ПО́ПЕР ((Popper) Карл Раймунд) (28.7.1902, Вена — 1994),

англійскі філосаф, логік, сацыёлаг. З 1945 у Вялікабрытаніі. У 1945—69 праф. Лонданскага ун-та, дэкан ф-та Лонданскай школы эканомікі паліт. навук. Філас. канцэпцыі (крытычны рацыяналізм, тэорыя росту навук. ведаў) будаваў як антытэзы неапазітывізму. Прапанаваў прынцып фальсіфікацыі (прынцыповай абвяргальнасці любога сцвярджэння), які служыць крытэрыем дэмаркацыі паміж навук. ведамі і ненавуковымі.

Навукай і метафізікай П. сцвярджаў існаванне свету фіз. з’яў, свету суб’ектыўных (ментальных і псіхічных) станаў свядомасці, а таксама свету аб’ектыўных ведаў. Выступаў за «адкрытае грамадства», уладу розуму, справядлівасць, свабоду, роўнасць і папярэджанне міжнар. злачынстваў. Паводле П., «закрытыя грамадствы» характарызуюцца верай у існаванне магічных табу ў адрозненне ад «адкрытага грамадства», дзе «людзі (у значнай ступені) навучыліся крытычна ставіцца да табу і грунтаваць свае рашэнні на сумесным абмеркаванні і магчымасцях уласнага інтэлекту». Асн. творы: «Беднасць гістарыцызму» (1957), «Логіка навуковага адкрыцця» (1959), «Прапановы і абвяржэнні. Рост навуковых ведаў» (1962), «Пастскрыптум да логікі даследавання» (т. 1—3, 1981—82), «Рэалізм і мэта навукі» (1983).

Тв.:

Рус. пер. — Логика и рост научного знания. М., 1983;

Открытое общество и его враги. Т. 1—2. М., 1992.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАРХІ́ЗМ (ад грэч. anarchia безуладдзе),

ідэалогія, грамадска-паліт. плынь у рэв. руху, мэта якой — вызваленне асобы ад паліт., эканам. і духоўнай улады. У тэарэт. адносінах не мае адзінай, лагічна паслядоўнай канцэпцыі. Асобныя ідэі анархізму існавалі яшчэ ў антычнай філасофіі (Платон, стоікі), атрымалі развіццё ў ідэалогіі гусізму, творах франц. асветнікаў і асабліва грамадска-паліт. дзеячаў 19 ст.: М.Штырнера, П.Прудона, М.Бакуніна, П.​Крапоткіна і інш. Сац.-філас. аснова анархізму — індывідуалізм, суб’ектывізм і валюнтарызм. Анархізм негатыўна ставіцца да дзяржавы як сац. ін-та, замяняе дзяржаву абшчынай, у якой рэалізуецца свабода асобы. Як грамадска-паліт. плынь аформіўся ў 1840—70-я г. ў Зах. Еўропе. У Расіі ідэі анархізму ўспрынялі народнікі (гл. Народніцтва). У пач. 20 ст. анархізм атрымаў новае развіццё. У 1903—05 на Беларусі групоўкі анархістаў існавалі ў Баранавічах, Брэсце, Гродне і інш., у 1917—20 — у Віцебску, Гомелі, Мінску. Іх дзейнасці ўласцівы рэв. нецярпімасць, авантурызм, хістанні ад супрацоўніцтва з Саветамі да антысав. выступленняў. Пасля 2-й сусв. вайны анархізм выступае пераважна ў форме неаанархізму (анарха-сіндыкалізм, анарха-калектывізм, анарха-камунізм, трацкізм, мааізм і г.д.). Дзейнасць анархістаў праявілася ў гады грамадзянскай вайны (гл. Махно). Ідэі анархізму ўплываюць на погляды «новых левых», «зялёных», «левых радыкалаў», прыхільнікаў альтэрнатыўных рухаў і інш.

