Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЧЫСЛА́Ў,
князь полацкі ў 1230-я г. Жыў у Віцебску, выдаў сваю дачку замуж за наўгародскага кн. Аляксандра Яраславіча (Неўскага). Вяселлі адбыліся ў 1239 у Таропцы і Ноўгарадзе. Гісторыкі лічаць Брачыслава апошнім прадстаўніком дынастыі полацкіх Ізяславічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬКА СВЯТАСЛА́ВІЧ,
полацкі князь 12 ст. Сын Святаслава Усяславіча, брат Прадславы (Ефрасінні Полацкай). Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1132, калі полацкае веча прагнала навязанага Полацку кн. Святаполка Мсціславіча і выбрала Васільку Святаславіча на трон. З імем Васількі Святаславіча звязана ўсталяванне ў Полацку прынцыпу выбарнасці князя вечам. У 1143 выдаў дачку Марыю замуж за Святаслава Усеваладавіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВІРА́Т (ад лац. levir дзевер),
шлюбны звычай, паводле якога ўдава была абавязана або мела права выйсці замуж за брата свайго памерлага мужа. Быў пашыраны ў многіх народаў у эпоху радавога ладу як перажытак групавога шлюбу. У перыяд распаду радавога ладу і ў класавым грамадстве доўгі час захоўваўся ў некаторых народаў Каўказа, Сярэдняй Азіі, у яўрэяў і інш. Захаванню Л. садзейнічаў звычай калыму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́Я ВАСІ́ЛЬКАЎНА (12 ст.),
князёўна, дачка полацкага кн.Васількі Святаславіча, пляменніца Ефрасінні Полацкай, праўнучка Усяслава Брачыславіча. У 1143 аддадзена замуж за Святаслава Усеваладавіча, князя чарнігаўскага, ноўгарад-северскага, вял.кн. кіеўскага (з 1177). Аказвала на мужа вял. ўплыў як пастаянная дарадчыца ў справах палітыкі. Паводле летапісу, паход 1180 Святаслаў «сдумав с княгинею своею». Выступала за стабільнасць адносін паміж Кіевам і Полацкам. Аўдавела ў 1194.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬДО́НА (Ганна; 1309 ці 1310 — 26.5.1339),
дачка вял. князя ВКЛГедзіміна. У 1325 (паводле інш. звестак 1323) аддадзена замуж за сына польск. караля Уладзіслава I Лакеткі Казіміра (з 1333 польскі кароль Казімір III). Гэты дынастычны шлюб быў заключаны дзеля ўмацавання саюзу паміж ВКЛ Польшчай з мэтаю сумеснай барацьбы супраць Тэўтонскага ордэна. Вынікам збліжэння дзяржаў стаў сумесны паспяховы паход на Брандэнбург 1326 на чале з кн.Давыдам Гарадзенскім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНАІ́ДЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі 50 дачок аргоскага цара Даная. Супраць сваёй волі і волі бацькі яны павінны былі выйсці замуж за стрыечных братоў. Д. ўцяклі з бацькам у Аргас, але юнакі іх дагналі. Данай вымушаны быў згадзіцца на шлюб, але дочкам загадаў забіць жаніхоў у шлюбную ноч. Усе, акрамя Гіпермнестры, зрабілі гэта. У пакаранне Д. павінны былі ў Аідзе вечна напаўняць вадой бяздонную бочку. У пераносным сэнсе «бочка Д.» ці «работа Д.» — бессэнсоўная і бясконцая праца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНДО́РА (грэч. Pandōra усім адораная),
у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчына, створаная Гефестам па волі Зеўса з зямлі і вады ў якасці пакарання людзям за ўчынак Праметэя, які ўкраў для іх агонь з неба. Паводле міфаў, Афрадыта адарыла П. незвычайнай прыгажосцю, Гермес — спрытным розумам, хітрасцю і каварствам, Афіна — прыгожым адзеннем. Зеўс аддаў П. замуж за брата Праметэя, якому падараваў скрыню з чалавечымі заганамі. Нягледзячы на забарону, цікаўная П. адчыніла скрыню і выпусціла на волю ўсе заганы, ад якіх з таго часу пакутуе чалавецтва. Адсюль выраз «адчыніць скрыню Пандоры» — неабачлівым учынкам выклікаць шматлікія бедствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н VIКантакузін
(Iōannēs; каля 1293, Канстанцінопаль — 15.6.1383),
імператар Візант імперыі [1341—54]. Пры Андроніку III Палеалогу [1328—41] галоўнакаманд. імператарскімі войскамі. З 1341 рэгент пры непаўналетнім Іаане V Палеалогу, узначаліў паўстанне супраць яго і ў кастр. 1341 абвешчаны імператарам. У 1347 з дапамогай туркаў захапіў Канстанцінопаль, зрабіў Іаана V суправіцелем і выдаў замуж за яго сваю дачку. У 1349 задушыў паўстанне зілотаў. На працягу свайго праўлення вёў беспаспяховыя войны, у выніку якіх зах. вобласці імперыі захапілі сербы, усх. — туркі, на астравах панавалі генуэзцы і венецыянцы. Усеагульная незадаволенасць яго ўнутр. і знешняй палітыкай прымусіла адрачыся ад трона (1354) і прыняць пострыг. У манастыры напісаў «Гісторыю» (ахоплівае падзеі 1320—56), каштоўную багатым фактычным матэрыялам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНІ́ЦА,
1) апрацаваная шкурка куніцы, якая ў ВКЛ да 16 ст. выкарыстоўвалася як сродак плацяжу; агульная назва грошай.
2) Адзін з пашыраных відаў аброку (чыншу) у 15—17 ст., які плацілі кунічнікі за ўзятую ў арэнду зямлю, пчальнікі, права карыстання вадаёмамі і інш. Называлася таксама кунічная плата, кунічныя пенязі. Плата ў велікакняжацкі скарб за карыстанне мясц. насельніцтвам паляўнічымі ўгоддзямі на У Беларусі наз. кунічная даніна. К. спаганялася ў натуральным выглядзе («шэрсцю»), а з 16 ст. пералічвалася на грошы, звычайна адпавядала 12 грошам.
3) Плата нявесты-сялянкі, якая выходзіла замуж у чужую воласць. Выплачвалася грашамі, збожжам, палатном і інш. 4) Малаўжывальная назва валокі ў 16 ст.