назва серыі амер. двухмесных касм. караблёў (КК) для палётаў на каляземнай арбіце; праграма іх распрацоўкі і палётаў.
КК «Дж.» складаецца з герметычнага спускальнага апарата, дзе размяшчаюцца 2 касманаўты, і негерметычнага адсека з абсталяваннем і тармазнымі рухавікамі. Мае апаратуру і ракетны рухавік для збліжэння з інш. лятальнымі апаратамі на арбіце. Сістэма жыццезабеспячэння разлічана на 14 сут, пасадка прадугледжана толькі на ваду. Усяго па праграме «Дж.» запушчана 12 КК (1964—66; 10 з іх з 2 касманаўтамі на борце). У час палётаў праводзілася манеўраванне і збліжэннеКК («Дж.-6» і «Дж.-7»), стыкоўка з ракетай «Аджэна», выхад касманаўтаў у касм. прастору (Э.Уайт, Ю.Сернан, М.Калінз, Р.Гордан, Э.Олдрын), выпрабаванне сістэм карабля, фатаграфаванне Зямлі, неба і інш. Праграма «Дж.» была падрыхтоўчым этапам праграмы «Апалон».
Схема спускальнага апарата касмічнага карабля «Джэміні»: 1 — герметычная капсула; 2 — крэслы касманаўтаў; 3 — пульт і прыладная дошка; 4 — адсек сістэмы арыентацыі; 5 — кантэйнер з парашутамі; 6 — радыёлакатар для збліжэння на арбіце; 7 — бартавая апаратура і абсталяванне; 8 — цеплаахоўны экран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА МАЛА́Я,
палітычны блок Румыніі, Чэхаславакіі і Югаславіі ў 1920—38. Створана ў 1920—21 на аснове двухбаковых пагадненняў для захавання суадносін сіл, што склаліся ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Дзейнічала ў рэчышчы знешняй палітыкі Францыі, займала важнае месца ў яе сістэме ваенна-паліт. саюзаў. Даўэса план 1924, Лакарнскія перагаворы 1925, пазнейшае збліжэнне Румыніі з Англіяй, Венгрыяй і асабліва з Італіяй прывялі да аслаблення Антанты Малой і ролі ў ёй Францыі. Пагроза з боку фаш. Германіі прыпыніла распад Антанты Малой. У 1933 саюзнікі падпісалі Арганізац. пакт пра неабмежаваны тэрмін дзеяння ўсіх пакладзеных у аснову Антанты Малой дагавораў, стварылі савет Антанты Малой і эканам. савет. У 1934 Румынія і Югаславія са згоды Чэхаславакіі ўвайшлі ў Антанту Балканскую. Дагаворы 1937 Югаславіі з Балгарыяй і Італіяй сталі прычынай новага крызісу ў сістэме Антанты Малой. Мюнхенскае пагадненне 1938, якое прывяло да акупацыі Чэхаславакіі Германіяй, спыніла існаванне блока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДУ́ЧЫ (Carducci) Джазуэ (27.7.1835, Валь-ды-Кастэла, Італія — 16.2.1907),
італьянскі паэт. Скончыў Пізанскую вышэйшую школу. З 1860 праф. Балонскага ун-та. Друкаваўся з 1850. Ранняя творчасць прасякнута ідэаламі Рысарджымента (зб. «Юнацкія вершы», 1850—60, і інш.). Антырамантык, прыхільнік класіцызму ў яго рэаліст. выявах. У сваіх творах супрацьпастаўляў пасрэднасць тагачаснага жыцця ант. доблесці, усхваляў «свабодную думку», выступаў за ўз’яднанне Італіі, супраць клерыкалізму (паэма «Гімн Сатане», 1863; зб-кі «Лёгкае і сур’ёзнае», 1861—71, «Ямбы і эподы», нап. 1867—79, выд. 1882). Яго паэзія ў маст. плане блізкая паэзіі франц. групы «Парнас» сваёй пластычнасцю, гіст. апісаннем, натуральнасцю пейзажу (зб-кі «Новыя рыфмы», 1861—87; «Варварскія оды», 1878—89). У пазнейшай творчасці адчуваецца збліжэнне з познім рамантызмам (зб. «Рыфмы і рытмы», 1887—99). Паўплываў на італьян. паэзію канца 19 ст. Аўтар арт. пра Дантэ, Ф.Петрарку, Дж.Бакачыо. Нобелеўская прэмія 1906.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ Іраклій (свецкае імя Іосіф; 1734, Полацкае ваяв. — 11.9.1809),
