род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі — 4 віды К.: безасцюковы (B. inermis), Бенякена (B. benekenii), прамы (B. erecta), берагавы (B. riparia).
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі падземнымі парасткамі або без іх. Сцябло прамое ці прыўзнятае выш. 60—150 см. Лісце чаргаванае, шырокалінейнае, плоскае, шурпатае. Суквецце — раскідзістая мяцёлка. Каласкі 3—12-кветныя. Ніжнія кветкавыя лускавінкі часам з прамым або адагнутым кароткім асцюком. Цвіце ў чэрв. — ліпені. Плод — зярняўка з баразёнкаю. Кармавая расліна. Выкарыстоўваецца ў травасумесях для стварэння культ. сенажацей і пашы, на землях, схільных да ветравой эрозіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЛЮЖО́К (Poa),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах, у горных раёнах тропікаў. На Беларусі 9 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя М.: аднагадовы (P. annua), балотны (P. palustris), вузкалісты (P. angustifolia), звычайны (P. trivialis), лугавы (P. pratensis), лясны (P. nemoralis), сплюшчаны (P. compressa). Інтрадукаваны М. альпійскі (P. alpina). Трапляюцца на лугах, узлесках, сярод хмызняку, абапал дарог.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см з паўзучымі падземнымі парасткамі ці без іх. Утвараюць дзярніны. Лісце вузкалінейнае, пляскатае. Каласкі з 2—5 (8) кветкамі ў раскідзістай і даволі густой мяцёлцы. Плод — зярняўка. Многія віды кармавыя расліны, уведзены ў культуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЕ́Ц (Helictotrichon),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: аўсец пушысты (Helictotrichon pubescens; нар. назва заечы авёс), трапляецца па ўсёй тэрыторыі, расце на сухіх лугах, лясных палянах і ўзлесках, на адхонах, асабліва ўздоўж дарог; аўсец лугавы (Helictotrichon pratense; рэдкі від, вядомы толькі па звестках навук. літаратуры). Лугавыя кармавыя травы.
Шматгадовыя травяністыя расліны звычайна з паўзучымі падземнымі парасткамі або пазбаўлены іх і тады ўтвараюць шчыльныя дзернавінкі. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, часам уздоўж складзенае. Каласкі 2—5-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім асцюком. Мяцёлка сціснутая або раскідзістая, нярэдка гронкападобная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ТА (ад грэч. litotes прастата),
1) мастацкі прыём прымяншэння велічыні, сілы прадмета ці з’явы, падзеі; троп, процілеглы гіпербале. Л. выяўляе адносіны аўтара да аб’екта адлюстравання, дапамагае завастрыць увагу чытача на найб. значным, характэрным. Пашырана ў фальклоры, нар. фразеалогіі (напр., «сілы, як у камара», «каласкі, як камаровыя наскі»), можа выступаць у ролі параўнання, метафары, эпітэта. У л-ры выкарыстоўваецца для ўзмацнення вобразнасці мовы:
Неўладкаваны чалавечы дом,
Жывая кропля чорнага сусвету — Зямля мая,
Зялёнае гняздо,
Адкуль вылётваюць
І птушкі, і ракеты.
(П.Панчанка. «Зялёнае гняздо»)
Выкарыстанне Л. побач з гіпербалай стварае эфект кантрастнасці, выклікае напружанасць пачуцця.
2) Характарыстыка якога-небудзь прадмета, дзеяння ці з’явы шляхам адмаўлення процілеглага; напр., «някепскі» (замест добры), «не згаджацца» (пярэчыць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫ́ЖНІК (Briza),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Пярэдняй Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы, асабліва ў Міжземнамор’і. На Беларусі паўсюдна на лугах, лясных палянах і ўзлесках трапляецца Д. сярэдні (B. media). Як інтрадукаваная дэкар. расліна вырошчваецца і зрэдку дзічэе Д. вялікі (B. maxima).
Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны з кароткімі паўзучымі падземнымі парасткамі або без іх. Сцябло прамастойнае, простае або ад асновы галінастае. Лісце сядзячае, лінейнае, пляскатае, шыр. 2—8 мм. Кветкі сабраны ў сплясканыя рамбічныя ці яйцападобныя каласкі, якія ўтвараюць агульнае раскідзістае або сціснутае мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. (выкарыстоўваюць для групавых пасадак і на сухія букеты) і лек. (мачагонны, сардэчны, супрацьзапаленчы сродак) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЦІК (Lolium),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі як занесеныя, натуралізаваныя і пустазелле трапляюцца Ж. п’янючы (L. temulentum), расстаўлены, або льняны (L. remotum), жорсткі (L. rigidum), шматкветкавы (L. multiflorum) і шматгадовы (L. perenne). Ж. шматкветкавы і шматгадовы пад назвай райграс уведзены ў культуру як кармавыя і газонныя расліны. Некат. віды — пустазелле; ёсць ядавітыя. Растуць каля дарог, на пустках, газонах і інш.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойнымі ці ўзыходнымі сцёбламі выш. да 1 м і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкалінейнае. Агульнае суквецце — рэдкі лінейны двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, сціснуты з бакоў, з 3—15 кветкамі. Плод — зярняўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБРО́ЎКА (Hierochloe),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных і высокіх шыротах абодвух паўшар’яў і ў гарах тропікаў. На Беларусі трапляюцца: З. духмяная (H. odorata), нар. назвы зубрава трава, цяпалоць, тураўка; паўднёвая (H. australis) і зрэдку жорсткаваласістая (H. hirta). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, каля дарог.
