КААЛІ́Н (ад назвы хр. Каалінг у Кітаі),

асадкавая гліністая горная парода, складзеная пераважна з каалініту. Мае прымесі кварцу, палявых шпатаў і інш. Колер белы з адценнямі, навобмацак тлусты. У вільготным стане малапластычны, амаль не разбухае. Вогнетрывалы. Першасны К. утвараецца пры гідратэрмальным змяненні або выветрыванні ў кіслым асяроддзі алюмасілікатаў, палёвашпатавых парод (гранітаў, гнейсаў, пегматытаў, сланцаў і інш.). Адрозніваюць К. астаткавы (першасны), які залягае на месцы ўтварэння, і пераадкладзены (другасны, асадкавы), што ўтварыўся ў выніку размыву і пераадкладання прадуктаў выветрывання. Буйныя радовішчы К. прымеркаваны звычайна да кор выветрывання. Пераадкладзеныя К. залягаюць пластамі, лінзамі, гнёздамі. Багатыя радовішчы К. вядомы ў Кітаі, Вялікабрытаніі, Францыі, на Украіне, у Расіі і інш. На Беларусі К. выяўлены ў раёне Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу крышт. фундаменту — Сітніцкае, Дзедаўскае, Людзяневіцкае, Бярэзінскае радовішчы. Выкарыстоўваецца ў керамічнай, гумава-тэхн., папяровай, хім., парфумернай, будаўнічай прам-сці.

У.​Я.​Бардон.

т. 7, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)