уніяцкі царк. дзеяч. Вучыўся ў школе пры кляштары дамініканцаў ва Ушачах, там уступіў у ордэн базыльян. У 1784—1809 полацкі архіепіскап. З 1795 пасля скасавання Кацярынай II уніяцкіх епархій (акрамя Полацкай) фактычны кіраўнік усіх грэка-католікаў Рас. імперыі. У 1806—09 мітрапаліт кіеўскі (не зацверджаны папам рымскім). У царк. жыцці ў процівагу базыльянам абапіраўся на белае духавенства, вылучаў яго на кіруючыя пасады. Садзейнічаў стварэнню Гал. семінарыі пры Віленскім ун-це (1803), адкрыў семінарыю для белага духавенства ў в. Струнь (1803 1807, каля Полацка). Быў прыхільнікам ачышчэння абраднасці ад лац. запазычанняў. Дамогся ад імператара Аляксандра I стварэння ўнутры рымска-каталіцкай калегіі асобнага дэпартамента для уніятаў (1805), старшынёй якога стаў сам. Курс Л. на збліжэнне грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем працягвалі ў 1820—30-я г. уніяцкія царк. дзеячы А.Зубко, І.Красоўскі, В.Лужынскі, І.Сямашка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТЭРНІХ, Метэрніх-Вінебург (Metternich-Winneburg) Клеменс Венцэль фон (15.5.1773, г. Кобленц, Германія — 11.6.1859), аўстрыйскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Князь (1803). Са стараж. дваранскага роду. З 1801 аўстр. пасланнік у Саксоніі, з 1803 — у Прусіі, з 1806 — у Францыі. У 1809—21 міністр замежных спраў і фактычна кіраўнік аўстр. ўрада, у 1821—48 прыдворны і дзярж. канцлер. Напачатку праводзіў курс на збліжэнне з Францыяй. Пасля разгрому войск Напалеона I у Расіі заключыў у 1813 з Расіяй і Прусіяй Райхенбахскую канвенцыю аб саюзе. У час Венскага кангрэса 1814—15 дамогся стварэння Герм. саюза на чале з Аўстрыяй; падпісаў у снеж. 1815 сакрэтны дагавор з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі і Францыі супраць Расіі і Прусіі. М. — адзін з арганізатараў Свяшчэннага саюза 1815—33. Пасля рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі эмігрыраваў у Вялікабрытанію, з 1849 у Бельгіі. У 1851 вярнуўся ў Аўстрыю. Еўрап. гісторыкі лічаць М. міратворцам, стваральнікам канцэпцыі дзярж. ладу Еўропы пасля напалеонаўскіх войнаў і сістэмы еўрап. раўнавагі (сістэма М.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
сукупнасць працэсаў, якія забяспечваюць збліжэнне разнастайных элементаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, у сац. супольнасць, сістэму, цэлае; формы падтрымання сац. групамі пэўнай устойлівасці і раўнавагі грамадскіх адносін; здольнасць сац. сістэмы або яе частак да самазахавання шляхам пераадолення ўнутр. і знешніх супярэчнасцей, напружанняў і інш. Агульнапрынятай канцэпцыі і адзінага універсальнага паняцця І.с. пакуль што не выпрацавана. Як праблема агульнай тэорыі сацыякульт. сістэм займае важнае месца ў зах. сацыялогіі з 1950-х г. Э.Дзюркгейм, М.Вебер, В.Парэта інтэграцыю сац. сістэмы разглядалі ў сувязі з існаваннем агульных для яе членаў каштоўнасцей і норм. Уяўленні аб поўнай інтэграцыі грамадства развівалі прадстаўнікі функцыяналісцкай антрапалогіі (Б.Маліноўскі, А.