Т.​І.​Адула.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАСІФЛЯ́НЕ, Асіфляне,

царкоўна-палітычны рух і філас. плынь у Рус. дзяржаве ў 15—16 ст. Заснавальнік і кіраўнік — ігумен Успенскага (Іосіфа-Валакаламскага) манастыра Іосіф Волацкі (адсюль назва). І. распрацавалі і праводзілі ў жыццё ідэі аб пануючым становішчы царквы ў рус. грамадстве. Напачатку Іосіф Волацкі выступаў за абмежаванне велікакняжацкай улады на карысць духавенства і ўдзельных князёў. Пасля збліжэння з вял. князямі Іванам III і Васілём III ён распрацаваў тэзісы пра боскае паходжанне ўлады манарха. На яго думку, свецкая па форме манархія павінна была з’яўляцца тэакратычнай па сутнасці. Карыстаючыся сваім уплывам на вярх. ўладу, І. жорстка распраўляліся з ератыкамі і сваімі ідэалаг. праціўнікамі. У барацьбе з «несцяжацелямі» яны адстаялі непарушнасць царк. догмаў і царк.-манастырскае землеўладанне. І. зрабілі значны ўклад у распрацоўку ідэі «Масква — трэці Рым», якая разам з тэорыяй пра боскае паходжанне манархіі лягла ў аснову ідэалогіі рас. самадзяржаўя. Аднак з 2-й пал. 16 ст. манархія пачала ўсё больш нецярпіма ставіцца да ўмяшання царквы ў дзярж. справы. Апошняй праявай іасіфлянскай дактрыны была царк. палітыка патрыярха Нікана, які намагаўся практычна ажыццявіць тэорыю тэакратычнай дзяржавы. Перамога І. у 16 ст. значна паўплывала на гіст. лёс праваслаўя, рас. самадзяржаўя і Расіі ў цэлым.

Літ.:

Федотов Г.П. Святые Древней Руси. М., 1990;

Замалеев А.Ф., Овчинникова Е.А. Еретики и ортодоксы: Очерки древнерус. духовности. Л., 1991.

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭА́ЛЬНАЕ,

1) суб’ектыўны вобраз аб’ектыўнай рэальнасці, вынік асваення свету чалавекам, прадстаўлены ў формах яго свядомасці, дзейнасці і культуры (у гэтым сэнсе І. звычайна проціпастаўляецца матэрыяльнаму). Сферу І. ўтвараюць пачуццёвыя і мысліцельныя вобразы, спосабы іх пабудовы і аперыравання імі, духоўныя каштоўнасці і арыентацыі і інш. І. — своеасаблівая рэальнасць, звязаная са свядомасцю чалавека і яго псіхікай; адмысловая сутнасная характарыстыка свядомасці. Як і свядомасць, І. мае ўнутраныя (псіхічныя) і знешнія (быційныя) формы выяўлення. Перш за ўсё І. звязана з вобразным адлюстраваннем на ўзроўні пачуццяў і ўражанняў. Наступным этапам з’яўляецца суб’ектыўная ацэнка ўласцівасцей і іх выяўленне ў выглядзе моўных паняццяў. Удасканальванне гэтай сістэмы вядзе да ўдасканальвання мовы (з’яўляюцца пісьменства, кнігадрукаванне). У выніку ўдасканальваецца і сама сфера І. — з’яўляюцца філас. і тэалагічныя сістэмы, узнікае навука, літ. творчасць. З дапамогай мовы І. выходзіць за межы індывід. свядомасці, набывае характар феномена духоўнай культуры, грамадскай свядомасці. Сутыкаючыся з прадметамі культуры, чалавек адчувае іх ідэальны сэнс і да прадметаў прыроды пачынае ставіцца як да чагосьці створанага, вырабленага, што надае ім асаблівы чалавечы сэнс. Так адбываецца перанясенне сэнсаў з прадметаў культуры на прадметы прыроды, іх ажыўленне, адушаўленне і абагаўленне. Прадметы прыроды надзяляюцца ідэальнасцю, а паступова і само І. робіцца аб’ектам рэальнасці. Так з’яўляюцца вера ў самастойнае існаванне душы, у духа, у бога (гл. таксама Абстракцыя, Свядомасць, Псіхіка).

2) Нешта дасканалае, якое адпавядае ідэалу.

3) Вынік працэсу ідэалізацыі — абстрактны аб’ект, які не можа быць дадзены ў доследзе (напр., ідэальны газ, кропка).

А.​М.​Елсукоў.

