назва серыі амер. двухмесных касм. караблёў (КК) для палётаў на каляземнай арбіце; праграма іх распрацоўкі і палётаў.
КК «Дж.» складаецца з герметычнага спускальнага апарата, дзе размяшчаюцца 2 касманаўты, і негерметычнага адсека з абсталяваннем і тармазнымі рухавікамі. Мае апаратуру і ракетны рухавік для збліжэння з інш. лятальнымі апаратамі на арбіце. Сістэма жыццезабеспячэння разлічана на 14 сут, пасадка прадугледжана толькі на ваду. Усяго па праграме «Дж.» запушчана 12 КК (1964—66; 10 з іх з 2 касманаўтамі на борце). У час палётаў праводзілася манеўраванне і збліжэнне КК («Дж.-6» і «Дж.-7»), стыкоўка з ракетай «Аджэна», выхад касманаўтаў у касм. прастору (Э.Уайт, Ю.Сернан, М.Калінз, Р.Гордан, Э.Олдрын), выпрабаванне сістэм карабля, фатаграфаванне Зямлі, неба і інш. Праграма «Дж.» была падрыхтоўчым этапам праграмы «Апалон».
Схема спускальнага апарата касмічнага карабля «Джэміні»: 1 — герметычная капсула; 2 — крэслы касманаўтаў; 3 — пульт і прыладная дошка; 4 — адсек сістэмы арыентацыі; 5 — кантэйнер з парашутамі; 6 — радыёлакатар для збліжэння на арбіце; 7 — бартавая апаратура і абсталяванне; 8 — цеплаахоўны экран.