ЦІМАФЕ́ЕЎКА, жыцец (Phleum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакаў). Каля 20 відаў. Пашыраны ў нетрапічных абласцях абодвух паўшар’яў. На Беларусі 2 віды Ц.: лугавая (Ph. pratense) і стэпавая (Ph. phleoides). Пашыраны на лугах, лясных палянах, уздоўж дарог. Як кармавую расліну вырошчваюць Ц. лугавую (культывуецца ў Еўропе з 18 ст.), адзін з асн. кампанентаў сенажатных і пашавых травасумесей. Выведзена больш за 50 сартоў.

Ц. лугавая — шматгадовы рыхлакустовы верхавы злак. Карэнішча кароткае. Сцёблы прамыя, выш. да 1 м. Лісце шматлікае, вузкалінейнае, шурпатае. Суквецце — шчыльная цыліндрычная мяцёлка, каласкі дробныя. Плод — зярняўка.

В.​М.​Прохараў.

Цімафееўка лугавая.

т. 17, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)