Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАШЧЭ́ЛІЧЫ,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры (канец 1 ст. да н.э. — мяжа 4—5 ст.н.э.) каля в. Кашчэлічы Валожынскага р-на Мінскай вобл. Было забудавана шматкамернымі «доўгімі» дамамі слупавой канструкцыі. Выяўлены рэшткі гасп. пабудоў — кузня з каменным кавадлам і жалезаробчая печ. Знойдзены бронз. падвескі, бранзалеты, спіралі, фібула, скроневае кольца, жал. посахападобныя шпількі, наканечнік кап’я, сякеры, гліняныя пацеркі, грузікі, касцяныя коп’і, шылы, каменныя сякеры, зерняцёркі і інш.Асн. тып ляпнога посуду — гаршкі рабрыстай формы; пераважае кераміка са штрыхаванай паверхняй, сустракаецца таксама гладкасценная, шурпатая і глянцаваная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЛІ́,
гарадзішча каля в. Кісялі Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Датуецца 4—5—13 ст. Пры даследаванні выяўлены рэшткі шматкамерных жытлаў слупавой канструкцыі, ляпная (штрыхаванай, днепра-дзвінскай і банцараўскай культур) і ганчарная кераміка; жал. прылады працы, касцяныя гарпуны, гліняныя, шыферныя і бурштынавыя прасліцы, бронзавыя ўпрыгожанні, шкляныя пацеркі, бранзалеты і інш. рэчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБА́РАВІЧЫ,
гарадзішча 1—4 ст.штрыхаванай керамікі культуры каля в. Збаравічы Мінскага р-на. Авальная пляцоўка была ўмацавана драўлянай сцяной і валам. Выяўлены рэшткі 2 шматкамерных жытлаў слупавой канструкцыі, агнішчы, гасп. пабудова, больш за 20 ям-паграбоў. Знойдзены абвугленае зерне пшаніцы, фрагменты керамікі, бронзавыя ўпрыгожанні, жал. сярпы і шылы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗДЗЯ́ЦІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Барысаўскім р-не Мінскай вобл., за 2 км ад р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і калгаса «Новае жыццё». За 42 км ад Барысава, 130 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Навасады. 1627 ж., 737 двароў (1994). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, урачэбны ўчастак, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Каля Аздзяцічаў — гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і курганныя могільнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НЬ,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і эпохі сярэдневякоўя на месцы паселішча мілаградскай культуры, каля в. Івань Слуцкага р-на Мінскай. Знойдзены абломкі керамікі, жал. нажы, сярпы, наканечнікі кап’я і стрэл, бронзавыя падвескі, фібула, шкляныя пацеркі і інш. З 3-й чвэрці 1 ст. і ў 12—13 ст. гарадзішча, відаць, выкарыстоўвалася як сховішча для насельніцтва.
Касцяное дзяржанне з цыркульным арнаментам з гарадзішча Івань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗДЗЯ́ЦІЧЫ,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры, курганныя могільнікі 8—9 ст. (з трупаспаленнямі) і 11—12 ст.дрыгавічоў (з трупапалажэннямі) каля в. Аздзяцічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Выяўлены рэшткі 2 заглыбленых у зямлю жытлаў, ляпны посуд, прасліцы, жал. наканечнікі коп’яў і інш. У курганах 8—9 ст. знойдзены бронзавыя ўпрыгожанні, ляпныя гаршкі; у пахаваннях дрыгавічоў — бронзавыя і шкляныя пацеркі, скроневыя падвескі, жалезны нож і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЬКО́ЎКА,
археалагічныя помнікі (гарадзішча, курганны могільнік) штрыхаванай керамікі культуры (7—6 ст. да н.э. — 4—5 ст.) каля в. Васількоўка Лагойскага р-на Мінскай вобл. На гарадзішчы, умацаваным 2 кальцавымі валамі і ровам паміж імі, выяўлены рэшткі жылых і гасп. пабудоў слупавой канструкцыі; сярод знаходак фрагменты гліняных пасудзін, прасліцы, жал. сярпы, шылы, абломкі каменнай сякеры і грузіка дзякоўскага тыпу. На могільніку пахавальны абрад — трупаспаленне; знойдзены невял. гаршчок конусападобнай формы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНКА,
комплекс археалагічных помнікаў каля в. Каменка Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — гарадзішча і селішча жал. веку (6 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.; мілаградская культура і штрыхаванай керамікі культура), курганныя могільнікі (102 і 97 насыпаў) 11—12 ст. На гарадзішчы і селішчы знойдзены фрагменты ляпнога посуду, на могільніках — ганчарны посуд, жал. крэсівы, нож, бронзавыя спражкі, паясныя кольцы, пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, пярсцёнкі, шкляныя пацеркі. Могільнікі маюць змешаную дрыгавіцка-радзіміцкую этнічную прыналежнасць.