КАШЧЭ́ЛІЧЫ,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры (канец 1 ст. да н.э. — мяжа 4—5 ст. н.э.) каля в. Кашчэлічы Валожынскага р-на Мінскай вобл. Было забудавана шматкамернымі «доўгімі» дамамі слупавой канструкцыі. Выяўлены рэшткі гасп. пабудоў — кузня з каменным кавадлам і жалезаробчая печ. Знойдзены бронз. падвескі, бранзалеты, спіралі, фібула, скроневае кольца, жал. посахападобныя шпількі, наканечнік кап’я, сякеры, гліняныя пацеркі, грузікі, касцяныя коп’і, шылы, каменныя сякеры, зерняцёркі і інш. Асн. тып ляпнога посуду — гаршкі рабрыстай формы; пераважае кераміка са штрыхаванай паверхняй, сустракаецца таксама гладкасценная, шурпатая і глянцаваная.
т. 8, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)