старажытны род імперскіх графаў у Германіі. Меў шмат адгалінаванняў. У 1761 у час Сямігадовай вайны 1756—63 Хрысціян Людвіг Казімір Вітгенштэйн з людвігсбург-карлсбургскай галіны роду трапіў у палон і перайшоў на службу Расіі. З яго нашчадкаў найб. вядомы П.Х.Вітгенштэйн — военачальнік у час вайны 1812. Яго сын князь Людвіг Леан (Леў Пятровіч; 1799—1866) у 1828 ажаніўся са Стафаніяй Радзівіл (1809—32), дачкой Дамініка і адзінай законнай наследніцай згаслай нясвіжскай галіны Радзівілаў. З гэтым шлюбам да Вітгенштэйна перайшла значная частка вялізных радзівілаўскіх маёнткаў: б. Слуцкае і Капыльскае княствы, мяст. Глыбокае, Мір, Карэлічы, Смалявічы і інш. (каля 1,2—1,3 млн. дзесяцін зямлі, 40—120 тыс. душ). Людвіг Леан пакінуў сына Пятра, які ў 1887 памёр без нашчадкаў, і дачку Марыю, што выйшла замуж за герм. князя Хлодвіга Карла Віктара Гогенлоэ (1819—1901), будучага імперскага канцлера Германіі. Апошняму перайшлі бел. ўладанні Вітгенштэйна, якія потым былі распрададзены. Прадстаўнікі роду працягвалі служыць Рас. імперыі да 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБКЕ́ВІЧ (Валянцін Іванавіч) (15.2.1937, в. Аксаміты Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 6.2.1995),
бел. паэт, перакладчык, мовазнавец. Канд.філал.н. (1973). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1959). Настаўнічаў у Віцебскай і Мінскай абласцях. З 1967 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», з 1974 — «Мастацкая літаратура». Дэбютаваў вершамі ў 1957. Аўтар зб. вершаў «Ад зімы да зімы» (1982). На бел. мову пераклаў зб. М.Чарамшыны «Апавяданні» (1982), раманы Л.Метсара «Мары не паміраюць» (1983), А.Кобы «Жанчына ў пяску», «Чужы твар» (абодва 1986), К.Маккалаў «Птушкі на цернях» (з С.Дорскім), М.Марцінсан «Мама выходзіць замуж» (абодва 1988), аповесць М.Гогаля «Тарас Бульба», яго камедыю «Рэвізор», паэму «Мёртвыя душы» (усе 1990), паасобныя вершы Г.Ахматавай, С.Ясеніна, М.Рыльскага, апавяданні Я.Гуцалы, М.Зошчанкі, Г.Цюцюнніка і інш. Выступаў з арт. па пытаннях л-ры і культуры мовы. Збіраў фальклор (зб. «Паслухай, што людзі кажуць: Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, прыкметы, жарты», 1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАЖБА́,
магічныя спосабы і дзеянні, што нібыта прадказвалі будучыню і расказвалі пра былое. Узнікла ў першабытным грамадстве разам з раннімі формамі рэлігіі — верай у звышнатуральныя сілы, добрых і злых духаў, у лёс. Яшчэ стараж. земляробы прадказвалі надвор’е па зорках і сонцы; вавіланяне, этрускі, рымляне варажылі па печані ахвярнай жывёлы. У многіх народаў вядома варажба на касцях, бобе, арэхах, кававай гушчы, а таксама па лініях далоні, па картах і інш. Калі ў варажбе па прыкметах ёсць пэўнае рацыянальнае зерне (прыродныя назіранні), дык іншыя яе віды грунтуюцца на ўяўным знешнім падабенстве або процілегласці (напр., бачыць у сне ягады — слёзы, чыстую ваду — радасць, мутную ваду — смутак). Беларусы найчасцей варажылі на Каляды, на багатую куццю перад Новым годам. Варажба павінна была прадвызначыць надыходзячы год: з-пад каляднага абруса сена паказвала на даўжыню будучага лёну; перавага пэўнага віду зерня ў трыбуху заколатага парсюка — якое збожжа найбольш уродзіць. Дзяўчаты варажылі пра замужжа (упоцемку ў хляве зловіць баранчыка — выйдзе замуж; з якога боку пачуе брэх сабакі — там яе нарачоны і інш.). Гл. таксама Магія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАВА (дзявочае Сакаўніна) Фядосся Пракопаўна