т. 7, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ ЗНАК,

архітэктурна-скульптурнае збудаванне, звычайна ў выглядзе невысокай стэлы з рэльефам або каменя з тэкстам. Устанаўліваецца ў гонар значнай гіст. падзеі або выдатнай асобы. Уключае надпіс-прысвячэнне, сціплы дэкор, часта партрэтную, сюжэтную ці алегарычную выяву. Бывае самаст. ці ўваходзіць у мемар. комплекс. Ставіцца звычайна там, дзе адбылася падзея або на месцы, звязаным з жыццём выдатнай асобы. М.з. ў Мінску: на бульвары Шаўчэнкі Тарасу Шаўчэнку (1978, скульпт. С.​Вакар), на пл. Незалежнасці на месцы гібелі першага рэдактара падпольнай газ. «Звязда» Героя Сав. Саюза У.​С.​Амельянюка (1980, скульпт. А.​Анікейчык, арх. Ю.​Градаў, Л.​Левін), у двары Дома друку на ўшанаванне памяці рабочых друкарні, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну (1984, арх. А. і М. Ткачукі); у Барысаўскім р-не на Брылёўскім полі каля в. Студзёнка ў гонар рас. арміі, якая перамагла напалеонаўскія войскі ў час іх пераправы цераз р. Бярэзіна ў 1812 (1912) і на ўшанаванне памяці франц. салдат, што тут загінулі (1997, скульпт. І.​Міско); у Магілёўскім р-не каля в. Буйнічы на месцы, дзе быў развеяны прах рас. пісьменніка К.​Сіманава (1980), на бел.-літ. памежжы ў гонар К.​Каліноўскага (скульпт. В.​Янушкевіч), на месцы трагедыі 30.5.1999 на станцыі метро «Няміга» (скульпт. Г.​Буралкін, арх. А.​Чадовіч; абодва 1999), і інш. М.з. — састаўная ч. ў мемар. комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (на месцы заставы Наганава), «Праклён фашызму (на месцы спаленай вёскі Шунеўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.) і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Мемарыяльны знак на месцы гібелі першага рэдактара падпольнай газеты «Звязда» У.​С.​Амельянюка.

т. 10, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДЭРСТВА,

уплыў чалавека ці сац. групы на інш. людзей з мэтай арганізацыі сумеснай дзейнасці. Існуе некалькі тэорый Л. Прыхільнікі тэорыі рыс тлумачаць прыроду Л. выдатнымі якасцямі пэўнай асобы; лідэрам лічаць чалавека з асаблівым комплексам псіхал. якасцей. Прыхільнікі тэорыі Л. як функцыі пэўнай сітуацыі зыходзяць з таго, што тыя або інш. рысы лідэра мяняюцца ў залежнасці ад канкрэтных сітуацый. У тэорыі, якая вызначае ролю паслядоўнікаў, на першае месца ставіцца не сам лідэр, а яго паслядоўнікі, іх сац., псіхал. патрэбнасці, інтарэсы і запатрабаванні. Прыхільнікі інтэрактыўнай тэорыі Л. сцвярджаюць, што лідэрам можа стаць любы чалавек, які займае адпаведнае месца ў сістэме міжасобасных узаемаадносін. У сучасным грамадстве Л. ўяўляе сабой спосаб асобасных узаемадзенняў, заснаваных на інтэграцыі розных сац. слаёў (груп) з дапамогай дзеянняў спецыфічных механізмаў вакол праграмы (канцэпцыі) лідэра па вырашэнні розных сац. праблем і задач грамадскага развіцця. На ўзроўні малой групы лідэр кіруе дзеяннем групы, бярэ на сябе адказнасць, знаходзіць аптымальныя спосабы задавальнення групавых інтарэсаў і г.д. На ўзроўні вял. сац. груп лідэр абавязаны найперш выражаць інтарэсы дадзенай сац. групы, прадстаўляць іх у розных структурах. На ўзроўні грамадства існуе асаблівы тып Л. — палітычнае, калі лідэр інтэгрыруе інтарэсы вял. груп людзей у паліт. праграмы, каардынуе іх намаганні па рэалізацыі патрэбнасцей і ператварае мэты і задачы ў канкрэтныя дзеянні. Ням. сацыёлаг М.​Вебер адзначаў 3 тыпы Л.: традыцыйнае, заснаванае на веры ў непарушнасць традыцый, калі фармальнае Л. пераходзіць ад бацькі да сына, па сваяцкай лініі і г.д.; рацыянальна-легальнае, або бюракратычнае, якое базіруецца на законах, правілах, нормах; харызматычнае Л., заснаванае на веры мас у свайго лідэра, у незвычайныя здольнасці правадыроў; некаторыя лічаць, што харызма ідзе ад Бога і што яна надае магічную сілу тым, хто ёю валодае. Ад канкрэтных праяў Л. ў многім залежыць развіццё грамадства, жыццё і дабрабыт людзей.

