МАСКЕ́ВІЧ (Багуслаў Казімір) (1625, в. Сэрвач Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 1683),
бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік-мемуарыст. Сын С.І.Маскевіча. Адукацыю атрымаў у Навагрудку. у 1646—48 у войску І.Вішнявецкага, з якім у 1647 пабываў у Запарожскай Сечы. У 1650 пакінуў вайск. службу. Быў ашмянскім маршалкам. Аўтар двух «Дыярыушаў» на польск. мове. У адным (ахоплівае 1643—49) замалёўкі ўкр. стэпаў, ваен. дзеянняў Вішнявецкага, М.Патоцкага, М.Каліноўскага, Я.Радзівіла супраць Б.Хмяльніцкага на Украіне і Беларусі. Падзеі пададзены з феад.-шляхецкіх пазіцый, хоць аўтар і не заўсёды прыхільна ставіцца да магнатаў. У другім апісана трыумфальнае шэсце рус. ваяводы І.Хаванскага па Беларусі ў пач. 1660 і разгром яго войск 28.6.1660 аб’яднанымі сіламі літ. гетмана П.Сапегі, польск. ваяводы С.Чарнецкага і інш. каля в. Палонка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.
Літ.:
Pamiętniki Samuela i Bogusława Kazimierza Maskewiczów. Wrocław. 1961.
А.Ф.Коршунаў.
т. 10, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)