Р.Радкліф-Браўн і інш.). Т.Парсанс увёў паняцці нарматыўнай і каштоўнаснай І.с. і разглядаў яе функцыі ў сац. сістэме. Тэарэтыкі нефункцыялісцкіх кірункаў (Р.Бендыкс, А.Гоўлднер) сцвярджалі, што на практыцы высокі ўзровень інтэграцыі недасяжны і нават шкодны, бо пазбаўляе сац. сістэму гнуткасці і рухомасці. У адпаведнасці з прынятым у амер. сацыялогіі падзелам грамадскай сістэмы на культ. і сац. падсістэмы адрозніваюць 4 тыпы І.с.: культурную, нарматыўную, камунікатыўную і функцыянальную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛСТО́ЎСТВА,
рэлігійна-філасофскі утапічны кірунак у грамадскай думцы Расіі канца 19 — пач. 20 ст. Узнікла пад уплывам рэліг.-філас. ідэй Л.М.Талстога. выкладзеных ім у творах «Споведзь». «У чым мая вера?» абодва 1884), «Крэйцарава саната» (1891) і інш. Талстоўцы прапаведавалі «ўсеагульную любоў», «несупраціўленне злу насіллем», планавалі пераўтварэнне грамадства шляхам рэліг.-маральнага самаўдасканалення, вялі асветную дзейнасць. Створанае ў 1884 талстоўцамі У.Р.Чартковым і П.І.Біруковым выд-ва «Пасрэднік» выдавала масавымі тыражамі кнігі для народа: творы Талстога, А.П.Чэхава, Г.І.Успенскага і інш., дапаможнікі па аграноміі, ветэрынарыі, гігіене. У Цвярской, Сімбірскай, Харкаўскай губ., у Закаўказзі ўзніклі абшчыны талстоўцаў (т.зв. «культурныя скіты»), Т. мела паслядоўнікаў у Зах. Еўропе, Японіі, Індыі (М.К.Гандзі); спробы стварэння талстоўскіх абшчын рабіліся ў 1880—1900-я г. ў Англіі і Паўд. Афрыцы. Крытыка талстоўцамі правасл. царквы, афіц. рэлігіі, пропаведзь ураўняльных прынцыпаў і збліжэнне з сектамі (малаканамі, духаборамі, штундызмам) выклікалі незадавальненне царквы і ўлады. У 1897 Т. было абвешчана шкоднай сектай, у 1901 Талстой адлучаны ад царквы, а яго паслядоўнікаў арыштоўвалі і высылалі. У хуткім часе талстоўцы спынілі сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАН’ЮГА́ЦЫЯ (ад лац. conjugatio злучэнне),
1) у водарасцей і ніжэйшых грыбоў — палавы працэс, пры якім зліваецца змесціва 2 знешне падобных бязжгуцікавых клетак. Адбываецца толькі ў ч. відаў водарасцей — дыятомавых і некат. кан’югатаў.
2) У інфузорый — палавы працэс, пры якім часова злучаюцца 2 асобіны (бакамі, дзе знаходзяцца ротавыя адтуліны) для абмену часткамі іх ядзернага апарата і невял. колькасці цытаплазмы. Пры зліцці вегетатыўнае ядро (макрануклеус) разбураецца, а палавое ядро (мікрануклеус) двойчы дзеліцца шляхам меёзу. Потым 3 ядры разбураюцца, а адно дзеліцца зноў і кожная з яго палавінак абменьваецца на палавінку ядра партнёра. Абмененыя ядры зліваюцца з тымі, якія засталіся ў клетках, і інфузорыі разыходзяцца. З атрыманага ядра зноў утвараецца макрануклеус і мікрануклеус. З’яўляецца прыкладам палавога працэсу без расплоджвання. 3)У бактэрый — адзін са спосабаў абмену генет. інфармацыяй. Трапляецца ў энтэрабактэрый, псеўдаманад і інш. Адбываецца аднанакіраваны перанос генаў донарскай храмасомы («мужчынскай» клеткі) да рэцыпіента («жаночай» клеткі) з рэкамбінацыяй генаў. Спадчынныя ўласцівасці рэцыпіента змяняюцца ў адпаведнасці з колькасцю генет. інфармацыі, якая знаходзіцца ў перададзеным кавалку ДНК. У пракарыётаў К. забяспечвае павышэнне спадчыннай зменлівасці.