(21.5.1632, Масква — 12.11.1675),
дзяячка рус.расколу, паплечніца пратапопа Авакума, баярыня. Сваячка М.І.Міласлаўскай, жонкі цара Аляксея Міхайлавіча. У 1649 выдадзена замуж за баярына Г.І.Марозава, аўдавела ў 1662. Перабудавала хатні ўклад свайго жыцця на манастырскі ўзор, прымала ўсіх, каго праследавалі за старую веру. У М. жыў, вярнуўшыся ў 1664 са ссылкі, Авакум; перапісвалася з ім пасля яго другой ссылкі. У 1670 тайна пастрыглася ў манашкі пад імем Феадора. Разам з сястрой княгіняй Е.П.Урусавай 16.11.1671 зняволена за прыхільнасць да стараверства, непадпарадкаванне цару і патрыярху. Падверглася жорсткім катаванням, яе ўладанні канфіскаваны. У 1673 разам з Урусавай і жонкай стралецкага палкоўніка М.Г.Данілавай адпраўлена ў г. Бораўск (Калужская вобл.). Зняволеныя ў земляную турму, памерлі ад голаду. М. прысвечаны «Пра трох спаведніц слова плачэўнае» Авакума, «Аповесць пра баярыню Марозаву» (1670-я г.) ананімнага аўтара, малюнкі і карціны В.Сурыкава, В.Пярова і інш.
Літ.:
Повесть о боярыне Морозовой / Подготовка текстов и исслед. А.И.Мазунина. Л., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛЕНІЦА.
масленка, старажытнае перадвеснавое свята ў слав. народаў. Звязана з культам прыроды, адраджэннем пладаносных сіл зямлі, ушанаваннем продкаў, павінна была паскорыць вясну, забяспечыць дастатак і багаты ўраджай. М. прыпадала на 8-ы тыдзень перад Вялікаднем. На М. забаранялася есці мяса, яго замянялі бліны — сімвал сонца, надыходу вясны. На Беларусі святкаванне М. пачыналася ў чацвер, на Уласа; у пятніцу праводзілі бяседныя застоллі, у нядзелю — развітальныя, прабачальныя бяседы. На М. адведвалі бабку-павітуху, вадзілі па вёсцы маладзіцу, што выйшла замуж у апошні мясаед, халасцякам і незамужнім дзяўчатам прывешвалі да нагі калодкі, дзяўчаты і хлопцы гойдаліся на варотах у гумне і на арэлях (каб доўгім рос лён), рабілі і запальвалі кола, спальвалі сімвалічную антрапаморфную выяву холаду-зімы — саламяную ляльку або імітавалі «пахаванне» М. з «папом» і «галашэннямі», спявалі масленічныя песні, вадзілі карагоды, жартавалі, пачыналі «гукаць вясну». М. заканчвалася «запускамі» на малако і малочныя стравы. Традыцыі М. захаваліся ў сучасным святкаванні праводзін зімы. У краінах Зах. Еўропы М. адпавядаў карнавал.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, [ч.] 1. С. 137—141;
Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў. 2 выд.Мн., 1998.
жанравая разнавіднасць казачнага эпасу. Спосабам маст. асэнсавання рэчаіснасці яны набліжаюцца да сацыяльна-бытавых казак, аднак адрозніваюцца прыгодніцкім зместам і тэматыкай (сац. канфлікт для іх не галоўны, хоць сімпатыі казачнікаў заўсёды на баку прац. чалавека). Героі Н.к. — сялянскі або купецкі сын, прыказчык, салдат, дзяўчына-ваяка, верная жонка — дасягаюць мэты не з дапамогаю чарадзейнай сілы, а дзякуючы розуму, кемлівасці і вынаходлівасці. Фантастыка тут у гіпербалізацыі магчымасцей чалавека, якому даводзіцца «змагацца» з цяжкімі абставінамі, а не з фантастычнымі істотамі (як у чарадзейных казках). Тыповыя сюжэты Н.к. — жаніцьба героя з прыгажуняй і выхад дзяўчыны замуж, вернасць і нявернасць, прадвызначанасць лёсу; вял. групу складаюць казкі пра разбойнікаў і ліхадзеяў. У бел. фальклоры найб. пашыраны сюжэты пра кемлівую дзяўчыну, пра разбойнікаў.
