род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах, у горных раёнах тропікаў. На Беларусі 9 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя М.: аднагадовы (P. annua), балотны (P. palustris), вузкалісты (P. angustifolia), звычайны (P. trivialis), лугавы (P. pratensis), лясны (P. nemoralis), сплюшчаны (P. compressa). Інтрадукаваны М. альпійскі (P. alpina). Трапляюцца на лугах, узлесках, сярод хмызняку, абапал дарог.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см з паўзучымі падземнымі парасткамі ці без іх. Утвараюць дзярніны. Лісце вузкалінейнае, пляскатае. Каласкі з 2—5 (8) кветкамі ў раскідзістай і даволі густой мяцёлцы. Плод — зярняўка. Многія віды кармавыя расліны, уведзены ў культуру.