4) У храмасом К. — часовае збліжэнне парамі гамалагічных храмасом, у час якога магчымы абмен іх гамалагічнымі ўчасткамі. Пасля К. храмасомы разыходзяцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫКО́ЎКАў касманаўтыцы,
збліжэнне і механічнае злучэнне на арбіце або траекторыі палёту 2 ці больш касмічных апаратаў (КА) ці іх асобных частак.
Мэта С. — злучэнне касм. карабля (КК) з арбітальнай станцыяй для дастаўкі экіпажа, грузу і паліва, КК паміж сабой ці з ракетнай ступенню для выканання сумеснага палёту, зборка буйнагабарытных арбітальных станцый ці міжпланетных караблёў з асобных модуляў і інш. Выконваецца аўтаматычна ці з выкарыстаннем касманаўтамі сродкаў кіравання. Мех. злучэнне пры С. праводзіцца пры дапамозе стыковачных агрэгатаў, устаноўленых на КА, якія забяспечваюць першапачатковую счэпку, паглынанне энергіі сутыкнення, выраўноўванне КА, іх сцягванне да стварэння жорсткага злучэння. Пры зборцы буйнагабарытных канструкцый злучэнне КА ці модуляў можа выконвацца таксама з выкарыстаннем маніпулятараў. Першая ручная С. праведзена 16.3.1966 (С. касм. карабля «Джэміні-8» з ракетай «Аджэна», ЗША), аўтаматычная —30.10.1967 (С. ШСЗ «Космас-186» і «Космас-188», СССР). Метадам С. разнастайных блокаў праводзіцца зборка Міжнар.касм. станцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕШНЕЭКАНАМІ́ЧНЫЯ СУ́ВЯЗІ,
адна з форм эканам. дзейнасці дзяржавы, прадпрыемстваў і фірм, якая звязана са знешнім гандлем, ажыццяўленнем сумесных з інш. краінамі праектаў. Ахопліваюць комплекс гасп., крэдытных, валютна-фін., прававых узаемаадносін. Уяўляюць сабой арганічную частку міжнар.эканам. адносін, якія развіваюцца на аснове міжнароднага падзелу працы. Уключаюць абмен спажывецкімі таварамі, машынамі, абсталяваннем навук.-тэхн. ведамі, дасягненнямі ў галіне культуры, паслугамі па эканам. і тэхн. супрацоўніцтве і прадугледжваюць стварэнне сумесных прадпрыемстваў, вытв-сцей і навук. калектываў; з’яўляюцца фактарамі эканам. росту, інтэнсіфікацыі вытв-сці, удасканалення тэхналогій, узбагачэння рынку спажывецкімі таварамі. З.с. праходзяць пэўныя этапы: ад гандлю і паслуг — да вывазу капіталу, стварэння міжнар. вытв-сці і фарміравання адзінага сусв. рынку валют, крэдытаў, каштоўных папер. На сучасным этапе З.с. перарастаюць у інтэрнац. групоўкі (Еўрапейскі Саюз, міждзярж. аб’яднанні ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Азіі і інш.), якія каардынуюць вытв-сць і збыт тавараў, выступаюць як адзіная юрыд. асоба на міжнар. рынку. Адным з асн. кірункаў інтэграцыі Рэспублікі Беларусь у сусв. супольнасць з’яўляецца больш цеснае эканам.збліжэнне з краінамі СНД і найперш з Рас. Федэрацыяй. Асн. формамі З.с. Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца знешні гандаль і вытв. сувязі. Многія бел. прадпрыемствы супрацоўнічаюць з замежнымі фірмамі. Павялічваецца прыток на Беларусь замежных інвестыцый. Беларусь удзельнічае ў міжнар. выстаўках і кірмашах, актывізуе З.с. праз свае і замежныя пасольствы і консульствы. Дзейнічае Мін-ва па знешнеэканам. сувязях Рэспублікі Беларусь.