11—12 ст. з раскопак археал. помнікаў на тэр. раёна; прадметы побыту, тканыя посцілкі і ручнікі канца 19 — пач. 20 ст. Аддзел гісторыі Вял.Айч. вайны знаёміць з ходам абарончых баёў у ліп.—жн. 1941, стварэннем і дзейнасцю падполля і партыз. руху, у т. л. прадметамі побыту і зброяй партызан, малюнкамі партыз. мастакоў С.Раманава і М.Ліпеня, матэрыяламі пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, вызваленне горада і раёна ў 1944, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. Музей праводзіць выстаўкі дзіцячага малюнка, нумізматычных калекцый, вышыванак мясц. майстрых, карцін мясц. мастакоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТРАФА́НАЎ (Аляксей Рыгоравіч) (18.10.1912, в. Асташкава Таржоцкага р-на Цвярской вобл., Расія — 18.4.1988),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1956). Скончыў Ленінградскі ін-т гісторыі, філасофіі, літаратуры і лінгвістыкі (1936). Працаваў настаўнікам, у Ленінградскім ун-це. У 1950—82 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, выкладаў у БДУ. Вывучаў жал. век на тэр.цэнтр. Беларусі. Сістэматызаваў і класіфікаваў старажытнасці штрыхаванай керамікі культуры; зрабіў значны ўклад у распрацоўку гэтай культуры, сцвярджаў яе балцкую прыналежнасць. Увёў у навук. ўжытак паняцце днепра-дзвінскай культуры як адзінага этнакультурнага масіву паўн. Беларусі і Смаленшчыны. У 1960-я г. выявіў у паўн.-зах. рэгіёне дняпроўскага басейна і ў Панямонні Беларусі некалькі дзесяткаў помнікаў банцараўскай культуры і даследаваў некаторыя з іх. Адзін з аўтараў «Нарысаў па археалогіі Беларусі» (ч. 1, 1970), «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972).
Тв.:
Железный век средней Белоруссии (VII—VI вв. до н.э. — VIII в. н.э.). Мн., 1978;
Археологические памятники восточных балтов на территории Белоруссии в эпоху железа (VIII в. до н.э. — IX в. н.э.) // Из древнейшей истории балтских народов: (по данным археологии и антропологии). Рига, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ КУЛЬТУ́РА,
гіст. агульнасць археалагічных помнікаў, што існавалі на акрэсленай тэрыторыі, прыкладна ў адзін час, аднастайныя па сваёй матэрыяльнай культуры, але істотна адрозніваюцца ад адначасовых помнікаў суседніх абласцей. Археалагічная культура — аб’ектыўна існуючая рэальнасць, якая адлюстроўвае ў рэштках матэрыяльнай культуры генезіс развіцця і гіст. лёс этнасу, якому яна належала. Звычайна археалагічнай культуры даюць назву па найб. характэрнай прыкмеце (штрыхаванай керамікі культура, шарападобных амфар культура), абрадзе пахавання (адзінкавых пахаванняў культуры), ад найб. значнага ці найб. даследаванага помніка (банцараўская культура, калочынская культура, мілаградская культура) або мясцовасці, дзе пашыраны старажытнасці гэтай культуры (верхнедняпроўская культура, нёманская культура і інш.). Адрозненні археалагічнай культуры павінны існаваць у такіх памерах і разнастайнасцях, якія немагчыма растлумачыць ні падабенствам умоў існавання, экалогіі і гасп.-культурнага тыпу, ні аднолькавым узроўнем грамадска-эканам. развіцця. У раннім жалезным веку адпаведнасць археалагічнай культуры пэўнаму этнасу парушаецца. Пад уплывам прыродных працэсаў і чалавечай дзейнасці яна можа ўзбагачацца або збядняцца. Разам з тым археалагічная культура — навук. паняцце, з дапамогай якога даследуецца гіст. працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
комплекс археал. помнікаў (гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры, банцараўскай культуры, 9—11 і 17—19 ст., селішча 9—11 ст., 2 курганныя і бескурганны могільнікі) каля в. Гарадзішча Мінскага р-на. Гарадзішча складалася з 3 умацаваных пляцовак (пл. 1,3 га). Да 2-й пал. 11 ст. як цэнтр акругі паміж рэкамі Нёман і Пціч кантралявала гандл. шлях з Балтыйскага м. да Чорнага. Сярод знаходак кераміка з клеймамі ў выглядзе знака Рурыкавічаў (трызубец), паўд. амфары, жорны, пацеркі-лімонкі (10—11 ст.), манеты, вырабы з жалеза, ганчарны посуд (17—19 ст.). Курганныя могільнікі з трупапалажэннем з’яўляюцца рэшткамі некропаля. На селішчы выяўлена больш за 80 гасп. ям, рэшткі майстэрні па вырабе прасліц з ружовага шыферу. Бескурганны могільнік з трупапалажэннем; сярод знаходак касцяныя шахматная фігурка каня і пісала, металічныя ўпрыгожанні. На думку некаторых даследчыкаў, на археал. комплексе першапачаткова размяшчаўся стараж.г. Менск, які атрымаў назву ад р. Мена (Менка), і папярэднічаў узнікненню ўмацаванага замчышча на р. Няміга.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Гарадзішча (Мінскі раён). Агульны выгляд малой пляцоўкі гарадзішча.Шкляныя і сердалікавыя пацеркі 10 ст. з паселішча Гарадзішча (Мінскі раён).Жалезныя ключ, ножык і пярсцёнкі з селішча Гарадзішча (Мінскі раён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГІ́НАВА,
вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 45 км ад Вілейкі, 120 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Крывічы. 1419 ж., 596 двароў (1997).
Вядома з пач. 17 ст як вотчына кн. Друцкіх-Саколінскіх. З 1625 у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1643 мястэчка, цэнтр кірмашовага гандлю. У 1661 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пад Д. адбываліся жорсткія баі. З 1793 у Рас. імперыі. Да 1866 тут працавала суконная ф-ка. У 1897 цэнтр воласці Вілейскага пав., 3551 ж., школа, 60 крам, паштовая станцыя, Станіславаўскі касцёл. У 1921—39 у Вілейскім пав. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Крывіцкім р-не, цэнтр сельсавета. З 1.5.1940 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ў Д. адбыўся Даўгінаўскі бой 1943. З 1954 вёска, з 1962 у Вілейскім р-не. У 1971—1477 ж., 501 двор.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Станіславаўскі касцёл (19 ст.) і Даўгінаўская Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.). Каля вёскі — гарадзішча штрыхаванай керамікі і банцараўскай культуры.