І.​В.​Катляроў.

т. 9, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЯ ТЭО́РЫЯ ў фізіцы,

раздзел тэарэт. фізікі, які вывучае палі фізічныя. Функцыі поля выкарыстоўваюцца для апісання ўласцівасцей і паводзін неперарыўных фіз. сістэм. Ураўненні фіз. поля вызначаюць асн. закон руху (закон змены станаў) фіз. сістэмы. Рашэнні гэтых ураўненняў — функцыі фіз. поля — апісваюць магчымыя станы сістэмы.

Квантава-рэлятывісцкая П.т. грунтуецца на аб’яднанні спец. адноснасці тэорыі і квантавай механікі і складае аснову тэорыі элементарных часціц і іх узаемадзеянняў. Падзяляецца на класічную тэорыю поля (першасна квантаваную) і квантавую тэорыю поля (другасна квантаваную). Кожнаму тыпу элементарных часціц (як першасных крыніц і як пераносчыкаў фундаментальных узаемадзеянняў) ставіцца ў адпаведнасць класічнае або квантавае поле. Функцыі класічнай П.т. апісваюць 1 элементарную часціцу ў квантавамех. сэнсе, функцыі квантавай П.т. становяцца аператарамі і выкарыстоўваюцца для апісання сістэм з пераменнай колькасцю часціц (квантаў дадзенага поля). Класіфікацыя і ідэнтыфікацыя элементарных часціц у межах класічнай П.т. ажыццяўляецца на аснове ўліку трансфармацыйных уласцівасцей функцый поля адносна пераўтварэнняў прасторава-часавай і інш. тыпаў сіметрыі. На падставе Нётэр тэарэмы ўстанаўліваюцца універсальныя і спецыфічныя захавання законы і вызначаюцца выразы (у тэрмінах функцый фіз. поля) для велічынь, якія захоўваюцца і вымяраюцца эксперыментальна. У калібровачнай палявой тэорыі фундаментальных узаемадзеянняў пераход ад лінейных ураўненняў свабодных палёў да нелінейных ураўненняў узаемадзейных палёў (элементарных часціц) ажыццяўляецца на аснове калібровачнай інварыянтнасці П.т. адносна лакальных пераўтварэнняў дынамічнай сіметрыі кожнага тыпу ўзаемадзеянняў. У выніку атрымліваюцца калібровачныя палі, адказныя за адпаведныя ўзаемадзеянні. Кванты такіх палёў (фатон, слабыя базоны, глюоны) выконваюць функцыі першасных пераносчыкаў эл.-магн., слабага (электраслабага) і моцнага ўзаемадзеянняў адпаведна, першаснымі крыніцамі якіх з’яўляюцца лептоны, кваркі і іх антычасціцы.

На Беларусі даследаванні па П.т. пачаліся ў 1940—50-я г. пад кіраўніцтвам Ф.Л.Фёдарава; праводзяцца ў Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, Гомельскім дзярж. ун-це і інш.

Літ.:

Боголюбов Н.Н., Ширков Д.В. Введение в теорию квантованных полей. М., 1957;

Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;

Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.

А.А.Богуш.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНАЯ КАМІ́ДЫЯ,

музычна-сцэнічны твор, пабудаваны на камедыйнай аснове. Тэрмін «М.к.» выкарыстоўваюць і для абазначэння такіх блізкіх жанраў як опера-буфа, камічная опера, камедыя-балет, аперэта (часам як сінонім), зінгшпіль, танадылля, вадэвіль, мюзікл. Ад класічнай аперэты адрозніваецца менш разгорнутай муз. драматургіяй (хоць устаўныя інтэрмедыйныя нумары могуць быць дастаткова працяглымі), выкарыстаннем сучасных песенных і танц.-быт. жанраў.