Шматгадовыя травы з паўзучым карэнішчам і прамастойнымі сцёбламі выш. да 70 см. Прыкаранёвае лісце лінейнае, плоскае, завостранае, сцябловае — лінейна-ланцэтнае, карацейшае, знізу тусклае, зверху ярка-зялёнае, бліскучае. Каласкі дробныя, залаціста- або буравата-жоўтыя, круглавата-яйцападобныя, трохкветныя, у раскідзістых мяцёлках. Плод — зярняўка. Духмяныя (маюць кумарын), лек., кармавыя (для зуброў, адсюль назва) і дэкар. расліны. Выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай прам-сці, для пляцення, замацавання насыпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБУ́К (Bambusa),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Азіі, Афрыкі, Аўстраліі і Амерыкі. На Беларусі вырошчваецца ў аранжарэі Цэнтр.бат. саду АН. Часам бамбукам называюць віды інш. родаў (напр., лістакалоснік, саза) падсям. бамбукавых (Bambusoidea), якое ўключае больш за 1000 відаў.
Шматгадовыя дрэвападобныя злакі з паўзучым карэнішчам і моцна развітым адраўнелым сцяблом (саломінай) выш да 35 м, дыям. да 30 см. Лісце пераважна ланцэтнае, цвёрдае, з похвамі і кароткім чаранком. Кветкі дробныя, сабраныя ў каласкі. Плод — зярняўка. Вызначаюцца хуткім ростам — да 75 см за суткі. Тэхн. (з бамбуку будуюць дамы, масты, водаправоды, вырабляюць мэблю, кашолкі, цыноўкі, вуды і інш., заменнік драўніны ў цэлюлозна-папяровай прам-сці), кармавыя, лек. (сродак ад жаўтухі, дызентэрыі, ліхаманкі, туберкулёзу і інш.), дэкар. і харч. (маладыя парасткі і насенне ідуць у ежу; у стрыжні сцябла некаторых відаў ёсць салодкі сок, з якога вырабляюць т.зв. бамбукавы цукар) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ТА (Secaled),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. злакаў. 6—8 відаў. Вырошчваюць (з 1—2-га тыс. да н.э.) пераважна ў краінах Паўн. паўшар’я Ж. пасяўное (S. cereale) — азімыя і яравыя формы. На Беларусі Ж. азімае — адна з найважнейшых збожжавых і кармавых прамежкавых культур.
Ж. пасяўное — аднагадовая расліна выш. 60—180 см. Каранёвая сістэма валасніковістая, магутная. Сцябло — саломіна, лісце лінейна-ланцэтнае. Каласы шчыльныя, двухрадковыя, пры выспяванні шэра- або светла-жоўтыя. Каласкі двухкветныя, каласковыя лускавінкі завостраныя, з кароткім асцюком. Зярняўкі маршчакаватыя, з глыбокай баразёнкай і невял. чубком. Зерне мае 9—13% бялкоў, 55—70 крухмалу, 1—2% тлушчу, вітаміны B1, B2, PP. Самая марозаўстойлівая культура сярод азімых злакаў, пераносіць кароткатэрміновыя маразы да -20 °C (на глыб. вузла кушчэння). Перыяд актыўнай вегетацыі 140—170 сутак. Раянаваныя сарты бел. селекцыі: тэтраплоідныя — Пухаўчанка, Верасень, Ігуменская; дыплоідныя — Радзіма, Калінка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТО́ЎНІЦА (Larix),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халоднай і ўмеранай зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі інтрадукавана 13 відаў. Найб. вядомыя Л.: еўрапейская (L. decidua), сібірская (L. sibirica), японская (L. leptolepis).
Лістападныя аднадомныя дрэвы выш. 30—50 м, дыям. да 1 м. Крона конусападобная. Жывуць да 500 гадоў. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, моцна разгалінаваная, глыбокая. Ігліца мяккая, вузкалінейная, даўж. 2—5 см, на падоўжаных парастках размешчана спіральна, на кароткіх — пучкамі па 20—50 штук, на зіму ападае. Мужчынскія і жаночыя каласкі знаходзяцца на кароткіх парастках. Цвітуць адначасова з распусканнем пупышак. Шышкі даўж. 1—5 см, яйцападобныя. Насенне крылатае. Драўніна трывалая да гніення, выкарыстоўваецца ў падводных збудаваннях (масты, плаціны, прычалы), судна- і машынабудаўніцтве, з яе атрымліваюць жывіцу, дубільныя рэчывы, воцатную к-ту, цэлюлозу і інш.Тэхн. і дэкар. расліны.
А.Д.Антанюк.
Лістоўніца сібірская: 1 — агульны выгляд (восеньская афарбоўка); 2 — галінка з жаночай і мужчынскай шышкамі; 3 — галінка з мужчынскімі шышкамі; 4 — спелая шышка.