СЁМГА, ласось высакародны (Salmo salar),

рыба сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў паўн. ч. Атл. ак., паўд.-зах. ч. Ледавітага ак. каля берагоў Еўропы і Паўн. Амерыкі. Існуе азёрная форма С. — азёрны ласось (S. s. morpha sebago) у буйных паўн. азёрах Лабрадор, Ладажскае, Анежскае і інш. На Беларусі да пабудовы на рэках плацін заходзіла на нераст з Балтыйскага м. ў рэкі Нёман, Зах. Дзвіна, Вілія, Буг. Апошні раз назіралася ў р. Вілія (1954).

Даўж. цела да 1,5 м, маса да 39 кг. Луска дробная, серабрыстая. Перад нерастам цела цямнее, на баках і галаве паяўляюцца чорныя, чырв. і аранжавыя плямы, у самцоў падаўжаюцца і скрыўляюцца сківіцы. Скура на спіне патаўшчаецца. Плоднасць да 26 тыс. ікрынак. Ікра буйная, аранжавая. У рэкі заходзіць пераважна восенню. Моладзь жыве ў рэках да 5 гадоў, корміцца беспазваночнымі і дробнай рыбай, у моры — рыбай і ракападобнымі. Каштоўны аб’ект промыслу і развядзення.

Сёмга: 1 — самец у звычайным, 2 — у шлюбным убранні.

т. 14, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕТРАПАДО́БНЫЯ (Acipenseriformes),

атрад храстковых рыб. Вядомы з ніжняй юры, сучасныя прадстаўнікі — з верхняга мелу. 2 сям.: асятровыя (Acipenseridae) і весланосыя (Polycdontidea). 25 відаў у Паўн. паўшар’і. У рэках Беларусі вельмі рэдка трапляецца сцерлядзь, раней на нераст заходзілі асетр балтыйскі і асетр рускі, рабіліся спробы вырошчвання гібрыда сцерлядзі і бялугі — бесцера.

Даўж. ад 27 см да 9 м, маса да 2 т (бялуга). На целе 5 радоў рамбічных касцяных пласцінак (жучак) або скура голая. Хваставы плаўнік неаднолькава лопасцевы (гетэрацэркальны), аснова верхняй лопасці ўкрыта ганоіднай рамбічнай луской. Рыла выцягнутае, з вусікамі. Рот высоўны, ніжні, без зубоў. Аснова восевага шкілета — пруткая хорда (целаў у пазванкоў няма). Унутраны шкілет храстковы, на галаве скураныя косці. Прамяні шчэлепнай перапонкі адсутнічаюць. У сэрцы ёсць артэрыяльны конус, у кішэчніку — спіральны клапан. Каштоўныя прамысл. рыбы. У нізоўях вял. рэк, дзе жывуць асетрападобныя, дзейнічаюць рыбагадавальнікі, якія штогод выпускаюць у вадаёмы малявак рыб. Некаторыя віды занесены ў Чырв. кнігі МСАП, інш. краін, сцерлядзь — у Чырв. кнігу Беларусі.

Да арт. Асетрападобныя: асетр рускі (зверху); асетр балтыйскі.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНО́ГІ (Petromyzones),

падклас (атрад) пазваночных кл. кругларотых. 3 сям., 7 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных марскіх і прэсных водах. Прахадныя М. жывуць у моры, на нераст мігрыруюць у рэкі; у жылых ручаёвых М. жыццёвы цыкл адбываецца ў прэснай вадзе. На Беларусі 3 віды: М. рачная (Lampetra fluviatilis), М. ручаёвая еўрапейская (L. planeri) — у бас. рэк Зах. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман; М. ўкраінская (L. mariae, або Eudontomyzon mariae) — у бас. рэк Дняпро і Нёман. Бел. мясц. назвы: верацёнка, відун, вугрыца, вярцёлка, мянёга і інш.

Даўж. да 1 м, маса да 3 кг. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Спінных плаўнікоў 1 або 2. Шчэлепных адтулін па 7 э кожнага боку. Вочы развітыя, ёсць цемянное вока, здольнае рэагаваць на святло. Рот лейкападобны, на дне прысмоктвальнага дыска; на языку і дыску рагавыя зубы. Сэрца двухкамернае. Многія віды — эктапаразіты рыб. Угрызаюцца ў цела рыбы, смокчуць кроў, выядаюць мышцы і вантробы. Кормяцца таксама беспазваночнымі, лічынкі — водарасцямі, дэтрытам. Пасля нерасту гінуць. З ікры вылупляецца пескарыйка, якая праз 3—4 гады ператвараецца ў дарослую М. Ядомыя. Другарадны аб’ект промыслу.

Міногі: 1 — рачная; 2 — украінская; 3 — ручаёвая.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПАПАДО́БНЫЯ (Cypriniformes),

атрад рыб падкласа прамянёвапёрых. 3 падатр.: харацынападобныя (Characoidei) з 16 сям., гімнотападобныя (Gymnotoidei) з 4 сям., карпавідныя (Cyprinoidei) з 7 сям. Каля 3 тыс. відаў. Харацынападобныя (напр., піраньі, прахілоды) — жыхары прэсных субтрапічных і трапічных вод Амерыкі і Афрыкі. Іх характэрная адзнака — тлушчавы плаўнік (як у ласасёвых). Многія віды падатр. разводзяць у акварыумах (капеіны, неоны). Гімнотападобныя жывуць у прэсных водах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У большасці прадстаўнікоў падатр. цела моцна выцягнутае, сціснутае з бакоў, звычайна адсутнічаюць спінны і хваставы (можа быць маленькі) плаўнікі. У многіх відаў ёсць эл. органы (электрычны вугор). Карпавідныя жывуць у прэсных вадаёмах Еўразіі, Афрыкі і Паўн. Амерыкі. Некат. віды выходзяць у мора. Характэрная іх рыса — зубы размешчаны на ніжніх глоткавых касцях шчэлепнага апарата. Плавальны пузыр з двума ці больш аддзеламі, злучаны з кішэчнікам. На Беларусі 19 родаў, 25 відаў. Некат. віды інтрадукаваныя (амуры, таўсталобікі). Жывуць у рэках, азёрах, сажалках. 66 відаў і падвідаў К. у Чырв. кнізе МСАП, 2 віды (вусач і рыбец) — у Чырв. кнізе Беларусі.

Даўж. ад 2 см да 1,7 м. Цела ўкрыта цыклоіднай луской або голае. Маюць вебераў апарат. Брушныя плаўнікі за груднымі. Нераст вясной і ў пач. лета. Кормяцца беспазваночнымі, воднай расліннасцю, дэтрытам, ёсць драпежнікі (жэрах). Сярод К. многа прамысл. рыб, з іх на Беларусі пашыраны гусцяра, лешч, лінь, плотка, сазан, карп, карась залаты, карась сярэбраны і інш. Аб’екты промыслу, спарт. лоўлі, сажалкавага і акварыумнага развядзення, акліматызацыі.

т. 8, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)