РАЦЮ́НКІ,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і часоў Кіеўскай Русі каля в. Рацюнкі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Пляцоўка круглая, дыям. 45 м. Выяўлены рэшткі драўлянай сцяны, якой было ўмацавана паселішча, і рэшткі вял. жытлаў слупавой канструкцыі. Знойдзены клінападобныя сякеры, тачыльныя брускі (асялкі) з каменю, вырабы з косці (долатцы, шпількі, праколкі, утульчатыя наканечнікі кап’я, грузік, абломак са стылізаванымі выявамі чалавека на адным баку і конніка на другім), фрагменты штрыхаваных пасудзін, формай падобных на посуд мілаградскай культуры; фрагменты керамікі з круглаватым пляскатым дном, рабрыстыя і слоікападобныя пасудзіны; гліняныя прасліцы; вырабы з жалеза (нажы, сярпы, шылы, іголкі, рыбалоўныя кручкі і інш.); бронзавае спіралепадобнае скроневае кольца, шыферныя прасліцы і інш.
Л.У.Дучыц.
т. 13, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)