Літ.:
Померанцева Э.В. Русская народная сказка. М., 1963. С. 87—93;
Дунаевська Л.Ф. До питання про тематичну і сюжетну структуру новелістичної казки // Вісн. Київського ун-ту. Укр. філологія. Київ, 1980. Внп. 22;
Яе ж. Про ідейно-художню структуру української народної новелістичної казки // Українське літературознавство. Львів, 1982. Вип. 39.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБА́РА РАДЗІВІ́Л (6.12.1520—8.5.1551),
каралева Польшчы і вял. княгіня ВКЛ (1550—51). Другая жонка Жыгімонта IIАўгуста. Дачка падчашага ВКЛ (пазней кашталяна віленскага і вял. гетмана ВКЛ) Юрыя Радзівіла. У 1537 аддадзена замуж па маёмасных меркаваннях за новагародскага (пазней трокскага) ваяводу Станіслава Гаштольда. Пасля яго смерці сышлася з Жыгімонтам Аўгустам (1543). Пачуцці вял. князя да Барбары Радзівіл імкнуліся выкарыстаць для ўзмацнення ўласных пазіцый яе брат Мікалай Радзівіл Руды і стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны. Пад іх націскам у 1547 у Вільні адбылося патаемнае вянчанне Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам. Пасля заняцця апошнім трона караля польскага (1548) супраць гэтага шлюбу выступілі шматлікая шляхта і магнаты, незадаволеныя ростам уплывовасці Радзівілаў і знявагай каралеўскай годнасці няроўным шлюбам. Рашуча супраць Барбары Радзівіл была настроена каралева польская і вял. княгіня ВКЛБона Сфорца. Сойм у Пётркаве (1548) выступаў за скасаванне шлюбу, але Жыгімонт Аўгуст дамогся яго афіц. прызнання, пагражаючы адрачэннем ад трона і заключыўшы саюз з Габсбургамі. Барбара Радзівіл была каранавана ў Кракаве 5.12.1550, але ў хуткім часе памерла. Пахавана ў Віленскім кафедральным саборы. Гісторыі рамантычнага кахання Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія маст. творы.
Барбара Радзівіл. Партрэт Лукаса Кранаха Старэйшага. Сярэдзіна 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАДКО́ВІЧЫ, Валадкевічы,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Радван». Верагодна, паходзяць ад шляхціца з Віленскага пав. Каспара Мікалаевіча Валадовіча, сыны якога Марцін і Рыгор у 1567 ставілі ў войска ВКЛ 2 коннікаў з маёнтка Геранёны Ашмянскага пав.; Марцін згадваецца і сярод шляхты Менскага пав.Найб. вядомыя:
Марцін (згадваецца ў 1567—82), пісар земскі, суддзя земскі і гараднічы менскі (1582). Меў сына Адама і дачку Палонію, якая была жонкаю кн. П.Друцкага-Горскага. Марцін, верагодна, сын Адама. Суддзя земскі менскі (1628). Крыштоф (1600 ? — 1670), пісар земскі менскі, ваявода новагародскі (1658). У 1645 другі шлюб узяў з княжной Альжбетай з роду Друцкіх-Саколінскіх (памерла ў 1653). Яго дачка Соф’я Канстанцыя ў 1652 выйшла замуж за маршалка ВКЛкн. А.Палубінскага. Марцін Казімір, гараднічы і падстароста менскі (1649). Яго нашчадкамі, напэўна, былі Валадковічы, якія ў 2-й пал. 17—18 ст. займалі розныя пасады ў Менскім пав. Магчыма, да гэтага роду адносіліся Валадковічы: Сенька, які ў канцы 15 — пач. 16 ст. служыў князям Мсціслаўскім і атрымаў ад іх вёскі Касмынічы і Філіпаўшчыну; Павел, які ў 1582 з сынам Васілём служыў удаве кн. Ю.Ю.Слуцкага Кацярыне з Тэнчынскіх; Рыгор, полацкі шляхціц, згадваецца ў 1582; Дзям’ян (памёр да 1582), жонкай якога была Палонія Лядская. У Жамойціі існаваў род Валадковічаў герба «Лебедзь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЕ КНЯ́СТВА (да канца 15 ст. — Гарадзецкае княства),