У 17 ст. «М.к.» — адно з абазначэнняў італьян оперы. Як самаст. жанр муз. т-ра склалася на мяжы 19—20 ст. і зацвердзілася да сярэдзіны 20 ст. Існуе ў многіх народаў і, як правіла, мае нар. песенна-танц. аснову. У Расіі М.к. фарміравалася на аснове традыцый нар. быт. камедыі і фарса, рус. камічнай оперы 18 ст., вадэвіля і зах.-еўрап. класічнай аперэты з выкарыстаннем іх вобразна-выразных сродкаў. У 20 ст. ў гэтым жанры працавалі Б.​Аляксандраў («Мая Гюзель», «На беразе Амура»), К.​Лістоў («Севастопальскі вальс»), Ю.​Мілюцін («Ціхае сямейства», «Ліхтары-ліхтарыкі»), А.​Фельцман («Паветраны замак») і інш. М.к. можа мець рысы традыц. відаў муз. т-ра ці тых, што развіваюцца, набліжаюцца да оперы (напр., азерб. твор «Аршын мал алан» У.​Гаджыбекава вызначаны аўтарам як камічная опера).

На Беларусі муз.-камедыйны характар мелі інтэрмедыі школьнага тэатра, многія сцэны лялечнага т-ра, у прыватнасці батлейкі. У 1-й пал. 20 ст. відавочнай муз.-камедыйнай накіраванасцю вызначаліся лепшыя спектаклі драм. т-раў, у т. л. «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча з муз. У.​Тэраўскага і Л.​Маркевіча (1925), «Простыя сэрцы» С.​Заяіцкага, С.​Розанава і М.​Міцкевіча з муз. В.​Сакалова-Фядотава (1929), «Цудоўная дудка» В.​Вольскага з муз. М.​Шчаглова (1939). У 1930—40-я г. паявіліся М.к. на антырэліг. («Кухня святасці» Я.​Цікоцкага, 1931), с.-г. тэматыку з вял. колькасцю нар. песень і танцаў («Коксагыз» М.​Чуркіна, 1939; «Зарэчны барок» С.​Палонскага і М.​Іванова, 1940). У 1970—80-я г. створаны М.к., вызначаныя як «народная» («Паўлінка» Ю.​Семянякі, паст. 1973; «Несцерка» Р.​Суруса, 1975; «Калі заспявае певень» А.​Чыркуна, 1988), як «гераічная» («Пяе «Жаваранак» Семянякі, паст. 1969; «Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані, 1982; «Судны час» Суруса, 1984), як «М.к.» («Мільянерка» Я.​Глебава, 1986). Блізкая да жанру М.к. пастаноўка «Ідыліі» паводле В.​Дуніна-Марцінкевіча ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы (1993), вызначаная як пастараль (кампазітар У.​Кур’ян, з выкарыстаннем музыкі С.​Манюшкі, М.​К.​Агінскага, Ф.​Шапэна). Пераважная большасць М.к. на Беларусі ставіцца ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь (з 1999 Дзярж. муз. т-р Рэспублікі Беларусь).

Н.​А.​Юўчанка.

