ГАЛІ́Т (ад грэч. háls соль),

каменная соль, мінерал класа хларыдаў, хларыд натрыю, NaCl. Мае 39,34% натрыю, 60,66% хлору. Прымесі: бром, марганец, медзь, галій, мыш’як, серабро і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя, радзей актаэдрычныя. Агрэгаты зярніста-крышт., шчыльныя, валакністыя, радзей у выглядзе нацёкаў, скарынак, налётаў, сталактытаў, выцвітаў, друзаў. Бясколерны, прымесямі афарбоўваецца ў розныя колеры. Празрысты. Бляск шкляны, тлусты. Цв. 2. Шчыльн. 2,2 г/см³. Крохкі. Лёгка раствараецца ў вадзе, мае салёны смак. Утвараецца пераважна асадкавым шляхам (крышталізуецца з марской вады ў лагунах і рэліктавых азёрах, якія перасыхаюць), вядомы ў вулканічных вазгонах і экзагенных выцвітах. Гал. тыпы радовішчаў: каменная і калійная солі ў асадкавых горных пародах; самасадачная соль сучасных азёр; саляныя крыніцы. Выкарыстоўваецца ў харч., тэкст., фармацэўтычнай, хім. і энергет. прам-сці, электраметалургіі, халадзільнай справе, у вытв-сці пластмас і інш. Прамысл. радовішчы на Украіне, у Расіі, ЗША, Германіі. На Беларусі прамысл. паклады галіту вядомыя ў дэвонскіх адкладах. Распрацоўваецца Мазырскае радовішча каменнай солі.

У.​Я.​Бардон.

Галіт.

т. 4, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНІ́ЗМ,

слова, запазычанае з польскай мовы. У бел. мову пачалі пранікаць з канца 14 ст. Працэс актыўнага папаўнення слоўніка бел. мовы П. працягваўся да 1930-х г. Запазычанне іх адбывалася 2 шляхамі: вусным (у выніку зносін беларусаў з палякамі як з суседнім народам і з прадстаўнікамі польск. народа, што жылі на Беларусі) і пісьмовым (праз пераклады твораў з польск. мовы на бел.). Сярод П. выдзяляюцца грамадска-паліт. тэрміны («айчына», «братэрства»), ваен. («моц», «палкоўнік»), бытавыя словы («пярсцёнак», «сукенка»), прастамоўныя («быдла», «лямант»). Праз польск. мову ў бел. лексіку прыйшла значная колькасць слоў з інш. моў (лац. «колер», ням. «карэта»). Лексіцы польск. паходжання ў сучаснай бел. мове ўласцівыя: спалучэнні «ен» («эн»), «ён»(«он»), «ан» на месцы насавых галосных ę, ą («парэнчы», «маёнтак», «вандроўка»); «-дл-» («кавадла», «страшыдла»); «-лу-» паміж зычнымі («слуп», «тлусты»); суфіксы «-іск-а» («вятрыска»); «-унак» («пакунак»); «-ізн-а» («бялізна»); цвёрдае вымаўленне зычных перад галоснымі «е» («э»): «бэз», «пэўны»; «я» («а») на месцы ўсх.-слав. «е» («э»): «жалязка», «бляск»; гук «ц» (на месцы «ч»): «цудоўны» (рус. «чудесный»), «цурацца» (рус. «чуждаться»).

П.​У.​Сцяцко.

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМА́З (цюрк. алмас ад грэч. adamas несакрушальны),

дыямент, мінерал, крышт. кубічная мадыфікацыя самароднага чыстага вугляроду. Бясколерны, белы, блакітны, зеленаваты, жаўтаваты, чырванаваты, шэры ці чорны. Бляск алмазны, тлусты. Празрысты; моцная дысперсія святла. Цв. 10 (найцвярдзейшы з вядомых мінералаў). Шчыльн. 3,5—3,53 г/см³. Каштоўны камень 1-га класа.

Трапляецца ў ультраасноўных вывергнутых пародах — кімберлітах, здабываецца з карэнных радовішчаў і россыпаў, звычайна ў выглядзе дробных зярнят і асколкаў крышталікаў (сярэдняя маса 0,2 карата — 40 мг). Вельмі рэдкія алмазы, маса якіх перавышае 50 каратаў (10 г). Самыя вял. ў свеце: «Кулінан» (3106 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1905), «Эксцэльсіёр» (971,5 карата, Паўд. Афрыка, ПАР, 1983), «Зорка Сьера-Леоне» (968,9 карата, Зах. Афрыка, Сьера-Леоне, 1972), «Прэзідэнт Варгас» (726,6 карата, Бразілія, 1938), «Джонкер» (726 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1934) і інш. Празрыстыя і бясколерныя крышталі самых вял. памераў выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе (пасля агранкі наз. брыльянтамі), дробныя, зярністыя, афарбаваныя або з дэфектамі (борт, карбанада) — у тэхн. мэтах (для бурэння свідравін у цвёрдых пародах, шліфавання ў металаапрацоўцы, у электроннай прам-сці, рэзкі шкла і інш.). Радовішчы алмазу ў Аўстраліі, Рас. Федэрацыі — Рэспубліка Саха (Якуція), у Паўд. Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Індыі. Пошукі алмазу вядуцца на Беларусі (гл. Алмазная прамысловасць).

Алмаз «Гарняк» (44,62 кар).
Да арт. Алмаз. Малая расійская імператарская карона. Серабро. Брыльянты. С.-Пецярбург. 1801.

т. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)