ЧУФА́, земляны міндаль,

сыць ядомая (Cyperus esculentus),

кветкавая расліна сям. асаковых. Радзіма — Афрыка. Пашырана ў тропіках і субтропіках, культывуецца як алейная расліна пераважна ў Міжземнамор’і. Вядома ў культуры Стараж. Егіпта з 3-га тыс. да н.э. На Беларусі вырошчваюць на прысядзібных участках.

Шматгадовая (у культуры аднагадовая) травяністая расліна выш. 20—60 см. У 1-ы год вегетацыі фарміруе да 240 пучкоў лінейнага вузкага лісця (па 3—12 у пучках) і каля 400 падземных парасткаў з клубеньчыкамі (да 1000 на адной расліне). Кветкі дробныя, у пазухах верхняга лісця, сабраныя ў парасонападобнае суквецце. Плод — арэшак. Клубні маюць крухмал (30—35%), тлусты алей (да 25%), цукры (15—20%), бялкі (3—7%). Спажываюць у ежу, з іх атрымліваюць харч. алей, выкарыстоўваюць у кандытарскай прам-сці, зялёная маса ідзе на корм жывёле. Харч., тэхн., кармавая расліна.

В.​М.​Прохараў.

т. 17, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)