т. 11, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБО́ЎКА (Уладзімір Мікалаевіч) (15.7.1900, в. Агароднікі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 20.3.1976),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю (1918), Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.​Брусава (1924). У 1922—25 адказны сакратар пастпрэдства БССР пры Урадзе СССР. У 1924—27 выкладчык бел. л-ры ў Камуніст. ун-це народаў Захаду, у 1926—30 рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўраду Саюза ССР». У 1930 арыштаваны і асуджаны на высылку ў Яранск, у 1937 — на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобл., Чувашыі, на Д.​Усходзе, у Грузіі, Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў вершаў «Строма» (1923), «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (1927), паэм «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Браніслава» (1929). Паэзія Д. вырасла на здабытках бел. фальклору, традыцыях Я.​Купалы, М.​Багдановіча, Т.​Шаўчэнкі, А.​Блока, В.​Брусава і інш. Яна вызначаецца ўслаўленнем чалавека працы, патрыят. пафасам, увагай да гераічных старонак нац. гісторыі, актыўнасцю маст. пошукаў, высокай творчай культурай (вобразная асацыятыўнасць, глыбіня падтэксту, дасканаласць гукавой інструментоўкі, рытмічная гнуткасць, багацце рыфмы, моўная вынаходлівасць). Яго паэзія пашырыла выяўленчыя магчымасці бел. вершаванага слова, узбагаціла рамант. стылявую плынь у л-ры свайго часу. Філас. заглыбленасць, складаная сюжэтна-кампазіц. структура ўласцівы яго трылогіі (паэмы «Кругі», 1927; «І пурпуровых ветразей узвівы», 1929; «Штурмуйце будучыні аванпосты!», нап. 1929, апубл. 1965) — маштабнаму твору паэт. эпасу аб часе, лёсе мастацтва і шляхах яго развіцця, аб індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У 1920-я г. паэзія Д. вызначала істотныя асаблівасці літ. працэсу, рабіла плённы ўплыў на многіх бел. паэтаў. Пра мужнасць жанчыны, яе нялёгкі лёс у Вял. Айч. вайну, маральную чысціню і самаахвярнасць пісаў у шэрагу балад і паэмах «Перад іменем Любові» (1958), «Беларуская Арыядна» (1960). Поліфанічнай песняй пра Беларусь і яе народ стала кн. «Палеская рапсодыя» (1961, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1962). Аўтар навук.-прыгодніцкіх аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя» (1967) і «Ганна Алелька» (1969), якія займальна папулярызуюць доследніцтва, вучаць па-гаспадарску ставіцца да прыроды. Аўтабіягр. апавяданні-абразкі склалі кн. «Пялёсткі» (1973). З высокім майстэрствам рабіў апрацоўкі фальклорных сюжэтаў (зборнікі «Цудоўная знаходка», 1960; «Кветкі — сонцавы дзеткі», 1963; «Казкі», 1968; «Залатыя зярняты», 1975). На бел. мову перакладаў творы У.​Шэкспіра («Санеты», 1964), Дж.​Байрана (вершы, паэмы «Шыльёнскі вязень», «Бронзавы век», містэрыя «Каін»), І.​В.​Гётэ, У.​Сыракомлі, Ю.​Славацкага, Ду Фу, Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані, А.​Пушкіна, Брусава, С.​Ясеніна, А.​Пракоф’ева, П.​Тычыны, У.​Сасюры, М.​Рыльскага і інш. Аўтар артыкулаў пра бел. л-ру, фальклор, мову і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1965;

[Вершы]. Мн., 1970;

Як Алік у тайзе заблудзіўся. Мн., 1974.

Літ.:

Бугаёў Дз. Уладзімір Дубоўка. Мн., 1965;

Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979. С. 3—49;

Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981. С. 86—117;

Лойка А., Пшыркоў Ю. Пясняр высокіх дум і глыбокіх пачуццяў // На высокай хвалі. Мн., 1980;

Гардзіцкі А. Дыялогі. Мн., 1968. С. 47—62.

Дз.​Я.​Бугаёў.

У.М.Дубоўка.

т. 6, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

асноўны закон дзяржавы. Прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Зменена назва дзяржавы, яна стала наз. Рэспубліка Беларусь. Артыкул I падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр. сац.-прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод (гл. Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь), замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзярж. улады ў краіне з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканад., выканаўчай і судовай. Дзярж. органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права, не дапускаецца заключэнне міжнар. дагавораў, што супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі на падставе іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культ. спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх супольнасцей, што пражываюць у краіне. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзярж. мовамі ў краіне з’яўляюцца бел. і руская. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца — г. Мінск. Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вызначана працэдура яго выбрання, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцтваў і абавязкаў. Вышэйшым прадстаўнічым заканад. органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з 2 палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Захавана пераемнасць у назве мясц. прадстаўнічых органаў — Саветаў (у Канстытуцыі яны называюцца Саветамі дэпутатаў). Мясц. кіраванне і самакіраванне ў адм.-тэр. адзінках ажыццяўляюць мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, сходы і інш. Пасля рэферэндуму 1996 зменены назва і статус урада, які атрымаў назву Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Створаны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Асобная глава Канстытуцыі прысвечана выбарчай сістэме: акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел прысвечаны фін.-крэдытнай сістэме дзяржавы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыд. сілу: законы і інш. акты дзярж. органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Апошні раздзел Канстытуцыі рэгламентуе парадак яе дзеяння і ўнясення змен ў яе.

А.​А.​Галаўко.

т. 7, с. 599

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)