феадальная адм.-тэр. адзінка ў 14—16 ст. у ВКЛ у нізоўях р. Гарынь. Цэнтр — Давыд-Гарадок (Гарадок). Вядома з 1382, калі дачка вял.кн.літ. Альгерда Марыя выйшла замуж за князя Давыда Дзмітрыевіча Гарадзецкага. Каля 1390 у дакументах згадваюцца кн. Іван і Юрый Гарадзецкія, верагодна, мясц. Рурыкавічы, нашчадкі Ізяславічаў. Да 1440 княствам валодаў кн. Мітка Давыдавіч, сын Давыда Дзмітрыевіча. Потым вял.кн. Казімір аддаў яго кн. Свідрыгайлу, а пасля яго смерці ў 1452 — ўдаве Ганне Іванаўне з роду цвярскіх князёў (памерла да 1486). Каля 1492 Казімір падараваў Давыд-Гарадоцкае княства выхадцу з Расіі кн. Івану Васілевічу Яраславічу, а пасля яго смерці (1507) яно адышло да сына Фёдара (памёр у 1521 або 1522). Як вымарачнае ўладанне належала вял.кн. Жыгімонту Старому, які ў 1522 перадаў яго сваёй жонцы Боне Сфорцы. З таго часу Давыд-Гарадоцкае княства — састаўная частка Пінскага княства. У 1554 у Давыд-Гарадоцкім княстве праведзена валочная памера. З 1556 яно пад кіраваннем велікакняжацкай адміністрацыі. У 1558 вял.кн. Жыгімонт Аўгуст перадаў яго кн. Радзівілам (адпаведная грамата выдадзена ў 1551), якія замест Давыд-Гарадоцкага княства і Клецкага княства ўтварылі ў 1586 Клецкую ардынацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІЯ,
княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ. Вялі радаслоўную ад вял. князя Альгерда, які ў дакументах 1366 пазначаны як уладар г.Кобрын. Верагодна, Кобрын перайшоў да яго сына Фёдара Ратненскага, які меў сыноў Гурку, Сангушку (родапачынальнік князёў Сангушкаў) і Рамана — родапачынальніка князёў К.
Раман Фёдаравіч (? — пасля 1417) упамінаецца ў дакументах з 1387. У 1404 вял. князь Вітаўт выдаў яму грамату на валоданне Кобрынам і навакольнымі маёнткамі (Грушава, Несухаіжы і інш.; гл.Кобрынскае княства); у 1411—17 пры двары польск. караля Ягайлы. Сямён Раманавіч (7 — каля 1460), сын Рамана Фёдаравіча. У 1431 дапамагаў вял. князю Свідрыгайлу бараніць Луцк ад войск Ягайлы. Іван Сямёнавіч (? — каля 1490), сын Сямёна Раманавіча. Зрабіў шмат наданняў цэрквам Кобрыншчыны, у 1473 — царкве Божага Нараджэння ў Пружанах. Апошні мужчынскі прадстаўнік роду К. Пасля яго смерці Кобрынскае княства пакінута яго ўдаве Фядоры Іванаўне з роду Рагацінскіх. Марыя Сямёнаўна (? — каля 1510), дачка Сямёна Раманавіча, жонка маскоўскага князя Івана Васілевіча Краснага. Ганна Сямёнаўна (? — люты або сак. 1519), дачка Сямёна Раманавіча. У 1481 выдадзена замуж за князя Фёдара Уладзіміравіча Бельскага, які ўцёк у Маск. дзяржаву з-за выкрыцця яго ўдзелу ў змове супраць Казіміра IV. Да 1512 трымала Кобрынскае княства, якое пасля яе смерці перайшло да мужа.